Ушачане воспользовались возможностью задать актуальные вопросы нотариусу во время «прямой линии»

Зваротная сувязь Правовая консультация

Ушачане як заўсёды актыўна скарысталіся “прамой тэлефоннай лініяй”, якую праводзіла натарыус Ушацкай натарыяльнай канторы Жанна Леанідаўна КАВАЛЕНКА. Знаёмім нашых чытачоў з адказамі на іх, паколькі хоць пытанні паступаюць прыватныя, адказы на іх з’яўляюцца прававой адукацыяй, карыснай для ўсіх грамадзян.

Набылі сыну кватэру, зараз ён збіраецца жаніцца. Калі не складзецца сямейнае жыццё, ці будзе жонка прэтэндаваць на нерухомасць?

– Асабістая маёмасць мужа або жонкі не дзеліцца, а застаецца за тым, каму і належала, нават калі яна атрымана і ў працэсе шлюбу, напрыклад, падорана бацькамі ці перайшла ў спадчыну. Жонка зможа прэтэндаваць на выплату часткі сродкаў, калі падчас сумеснага жыцця кватэра значна палепшыцца: правядуць капітальны рамонт. А вось калі нерухомасць будзе прададзена і набыта новая, гэта ўжо іх сумесная маёмасць і дзеліцца пароўну.

Нядаўна памёр брат, які пражываў у нашым бацькоўскім доме. Раней я не прэтэндавала на спадчыну, а зараз хацела б вярнуцца ў дарагое для мяне месца. Ці маю я права на нерухомасць?

– Толькі калі ў брата няма спадчыннікаў першай чаргі і ён не пісаў завяшчання. А паколькі ёсць дачка, то яна і мае першачарговае права на дом. У такіх выпадках лепш падстрахоўвацца і пасля смерці бацькоў пакідаць за сабой долю ў доме, а зараз вы можаце толькі дамаўляцца з пляменніцай. Яна ў праве адмовіцца ад спадчыны.

Я перадала аўтамабіль па даверанасці іншай асобе, а зараз атрымліваю “лісты шчасця”. Ці павінна я аплачваць штрафы?

– Па законе вы з’яўляецеся ўласніцай, таму і ў адказе за сваю маёмасць. Вам трэба напісаць заяву ў ДАІ, у якой паведаміць, што не вы кіравалі машынай, а таксама даныя чалавека, на якога выпісана даверанасць. Ён і павінен аплаціць штраф. Калі ж паўстануць нейкія праблемы, вам лепш ануляваць даверанасць, абавязкова паведаміўшы пра гэта таму, каму яна была дадзена.

Памёр былы муж, які быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Ці мае наш сын права на спадчыну?

– Канечне. Не можа прэтэндаваць на догляд, а таксама на спадчыну дзяцей асоба, якая пазбаўлялася бацькоўскіх правоў.

Муж памёр дваццаць год таму, а нядаўна – яго маці, якая мела кватэру ў Наваполацку. Ці магу я прэтэндаваць хоць на якую долю нерухомасці?

– Не, паколькі Вы нявестка, а спадчыннікамі першай чаргі з’яўляюцца дзеці, бацькі, муж або жонка. Аднак у дадзеным выпадку да іх адносяцца і вашы дзеці – унукі памерлай. Яны паміж сабой падзеляць тую частку кватэры, якая б належала вашаму мужу. Паколькі ён меў сястру, то – палову кватэры. Пры звароце ў натарыят (на працягу 6 месяцаў пасля смерці) неабходны дакументы, якія пацвярджаюць, што ваш муж з’яўляўся сынам памерлай і бацькам дзяцей: пасведчанні аб нараджэнні, смерці, шлюбе, калі мянялася прозвішча.

Маці атрымлівае пенсію праз банк, зараз знаходзіцца на лячэнні. Ці можа галоўны ўрач установы заверыць даверасць на права яе атрымання ці абавязкова неабходна звяртацца да натарыуса?

– Можа, адзінае “але”: той, хто дае даверанасць (ваша маці) павінны быць дзеяздольным.

– Не жывём з мужам ужо шмат гадоў, ці патрэбна яго згода пры продажы дачы, якую набылі ў шлюбе?

– Абавязкова, паколькі гэта ваша агульная ўласнасць. Нават калі ў пашпарце няма адзнакі аб шлюбе і вы ўтаіце пра гэта, то падведзяце пакупнікоў. Калі муж даведаецца аб продажы, то можа лёгка абскардзіць здзелку, яна будзе прызнана несапраўднай, і правы на дачу пяройдуць да яго.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *