В 2016 году 13 ушачан совершили самоубийство. Что толкает людей на такой шаг?

Выясняем ситуацию Демография Здравоохранение

Пайсці з жыцця па ўласным жаданні… Здаецца, што можа быць больш абсурдным? Аднак, напэўна, кожны з нас сутыкаўся з такімі прыкладамі – калі не ва ўласнай сям’і, дык сярод знаёмых, суседзяў. Ледзянячыя душу гісторыі пра суіцыд ледзь не штодня даводзіцца чытаць на стужках інфармацыйных агенцтваў. Беларусь належыць да краін з высокай колькасцю самазабойстваў – у нас дабравольна зыходзяць з жыцця каля 2000 чалавек штогод. Пры гэтым самагубства з’яўляецца самай распаўсюджанай смерцю ад знешніх прычын, перавышаючы нават колькасць загінуўшых у ДТЗ. На жаль, важкі ўклад у гэтую сумную лічбу ўносіць і наш раён: у 2016 годзе 13 ушачан не знайшлі для сябе іншага выйсця, як дачасна скончыць свой жыццёвы шлях.

Якія прычыны падштурхоўваюць людзей да гэтага кроку? Ці магчыма спыніць таго, хто задумаў нядобрае? Як чалавеку спраўляцца з унутранымі суіцыдальнымі заклікамі? Гэтыя і іншыя пытанні мы абмеркавалі ў час размовы з урачом-псіхіятрам Ушацкай ЦРБ Тамарай Іванаўнай Жылко.

Моцны пол не апраўдвае назву

Але спачатку – яшчэ крыху статыстыкі. У адпаведнасці з ёй, большая частка айчынных самагубцаў жывуць у сельскай мясцовасці і маленькіх гарадках. Пры гэтым мужчыны накладаюць на сябе рукі ў 4-5 разоў часцей, чым жанчыны. У нашым раёне гэты паказчык летась быў яшчэ большы: на 11 самагубцаў моцнага полу прыйшлося 2 ушачанкі. Абумоўлена гэта і тым, што менавіта сярод мужчын больш прадстаўнікоў асаблівай групы рызыкі – хранічных алкаголікаў. Яшчэ адной небяспечнай катэгорыяй з’яўляюцца людзі з псіхічнымі захворваннямі: 4 з добраахвотна пайшоўшых летась з жыцця ўшачаніны стаялі на адпаведным уліку. На шчасце, не было ў мінулым годзе ў нашым раёне непаўналетніх, якія б спрабавалі пайсці з жыцця. А вось у суседнім Полацкім мінулай восенню адбыўся жахлівы выпадак, калі адзін за адным здзейснілі самазабойства два браты, малодшаму з якіх было 17 год.

Павышаецца верагоднасць суіцыду ў пажылым узросце: 5 з 11 ушацкіх самагубцаў былі пенсіянерамі. І гэта зразумела, бо ў старасці на чалавека навальваюцца цяжкія хваробы, і некаторыя такім горкім спосабам імкнуцца пазбавіць ад пакут сябе і блізкіх.

Прычын шмат

Шчыра кажучы, лічыла апошнюю з названых вышэй прычын суіцыдаў адной з самых распаўсюджаных, аднак Т.І.Жылко сцвярджае, што яна – далёка не на вяршыні “рэйтынгу”. Так, 60 працэнтаў самагубцаў пры жыцці актыўна ўжывалі алкаголь, наркатычныя рэчывы, больш паловы – знаходзіліся ў дэпрэсіі ці мелі душэўныя хваробы. Таксама сярод прычын, якія штурхаюць людзей да бездані, – страх перад пакараннем, страта работы ці вучобы, развод, няшчаснае каханне, сямейныя канфлікты, фінансавыя праблемы, помста і нават адзінота – людзі, што маюць сям’ю, здзяйсняюць суіцыд у тры разы радзей. Адным словам, прычыны самагубства могуць быць самыя розныя. І зусім неабавязкова людзі, якія пайшлі з жыцця такім чынам, падвяргаліся большым стрэсам, чым іншыя: проста яны мелі пэўную паталогію асобы, якая не дазваляла ім спраўляцца з жыццёвымі праблемамі.

Міфы і факты

– Напэўна, самы распаўсюджаны з міфаў наконт самагубцаў – што той, хто публічна пагражае здзейсніць суіцыд, гэтага не зробіць, – расказвае Т.І.Жылко. – Насамрэч 4 з 5 будучых самагубцаў падаюць сігналы аб сваім намеры, аднак часта іх не чуюць ці не ўспрымаюць усур’ёз. Пацвяр­джэнне гэтаму – выпадкі, што адбыліся не так даўно ў нашым раёне. Пажылы мужчына неаднойчы прапаноўваў сваёй жонцы разам пайсці з жыцця. Тая расказвала пра гэта родным, аднак ніхто значнай увагі яго словам не надаў. А неўзабаве гаспадар здзейсніў сваю пагрозу – скончыў жыццё самагубствам, папярэдне забіўшы жонку. Агучвала думкі пра суіцыд падчас сямейных канфліктаў і маладая жанчына, маці двух дзяцей – аднак яе таксама своечасова не пачулі…

Яшчэ адзін распаўсюджаны міф – што пытанне наконт магчымага самагубства, зададзенае чалавеку, можа справакаваць яго да гэтага дзеяння. Аднак часцей патэнцыяльны самагубца адчувае аблягчэнне ад таго, што нехта цікавіцца яго станам, гэта зніжае ўзровень яго трывогі і ўнутранага напружання.

Чакаюць, што іх спыняць

Многія самагубцы, задумваючы нядобрае, падспудна чакаюць, што іх спыняць: як гэта ні парадаксальна, яны не хочуць жыць, але і не хочуць паміраць. У падобных сітуацыях часта адбываюцца так званыя парасуіцыды – несмяротныя наўмысныя пашкоджанні арганізму (напрыклад, шляхам перадазіроўкі прэпаратаў, перарэзвання вен). У мінулым годзе былі такія выпадкі і ў нашым раёне: зарэгістравана 4 парасуіцыды, трое са спрабаваўшых развітацца з жыццём прайшлі потым спецыяльны рэабілітацыйны курс.

Адметна, што такія “нестапрацэнтныя” спосабы зыходу з жыцця часта выбіраюць жанчыны – у тым ліку і таму, што перажываюць, як будуць выглядаць у труне. А вось мужчыны аддаюць перавагу павешанню. Зрэшты, менавіта такім чынам пайшлі з жыцця ўсе ахвяры суіцыду ў нашым раёне ў мінулым годзе.

Што павінна насцярожыць?

Ці могуць тыя, хто знаходзіцца побач, перашкодзіць самагубцу ажыццявіць свой намер?

– Могуць, і ў даволі вялікай колькасці выпадкаў, – сцвярджае Тамара Іванаўна. – Але для гэтага трэба своечасова адчуць небяспеку. Вось некалькі асаблівасцяў у паводзінах, якія павінны насцярожыць: чалавек становіцца замкнёным, уходзіць у сябе, пазбягаючы нават сяброў; яго настрой пастаянна вагаецца ад узбуджэння да ўпадку, узнікаюць успышкі агрэсіўнасці, раздражнёнасці, дэпрэсіўныя праяўленні; знікае ці, наадварот, успыхвае апетыт; ну і, канечне, вельмі ўважліва варта сачыць за паводзінамі асобы, якая атрымала псіхалагічную траўму.

Іншы раз самагубцы загадзя рыхтуюцца да фатальнага кроку: пачынаюць раздорваць рэчы, набываюць адзенне “у труну”, а некаторыя нават мыюцца, каб “зменшыць рытуальныя клопаты” для блізкіх (менавіта так паступіў у нядаўнім выпадку жыхар райцэнтра, пайшоўшы ў лазню, перш чым палезці ў пятлю).

Вядома ж, думкі патэнцыяльнага самагубцы не прачытаеш. Але калі ў вас з’явіліся нават невялікія падазрэнні, абавязкова паспрабуйце пагаварыць з чалавекам, прапанаваць яму дапамогу. Хочацца нагадаць, што ва Ушацкай ЦРБ працуюць тэлефоны даверу, аказання ананімнай наркалагічнай і псіхалагічнай дапамогі – іх нумары: 2-03-44 (у працоўны час) і 2-75-57 (у непрацоўны). Іншы раз чалавек проста не ведае, што яго праблему можна вырашыць, а часам нават звычайная гутарка з добразычлівым і неабыякавым суразмоўцам можа ўтрымаць ад непапраўнага кроку.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *