В Ушачах прошло торжественное мероприятие, посвящённое 100-летию белорусской милиции

К профессиональному празднику

Гэты дзень у гісторыі Беларусі асаблівы. У мінулую суботу, 4 сакавіка, споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння міліцыі. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілею ведамства прайшлі па ўсёй краіне. Не абмінулі яны і Ушаччыну, стаўшы знакавай падзеяй не толькі для ветэранаў праваахоўных органаў, асабовага складу РАУС, членаў іх сямей, але і ўсёй грамадскасці раёна.

Вітаючы прысутных, выконваючы абавязкі начальніка РАУС А.У.Андросаў адзначыў, што галоўнай задачай супрацоўнікаў міліцыі ва ўсе часы была абарона жыцця, здароўя і маёмасці грамадзян. Датычыцца гэта і Ушацкага РАУС, які па праве знаходзіцца сярод лепшых у вобласці, не раз яго супрацоўнікі адзначаліся ўзнагародамі рознага ўзроўню.

– Важным складальнікам паспяховай службы з’яўляецца падтрымка раённай улады, цеснае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, – адзначыў у сваёй прамове Аляксей Уладзіміравіч. – Дзякую ўсім работнікам аддзела міліцыі, былым і сённяшнім, за вернасць даручанай справе.

Са словамі віншаванняў да ўшацкіх міліцыянераў звярнуліся ў гэты вечар старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Падзякаваўшы ўсім за годную службу, яны нагадалі пра тое, што з году ў год абнаўляецца будынак райаддзела, папаўняецца аўтапарк. А галоўнае – людзі давяраюць ушацкім праваахоўнікам, моладзь ахвотна паступае ў навучальныя ўстановы МУС. Пад гучныя апладысменты прысутных супрацоўнікам РАУС М.Л.Гаўрылюку і Д.А.Шарыпенку былі аб’яўлены Падзякі старшыні Ушацкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

Ну і які ж юбілей без падарункаў? Ад Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру працоўнаму калектыву РАУС Вольга Мікалаеўна ўручыла сучасны брашуратар, які стаў выдатным дапаўненнем да Падзякі ад узгаданага грамадскага аб’яднання. “Дастойна несці свой крыж” пажадаў праваахоўнікам благачынны Ушацкага раёна, протаіерэй Вячаслаў Лобец.

У гэты вечар было шмат успамінаў, добрых слоў пра нялёгкую, але пачэсную міліцэйскую службу і людзей, для якіх яна стала прызваннем. Дарэчы, многія з іх падчас урачыстасці атрымалі высокія ўзнагароды. Так, медалём “100 год міліцыі Беларусі” ўзнагароджаны памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Аляксей Уладзіміравіч Мялешка і міліцыянер-вадзіцель Андрэй Уладзіміравіч Дрозд. Нагрудны знак “За самаадданую службу” ІІ ступені атрымалі оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандр Алегавіч Булыкін і памочнік дзяжурнага АДС Сяргей Міхайлавіч Сабін, нагрудны знак “Віцебская міліцыя” – участковы інспектар міліцыі Уладзімір Васільевіч Ляхоўскі. Шмат было ўзнагарод і абласнога ўзроўню. Так, грамата УУС уручана інспектару крымінальна-выканаўчай інспекцыі Мікалаю Віктаравічу Баратынскаму, якому да таго ж прысвоена кваліфікацыя “Спецыяліст ІІІ класа”. Падзяка начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена старшаму інспектару-дзяжурнаму АДС Віктару Пятровічу Обуху і старшаму інспектару групы інфармацыйнага забеспячэння Марыі Аляксандраўне Дудзінай. Начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама В.С.Сянько накіраваў Ліст падзякі за годнае выхаванне сына бацькам участковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Дзмітрыя Гардзіёнка – Марыі Іванаўне і Васілю Іванавічу.

Не першы год жыве ў аддзеле традыцыя захоўваць вопыт старэйшых пакаленняў, перадаваць яго маладым супрацоўнікам. Дзеля гэтага працуе ветэранская арганізацыя, якую ўзначальвае зараз былы начальнік РАУС С.А.Алабін. Падчас мерапрыемства Сяргей Аляксандравіч уручыў Лісты падзякі сваім колішнім калегам, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС, – Міхаілу Эвальдавічу Плікату і Дзмітрыю Леанідавічу Клачку. Зрэшты, і раённы савет ветэранаў з нядаўняга часу працуе пад началам былога начальніка аддзела ўнутраных спраў Уладзіміра Уладзіміравіча Шкіндзера. Міліцыянеры-пенсіянеры пасля выхаду ў адстаўку, як правіла, не застаюцца без справы. І ў якой бы сферы яны не працавалі, іх цэняць, ім давяраюць.

Віншаванні супрацоўнікам, аповеды пра гісторыю кожнай службы перамяжоўваліся з канцэртнымі нумарамі. Добры настрой віноўнікам урачыстасці падарылі работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, школы мастацтваў. Юбілейны вечар атрымаўся па-сямейнаму ўтульным і шчырым.

– Я проста не магла прапусціць такое знакавае для Ушаччыны і ўсёй краіны мерапрыемства, – пасля заканчэння імпрэзы падзялілася Валянціна Андрэеўна Лабецкая. – Нягледзячы на ўзрост (мне ўжо 84), знайшла сілы, каб прыйсці і раздзяліць святочны настрой са сваёй унучкай, намеснікам начальніка РАУС Святланай Іванаўнай Ціханёнак. Зрэшты, службе ў органах унутраных спраў прысвяцілі жыццё яшчэ трое маіх унукаў, што працуюць у Полацку і Маскве. А зараз у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь атрымлівае міліцэйскую спецыяльнасць мой праўнук. Так што ў спакойнай будучыні краіны ніколькі не сумняваюся!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *