Председатель Ушачского райисполкома В.В.Родич провёл «прямую линию» с жителями района

Ваш вопрос - наш ответ Зваротная сувязь Читатель поднимает проблему

– Час для правядзення “прамой лініі” быў абраны правільна, – сказаў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч, адказваючы на апошняе пытанне грамадзян без некалькіх хвілін восем. І лічбы пераконвалі, што вечара пятніцы, дарэчы 13, ушачане чакалі – 24 тэлефанаванні, калі падчас папярэдніх дзённых было максімум 15.

Большасць пытанняў зноў датычылася дзейнасці жыллёва-камунальнай службы. І з многімі з іх дырэктар УП ЖКГ С.Л.Шульц быў знаёмы, напрыклад, як з гэтым.

– У нас у доме № 1, корпус 1 па вуліцы Віцебскай перыядычна не працуе каналізацыя, у пад’ездах стаіць пах і святло прападае.

– Паколькі каналізацыя там пакладзена першапачаткова няправільна, нічога іншага не зробіш, як перыядычна яе адкачваць, што робіць камунгас, яго ж супрацоўнікі правераць, што ў пад’ездзе з электрычнасцю, – адказаў В.В.Родзіч.

– Хацелася б, каб у нас на аўтобусным прыпынку вёскі Бярозкі было сховішча ад дажджу і ветру. Да гэтага нам адказвалі, што там перашкаджае лінія электраперадач.

– Дырэктар ДРБУ-105 выедзе на месца і дасць адказ на ваша пытанне. Паглядзім, мабыць, калі немагчыма на адным баку, можна паспрабаваць паставіць на супрацьлеглым. У любым выпадку рашэнне аб устаноўцы прымае “Віцебскаблдарбуд”.

– У нас на могілках па вуліцы Кастрычніцкай дрэва хутка зваліцца на помнік. Дапамажыце ўбраць, – два аднатыпныя пытанні паступілі ад жыхароў гарпасёлка, з падобнай просьбай ссекчы вялікую таполю звярнуліся жыхары вёскі Заазер’е.

– Каб убраць вялізныя дрэвы ці галіны, выклікаюцца верхалазы, і на гэта патрэбны немалыя сродкі. Трэба ў кожным выпадку разбірацца на месцы, ці магчыма гэта зрабіць без шкоды для помнікаў, якія ўстаноўлены.

Ад рэдакцыі: дарэчы, па адным з пытанняў жыхарам ужо даваўся адказ, што спачатку трэба ўбраць агароджы, камунгас гатовы быў паспрабаваць гэта зрабіць уласнымі сіламі, аднак не нясе адказнасці за тое, што пры падзенні сучча могуць быць пашкоджаны помнікі.

– У доме № 2 па вуліцы Савецкай трэба доўга зліваць ваду, перш чым пойдзе гарачая. І наогул быў праведзены няякасны рамонт адмосткі.

С.Л.Шульц адказаў, што ў гэтых дамах трэба мяняць сістэму падачы вады. Камунгас ужо замяніў яе на 5 дамах, у першым квартале 2014 года будзе праведзена мадэрнізацыя на гэтым доме.

– У нас па завулку Полацкім паклалі водаправод, а ваду не пусцілі.

– Вада з’явіцца пасля завяршэння работ на ўсім аб’екце, у які ўваходзяць таксама вуліцы Полацкая і Каранеўскага. Плануем завяршыць гэта ў першым-другім квартале наступнага года. Трэба крыху пачакаць.

– Летам вяліся работы па замене даху на нашым доме №4 па вуліцы Камсамольскай, аднак першы пад’езд так і застаўся з працякаючым дахам і камунальнікі пасля кожнага дажджу ці моцнага снегу ліквідуюць наступствы.

– Капітальны рамонт гэтага дома не ўдалося завяршыць з-за адсутнасці фінансавання, ён будзе зроблены ў першым-другім квартале наступнага года.

Ветэран вайны А.П.Каваленка з вёскі Гвазды скардзіўся на дрэнны стан дарогі.

– Праз тыдзень я асабіста прыму гэтую дарогу, – адказаў старшыня райвыканкама. — За гэты час адпаведнымі службамі там будзе наведзены парадак.

Таксама на працягу тыдня абяцаў даць святло начальнік раёна электрычных сетак В.М.Варанько ў вёсцы Мосар і аграгарадку Арэхаўна. Заяўкі на падключэнне знаходзіліся ў арганізацыі.

– У нашым доме №8 па вуліцы Ленінскай няма падачы гарачай вады, таму выкарыстоўваем электранагравальнікі, расходуецца больш электраэнергіі. Ці можна нам павялічыць ліміт на аплату?

– Гэтае пытанне, на жаль, не знаходзіцца ў кампетэнцыі раёна. Ліміты ўстаноўлены ўрадам і залежаць ад колькасці пражываючых, а не ад наяўнасці электраабсталявання.

– Раней мы заказвалі бочку на адкачванне каналізацыі ў ПУП “Сарочына”. Цяпер не ведаем, як гэта рабіць, – пыталася Н.М.Рубанік з аграгарадка Арэхаўна.

– Падобную платную паслугу вам зможа аказаць КУСГП “Арэхаўна”.

– Паўтара месяца, як напісала заяву на ўстаноўку тэлефона, – скардзілася С.Мядзведская з аграгарадка Вяркуды.

– Па стандартах заяўкі на ўстаноўку выконваюцца на працягу года, – адказаў кіраўнік раённага вузла электрычнай сувязі А.У.Шакута. – Аднак паскорым гэты працэс, установім у самым хуткім часе.

– З-за крутых схілаў пясок з вуліцы Камсамольскай змывае ў рэчку, з П.Броўкі – да дзіцячага сада. Дапамагчы там можа толькі асфальтаванне. Ну а ў зімовы час немагчыма прайсці, хацелася б, каб быў прывезены пясок і мы б самі падсыпалі дарожкі.

– Наконт асфальту абяцаць нічога не буду, паколькі ў нас засталіся незавершаныя аб’екты. А пясок камунальнікі падвязуць.

Л.М.Чумак з вёскі Краснае пытаўся, куды можна здаць жывёлу. Прычым людзі хацелі б здаць яе на мясакамбінаты, дзе быў вышэйшы кошт. Аднак паколькі ні Віцебскі, ні Глыбоцкі мясакамбінаты зараз не прымаюць жывёлу ў насельніцтва, то здаць можна ў каапнарыхтпрам або прыватнікам.

Былі і іншыя пытанні, што пераважна датычыліся цяпла ў кватэрах, літаральна па ўсіх старшыня райвыканкама даручыў разабрацца на працягу тыдня і даць адказ, а па тых з іх, якія не патрабуюць вялікіх затрат, – выправіць. Многія хібы, дарэчы, былі ліквідаваны камунальнікамі напярэдадні. Некаторыя з ушачан нават выказвалі пажаданні каб “прамыя лініі” з кіраўніком раёна праводзіліся часцей, “тады і вада – гарачая, і цяпло ў кватэрах”.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *