Председатель правления Ушачского райпо Л.А.Долгая ответила на вопросы ушачан во время «прямой линии»

Зваротная сувязь

Тэма гандлёвага абслугоўвання актуальная заўсёды, адпаведна на “прамыя лініі”, якія датычацца дзейнасці Ушацкага райспажыўтаварыства, кожны раз паступаюць тэлефанаванні ад нашых чытачоў. Апошняя не стала выключэннем і за гадзіну старшыні праўлення асноўнай гандлёвай арганізацыі нашага раёна Ліліі Альбінаўне ДОЛГАЙ давялося даць адказы на некалькі пытанняў.

Жыхары вёскі Старынка скардзіліся, што днямі ім прыйшлося доўга чакаць прывозу малочнай прадукцыі: “Пасля выхадных хацелі купіць свежыя прадукты, чакалі аж да закрыцця магазіна! Спадзяёмся, што гэтаму былі аб’ектыўныя прычыны і такі графік завозу не ўвойдзе ў практыку”.

Як паведаміла Лілія Альбінаўна, малочная прадукцыя завозіцца ў Старынку два разы на тыдзень – у аўторак і пятніцу, а гандлёвая кропка працуе да трох гадзін. І сапраўды, як высветлілася, сітуацыя, на якую скардзіліся вяскоўцы, адбылася па тэхнічных прычынах: аўтамабіль, які ў гэты дзень развозіў тавары па ільюшынскай зоне, выйшаў са строю. “Малочка” была завезена ў названы магазін, але са спазненнем. “Будзем прыкладаць усе намаганні, каб падобных сітуацый не ўзнікала”, – заверыла старшыня.

Мужчыну цікавіла пытанне здачы бытавога металалому – ці могуць нарыхтоўшчыкі прыехаць на яго падворак і забраць, бо самому вывезці складана.

– На жаль, мы не маем такой магчымасці, – дала адказ Лілія Альбінаўна. – Работнікі райспажыўтаварыства не могуць выязджаць за металаломам да ўсіх жадаючых, грамадзяне павінны самі прывозіць адходы металаў у нарыхтоўчы пункт у гарпасёлку.

Наступнае пытанне датычылася набыцця тавараў у гандлёвых кропках райспажыўтаварыства: “Чула, што каб купіць якую-небудзь дарагую рэч, можна аформіць у банках крэдыт на спажывецкія тавары пад 0,01 працэнт. А яшчэ ў канцы месяца бываюць акцыі, калі дзейнічае скідка 15 працэнтаў ад рознічнага кошту тавару. А калі афармляеш крэдыт на тавар у перыяд дзеяння акцыі, 15-працэнтная скідка застаецца?”

Скарыстацца можна або крэдытам, або акцыйнай скідкай – Л.А.Долгая патлумачыла, што на акцыйныя тавары спажывецкі крэдыт не выдаецца, і нагадала, дзе і на які тэрмін яго можна атрымаць:

– Купіць дарагую рэч або некалькі адным плацяжом, канечне, многім складана, а таму ўшачане карыстаюцца прыгаданай магчымасцю. Тэрмін жа, на які выдаецца крэдыт на набыццё тавараў у нашых магазінах, залежыць ад кошту пакупкі, плацежаздольнасці грамадзяніна: у “Бел­аграпрамбанку” ён выдаецца на 4, 6 і 10 месяцаў, у “Беларусбанку” – ад трох месяцаў да года.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *