Читатели «Патрыёта» активно пользуются возможностью задать вопрос нотариусу во время «прямых линий»

Правовая консультация

“Прамой лініяй” з натарыусам натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Жаннай Леанідаўнай КАВАЛЕНКА, што праходзіла ў рэдакцыі на мінулым тыдні, скарысталіся многія. Тэлефон практычна не змаўкаў, што з’яўляецца заканамерным: праз натарыят праходзяць жыццёва важныя пытанні, а людзі імкнуцца атрымаць бясплатную кансультацыю.

– Пасля смерці брата яго дзеці не прынялі спадчыну, прапусціўшы вызначаны тэрмін у 6 месяцаў. Я ж неабходныя дакументы падала і ўжо чакаю атрымання пасведчання аб сваім праве на спадчыну. Што будзе, калі племяннікі ўсё ж аб’явяцца і будуць прэтэндаваць на ўласнасць?

– Калі яны ў судовым парадку дакажуць, што прынялі спадчыну, ці адновяць тэрмін на яе прыняцце (напрыклад, у выпадку, калі на працягу 6 месяцаў не ведалі аб смерці бацькі ці не маглі па аб’ектыўных прычынах аформіць дакументы), то Вас як спадчынніка другой чаргі права на ўласнасць памерлага пазбавяць, атрыманае пасведчанне будзе лічыцца ў такім разе несапраўдным.

– Мая мама – інвалід І групы, мае патрэбу ў набыцці падгузнікаў. Адрасную дзяржаўную дапамогу на гэтыя мэты аказвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Вось толькі для таго, каб афармляць дакументы і атрымліваць адпаведныя выплаты, мне патрабуецца натарыяльна завераная даверанасць ад мацi, а яна ў мяне ляжачая. Ці можна аформіць даверанасць на доме?

– Канечне, можна. Прычым, незалежна ад наяўнасці ў грамадзяніна ўважлівых прычын: калі раней зрабіць гэта маглі выключна грамадзяне з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата, то цяпер – любы жадаючы. Для выкліку спецыяліста неабходна патэлефанаваць у натарыяльную кантору, узгадніць дзень і час візіту, потым – аплаціць у банку кошт паслугі за выклік (на сённяшні дзень – 1 базавая велічыня, ці 23 рублі), а таксама кошт правядзення неабходных натарыяльных дзеянняў. Трэба мець на ўвазе, што да месца натарыус можа дабірацца як на грамадскім (у межах аднаго прыпынку), так і на транспарце кліента. Грашовыя выдаткі кладуцца на плечы кліента. У Вашым канкрэтным выпадку спецыяліст загадзя ўдакладніць стан здароўя мамы: ці можа яна самастойна чытаць, пісаць – магчыма, для афармлення дакументаў спатрэбіцца прысутнасць сведкі.

– У банку маю дэпазітны рахунак. Ці змогуць унукі ў выпадку маёй смерці зняць гэтыя грошы?

– Так, зрабіць гэта можна па праве прадстаўлення (калі Ваш сын ці дачка – іх тата ці мама – ужо памерлі). Зрэшты, у банку можна ўласнаручна напісаць спадчыннае распараджэнне і чалавек, указаны ў дакуменце, на працягу 6 месяцаў пасля смерці ўладальніка рахунку зможа прэтэндаваць на дэпазіт i атрымаць суму, якая не перавышае 100 базавых велічынь. Усё, што застанецца звыш яе, трэба будзе аформiць, звярнуўшыся да натарыуса.

– Хачу падарыць свой дом, у якім пражываю разам з жонкай, дачцэ. Падкажыце, калі ласка, якія для гэтага спатрэбяцца дакументы?

– Калі названая Вамі маёмасць будавалася ці набывалася ў шлюбе, на афармленне дагавору дарэння патрэбна згода жонкі. Пры яе наяўнасці дастаткова прадставіць у натарыяльную кантору дакументы аб рэгістрацыі дома і зямельнага ўчастка, вашы з жонкай i дачкой пашпарты, пасведчанні аб заключэнні шлюбу, нараджэннi дачкi i яе шлюбе. Астатнія дакументы – выпіску з арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці (БТІ) на дом; даведку з сельвыканкама аб тым, хто там зарэгістраваны (прапiсаны) – натарыус можа самастойна запытаць у адпаведных службах пасля Вашага звароту ў кантору. Кошт афармлення дагавору дарэння складае зараз каля 70 рублёў. Пенсiянеры, інваліды І ці ІІ груп маюць ільготы.

– А калі вырашу скласці завяшчанне?

– Спатрэбяцца пашпарт, пенсійнае пасведчанне або дакумент аб інваліднасці І ці ІІ груп (пры наяўнасці) – у гэтым выпадку кошт завяшчання складзе 0,5 базавай велічыні, ці 11 рублёў 50 капеек. Трэба звярнуць увагу на тое, што ў выпадку, калі пісаць завяшчанне Вы будзеце не ўласнаручна, спатрэбіцца наяўнасць сведкі. Гэты чалавек не павінен знаходзіцца ў сваяцкіх адносінах ні з Вамі, ні з асобай, на чыю карысць складаеце завяшчанне, і, вядома ж, мець пры сабе пашпарт. У такім разе дадаткова трэба будзе аплаціць 4 рублі 60 капеек.

– З былым мужам пабудавалі кватэру, якая аформлена на яго імя, крэдыт ужо пагасілі. Зараз ён жыве з другой жанчынай. Хвалююся, што ў выпадку яго жаніцьбы, а потым смерці тая будзе прэтэндаваць на ўсю нерухомасць. Як гэтага пазбегнуць?

– Вам з мужам раю прыйсці ў натарыяльную кантору для вызначэння доляў у кватэры. На Ваша імя будзе выдадзена пасведчанне на права ўласнасці. З ім потым трэба будзе звярнуцца да рэгістратара нерухомасці, які зробiць дзяржрэгiстрацыю долi кватэры на Ваша імя. Зрэшты, гэта не абавязкова павінна быць палова памяшкання – памеры доляў Вы з былым мужам можаце вызначаць па дамоўленасці.

– Не так даўно памёр бацька. Жыву ў іншай вобласці і зараз не маю магчымасці даведацца, ці заводзілася спадчынная справа. Чуў, што гэта можна зрабіць праз інтэрнэт…

– Сапраўды, з 1 студзеня бягучага года скарыстацца падобнай паслугай можна на сайце Беларускай натарыяльнай палаты: www.belnotary.by. Увёўшы даныя (прозвішча, імя, імя па бацьку памерлага, дату яго смерці) у раздзеле “Пошук адкрытых спадчынных спраў”, сістэма выдасць інфармацыю пра тое, у якога натарыуса знаходзіцца разглядаемая справа і па якім адрасе.

– Маю ў Полацку кватэру. Былая жонка, якая там пражывае, просіць ад мяне даверанасць на заключэнне дагавору страхавання. Ці зможа яна выкарыстаць гэты дакумент яшчэ як-небудзь? Не хацелася б застацца без сваёй долі…

– Хваляванні гэтыя – дарэмныя: узгаданы дакумент ніякіх дадатковых магчымасцяў былой жонцы не дасць. Для афармлення такой даверанасці Вам спатрэбяцца толькі пашпарт і пенсійнае пасведчанне (калі дасягнулі пенсійнага ўзросту), пашпартныя даныя таго, каму даяце даверанасць.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *