«Прямая линия», посвящённая вопросам ЖКХ, традиционно выдалась «горячей»

Зваротная сувязь

Гадзіна, адведзеная на прамую лінію з дырэктарам прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі С.Б.Завадскім, выдалася традыцыйна “гарачай”. Да службы, якая адказвае за столькі жыццёва важных накірункаў, заўсёды паступаюць пытанні.

Адразу некалькі з іх было ад жыхароў шматкватэрных дамоў па вуліцы Дзяржынскага, якія прасілі перанесці ў іншае месца кантэйнеры для смецця. Просьба зусім няпростая ў вырашэнні, паколькі адных, у каго кантэйнеры не  пад самымі вокнамі, іх становішча задавальняе, бо не трэба далёка насіць смецце. А вось тыя, для каго ёмістасці для смецця знаходзяцца бліжэй, у прамым сэнсе адчуваюць непажаданае суседства, асабліва ўлетку. Прапаноўвалі нават іншыя месцы для пераносу бакаў – да былога магазіна. Станіслаў Браніславіч, як і абяцаў, выехаў на Дзяржынскага, каб адшукаць аптымальны варыянт, і на гэтым тыдні кантэйнеры пераехалі на новае месца.

В.П.Собаль з таго ж мікрараёна прасіў разабрацца з разлікамі за вулічнае асвятленне, а Н.М.Чарняўская з вуліцы Горкага – падсыпаць дарогу і адрамантаваць трубу, якая не прапускае ваду. Жыхары чацвёртага пад’езда па вуліцы Ленінскай,16 скардзіліся на непрацуючы змеявік: даводзіцца зліваць ваду, пакуль пойдзе гарачая, а вось з даху на лесвічную пляцоўку вада трапляла пасля раставання снегу. Да рамонту даху супрацоўнікі камунгаса ўжо прыступілі, акрамя таго Станіслаў Браніслававіч паведаміў, што калі на гэта выдзеляць сродкі, то на 2018 год на Ленінскай,16 запланавана замена даху на скатны. Ліквідавалі ўжо камунальнікі і месца працякання даху інтэрната ў вёсцы Градзянец.

Жыхарам з вуліцы Камсамольскай,4 дырэктар камунгаса растлумачыў, што трэба зрабіць, каб была задаволена іх просьба аб выдаленні дрэў, якія разрасліся і засцяць святло. Ссякаць дрэвы можна толькі пасля дазволу на гэта з боку райвыканкама, таму ў камунгас трэба падаць калектыўную заяўку з адпаведнай просьбай.

Інвалід першай групы Л.Л.Казак прасіла зрабіць пандус, каб ёй можна было спускацца з трэцяга паверха на вуліцу. А вось Т.Р.Галінская з Ленінскай,2 дзякавала камунгасу і асабіста майстру Н.М.Маковіч за тое, што ў кватэрах жыльцоў іх дома зімой заўсёды было цёпла. Таксама жанчына прасіла ўстанавіць у двары дома альтанку і выказала пажаданне, каб не толькі ў цэнтры, а па ўсім гарпасёлку было шмат розных прыгожых кветак.

Літаральна па ўсіх зваротах супрацоўнікі камунгаса выехалі на месца і прыступілі да ліквідацыі хібаў. Большасць праблем ужо знята, а тыя, якія патрабуюць грунтоўнага разгляду або значнага часу для выканання трымаюцца на кантролі і будуць вырашаны.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *