Внимательно проверяйте сведения в новом паспорте!

Ваш вопрос - наш ответ

Пра тое, што ў пашпарце павінны змяшчацца дакладныя звесткі пра чалавека, ведае кожны. Тым не менш, не ўсе мы, атрымліваючы на рукі галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, правяраем правільнасць прыведзенай там інфармацыі. І дарэмна!

У рэдакцыю звярнулася жыхарка Ушацкага раёна, якая сутыкнулася з наступнай праблемай. Нарадзілася жанчына 10 кастрычніка 1942 года, пра што запісана ў пасведчанні аб яе нараджэнні. Такая ж інфармацыя значылася ў былым пашпарце грамадзянкі, які яна абмяняла ў 2000-м. Вось толькі не звярнула ўвагі на дапушчаную ў дакуменце новага ўзору памылку: у даце нараджэння значылася 10 лістапада. Выявіць свой “памаладзелы” на месяц статус ушачанцы дапамаглі абставіны. Сёлета, пры спаўненні 75 гадоў, жанчына набыла права на даплату да пенсіі па ўзросце. Аднак у дзень атрымання ўзгаданай выплаты сума на рахунку аказалася ранейшай…

Хто вінаваты ў дапушчанай у дакуменце памылцы? Ці трэба зараз яго мяняць? І чаму даплату, “прывязаную” не да пашпарта, а да пенсійнага пасведчання, у якім указана правільная дата нараджэння жанчыны, усё ж не налічылі? З гэтымі пытаннямі нашай чытачкі мы звярнуліся да спецыялістаў розных службаў Ушаччыны.

Як патлумачыў старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі Д.М.Пчолка, дакладна ўстанавіць, па чыёй віне ў пашпарт “закралася” памылка, за даўнасцю гадоў не ўяўляецца магчымым. У форме №1 значыцца правільная дата нараджэння – 10 кастрычніка, а ў новай, запоўненай ці самой жанчынай, ці, скажам, работнікам сельсавета, – ужо 10 лістапада. У любым выпадку грамадзянцы неабходна было пры атрыманні пашпарта ўважліва праверыць усе даныя (гэта Дзяніс Міхайлавіч настойліва рэкамендуе рабіць кожнаму!). Тады б можна было тэрмінова перарабіць дакумент і пазбегнуць непрыемнасцяў. Каб у будучым не сутыкнуцца з яшчэ большымі “сюрпрызамі”, абмяняць пашпарт варта зараз. Для гэтага жанчыне неабходна прыйсці ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі РАУС з 4 фатаграфіямі, квітанцыяй аб аплаце за паслугу (23 рублі) і абавязкова з пасведчаннем аб нараджэнні – для доказу сапраўднай даты з’яўлення на свет.

Што ж датычыцца не налічанай грамадзянцы даплаты да пенсіі, то ніякай памылкі ў гэтым няма. Як расказала начальнік аддзела назначэння пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама К.А.Габлая, атрымаць такі грашовы бонус можна ў месяцы, наступным за тым, калі пенсіянеру споўнілася 75 гадоў. Так, згодна з цяперашнім пашпартам жанчыны (усе даныя з яго, у тым ліку змененыя, аўтаматычна ўнесены ў пенсійную справу), права на даплату ў яе наступіла толькі ў лістападзе, таму налічана гэтая сума будзе ў снежні.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *