В поликлинику лучше ходить во второй половине дня. Главврач Ушачской ЦРБ ответил на вопросы читателей во время «прямой линии»

Зваротная сувязь Здравоохранение

На “прамую лінію”, якую праводзіў на мінулым тыдні з чытачамі газеты галоўны ўрач Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Анатольевіч Маісееў, тэлефанаванняў паступіла нямнога. Тым не менш, пачуць адказы на ўзнятыя пытанні і праблемы, думаецца, будзе карысна многім.

– Днямі ўзяла талончык да кардыёлага на 11.45, аднак трапіць на прыём з-за наяўнасці “жывой” чаргі змагла толькі ў 14.00 (высвятляць адносіны пад кабінетам, “ціснуцца” раней за астатніх не ў маіх правілах). І гэта не адзінкавы такі выпадак. Не зусім зразумела, навошта тады талоны…

– Шчыра кажучы, нараканні на талонную сістэму прыёму пацыентаў чую ўпершыню. Калі Вы з Ушач ці з блізкага населенага пункта, парэкамендаваў бы наведваць паліклініку пасля абедзеннага перапынку: у гэты час тут звычайна практычна няма пацыентаў. І, канечне, трэба прытрымлівацца нумарацыі талонаў.

Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна. Калі ёсць такая магчымасць, перанясіце візіт да доктара ў паліклініцы на другую палову дня (прычыну ўжо растлумачыў). А ў выпадку дрэннага самаадчування ці асаблівасцей захворвання не геройствуйце – выклікайце ўрача на дом. Толькі ў такім разе нашы з вамі зносіны будуць максімальна камфортнымі і зручнымі. Нагадаю таксама аб магчымасці запісацца на прыём да спецыялістаў нашай службы праз электронную сістэму.

– У маці выяўлена хвароба Паркінсона. Хацелі б “пракапаць” яе для стабілізацыі самаадчування. З чаго нам пачаць, каб гэта зрабіць?

– Звярнуцца да лечачага ўрача і пракансультавацца з ім. Кропельніцы – гэта адна з форм лячэння, неабходнасць якой, улічваючы ўсе нюансы захворвання, можа вызначыць толькі спецыяліст. Калі ж доктар, сапраўды, параіць кропельніцы, варта будзе падумаць пра шпіталізацыю Вашай мамы ці наведванне ёй стацыянара (дома такую працэдуру, вядома, рабіць нельга).

– Збіраюся забраць пажылую маму да сябе ва Ушачы. Прапіска (рэгістрацыя) ў яе не мясцовая, ці ўзнікнуць у такім выпадку праблемы з медыцынскім абслугоўваннем мамы ў раённай бальніцы?

– Не ўзнікнуць. Неадкладная меддапамога гарантавана абсалютна кожнаму чалавеку. Калі ж Ваша мама будзе пастаянна пражываць на тэрыторыі раёна (незалежна ад месца рэгістрацыі), для паўнацэннага абслугоўвання з завядзеннем медыцынскай карткі варта напісаць адпаведную заяву на імя галоўнага ўрача бальніцы.

– Чула, што ў выпадку лячэння зубоў у платным кабінеце на пломбы даецца гадавая гарантыя…

– У дагаворы на аказанне платных паслуг, які пацыент падпісвае ў кабінеце стаматолага, указваюцца ўсе нюансы працэдуры і гарантыі. Што ж датычыцца тэрмінаў, то яны могуць быць рознымі – у залежнасці ад стану зубоў і праведзеных з імі маніпуляцый. Удакладніць такую інфармацыю раю непасрэдна ў доктара.

– А ці прадугледжаны пры аказанні платных стаматалагічных паслуг якія-небудзь скідкі для пенсіянераў?

– Пэўныя магчымасці зэканоміць на кошце такіх паслуг, сапраўды, можна, прычым, незалежна ад узросту. Для пламбіроўкі зуба, напрыклад, могуць выкарыстоўвацца як платныя, так і бясплатныя матэрыялы.

– У нашай вёсцы Ліпаўкі пражываюць у асноўным людзі пажылога ўзросту, якім час ад часу патрэбны кваліфікаваны медыцынскі агляд. Да нас медыкі заходзяць не часта, а даехаць да Ушач атрымліваецца не ва ўсіх…

– Згодна з распрацаваным планам, агляд кожнага жыхара раёна праводзіцца мінімум двойчы ў год. Калі Вы самастойна наведвалі бальніцу, аглядаліся спецыялістамі, магчыма, канкрэтна ў Ваш дом нашы супрацоўнікі і не зайшлі. У любым выпадку дзякую за зварот, гэтае пытанне будзем трымаць на кантролі.

– Дзякуй за тлумачэнні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *