Платные занятия для школьников

Ваш вопрос - наш ответ

Звычайна бацькоў асабліва хвалююць пытанні, якія дадатковыя заняткі можа прапанаваць школа іх дзецям, каб тыя павысілі якасць ведаў, у чым асаблівасці заняткаў на платнай аснове, ад чаго залежыць аплата. На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць спецыялістаў аддзела адукацыі райвыканкама.

Згодна з вучэбным планам на 2010-2011 навучальны год вучням школ раёна прапануецца варыятыўнае навучанне – гэта факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, а таксама заняткі на платнай аснове. Усё гэта ў сукупнасці дапамагае ім паглыбіць веды, пашырыць свой кругагляд. Платныя адукацыйныя паслугі дазваляюць больш якасна падрыхтавацца да экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, дапамагаюць больш глыбока вывучаць прадмет. Заняткі на платнай аснове звычайна праводзяцца з групай вучняў, што дазваляе ўлічваць іх індывідуальныя магчымасці.

Аддзел адукацыі райвыканкама на базе навучальных устаноў аказвае шэраг платных паслуг, якія запатрабаваны сярод вучняў. Тут дзейнічаюць платныя гурткі па дадатковым (звыш устаноўленых вучэбных планаў гадзін) вывучэнні асобных прадметаў, спартыўныя секцыі, танцавальныя гурткі, група ранняга развіцця “Кроха”, гурток выяўленчага мастацтва, секцыя па дзіцячым фітнасе, музычны гурток.

У кошт такіх паслуг уваходзяць выдаткі на набыццё прадметаў забеспячэння і расходных матэрыялаў, аплату працы кіраўніка гуртка, камунальных паслуг, рэнтабельнасць 30 працэнтаў, а таксама падатак на прыбытак. Трэба адзначыць, што аплата працы настаўніка залежыць ад яго адукацыі, стажу педагагічнай дзейнасці, катэгорыі.

Безумоўна, кошт адной гадзіны заняткаў залежыць у першую чаргу ад колькасці чалавек у групе, бо ўсе выдаткі прапарцыянальна дзеляцца на іх. Для прыкладу, калі кошт аднаго занятку па прадмеце складае 37400 рублёў (максімальная сума), а колькасць наведвальнікаў гуртка 4 – у такім выпадку кошт адной гадзіны заняткаў складзе для кожнага з удзельнікаў групы 9350 рублёў. Канечне, пры жаданні школьніка і яго бацькоў, згодзе педагога можна арганізаваць платны гурток для аднаго вучня, аднак заплаціць ён за яго ўвесь кошт.

Хацелася б адзначыць, што са студзеня 2011 года кошт платных паслуг знізіўся: адменены трохпрацэнтны збор на развіццё тэрыторыі. Калі ў снежні вучню трэба было заплаціць, напрыклад, 10700 рублёў за гадзіну заняткаў, то зараз толькі 9350. Гэта адносна невялікія грошы.

Больш дакладна пра кошт платных паслуг можна даведацца ў аддзеле адукацыі па тэлефоне: 2-17-76.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *