Главный врач Ушачской центральной районной больницы Н.Н.Каспирович провёл «прямую линию» с читателями газеты

Ваш вопрос - наш ответ Зваротная сувязь Калейдоскоп

Падчас «прамой лініі» з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Мікалаем Мікалаевічам Каспіровічам паступіла чатыры пытанні. Ні адно з іх не насіла прыватны характар, таму і адказы на іх будуць карыснымі для ўсіх нашых чытачоў.

Старэйшына вёскі Капылоўшчына Нэлі Антонаўна Харак ад сябе асабіста і ад імя аднавяскоўцаў задала два пытанні.

— Раней лекі нам прыносіў сацыяльны работнік ці прывозілі дзеці з гарадоў. Зараз у аптэцы іх не прадаюць без рэцэпта. Што нам рабіць?

— Па-першае, я вас папраўлю, што не ўсе лекавыя сродкі прадаюцца выключна па рэцэптах. А тыя, якія могуць прынесці як карысць, так і шкоду, сапраўды адпускаюцца толькі па рэцэптах. Зроблена гэта для таго, каб людзі не займаліся самалячэннем, а калі маюць хранічныя захворванні, перыядычна наведваліся да ўрача, які выпіша ці адменіць назначаныя прэпараты. Калі вы апошні раз ляжалі ў бальніцы ў пачатку мая, прайшло больш паўгода, то зразумела, вам трэба пабываць на прыёме. Урач жа можа выпісаць вам рэцэпты адразу на паўгода.

— Нашу кубліцкую зону абслугоўвае урач Вялікадолецкай бальніцы Аляксандр Уладзіміравіч Крыштопенка, які перыядычна ажыццяўляе прыём на Кубліцкім ФАПе. Ці можа выпісаць рэцэпт на неабходныя прэпараты ён?

— Канечне, рэцэпт можа выпісаць і ўрач, які абслугоўвае зону. Калі, канечне, ў доктара няма пытанняў па вызначаным дыягназе і не патрэбна правядзенне дадатковых аналізаў.

Ірына Уладзіміраўна Ясюк пыталася, чаму дачка не можа прайсці медагляд без накіравання арганізацыі, у якую збіраецца працаўладкавацца.

— Існуе дакумент, які рэгламентуе праходжанне папярэдніх медыцынскіх аглядаў, якога мы і прытрымліваемся. Справа ў тым, што ў накіраванні павінна стаяць не толькі спецыяльнасць, на якую прымаецца чалавек, але і распісаны супрацьпаказанні, шкодныя ўздзеянні, якія будуць пры выкананні пэўнай работы. У пастанове 47 Міністэрства аховы здароўя дакладна распісана, што абавязаны ўказаць наймальнік, на жаль, пры выдачы накіраванняў аддзелы кадраў не заўсёды правільна гэта прапісваюць. Робіцца ж гэта для таго, каб медык, перш чым пастаіць подпіс «годны», мог зверыць, ці не супрацьпаказаны чалавеку згодна з яго станам здароўя той ці іншы род заняткаў. Умоўна гаворачы, не кожны можа быць не толькі лётчыкам, але і грузчыкам. Без канкрэтнага ўказання роду заняткаў гэта немагчыма. Таму вам варта абавязкова звярнуцца ў арганізацыю, якая бярэ на работу, ці ў вышэйстаячую, калі накіраванне па нейкай прычыне не даюць. Аднак законы адзіныя для кожнай арганізацыі і для кожнай медыцынскай установы. Трэба ведаць, што праходжанне медыцынскіх аглядаў — платнае.

— Ці можна ва Ушацкай бальніцы зрабіць рэнтген страўніка, не зонд, а менавіта рэнтген, — запытаўся Фёдар Дзмітрыевіч Альхоўка з Баравых.

— Пакуль не. На дадзены момант зроблены праект новага рэнтгенаўскага кабінета, які праходзіць экспертызу. Калі будуць выдзелены сродкі, а гэта мільярд рублёў, то цэнтралізавана нам паабяцалі закупіць і новае лічбавае абсталяванне, якое робіць рэнтген на сучасным узроўні. Ён вельмі патрэбны для дыягнаставання хвароб на раннім этапе. Пакуль жа, калі ўрач бачыць у гэтым неабходнасць, то абавязкова дасць вам накіраванне ў іншую медыцынскую ўстанову, каб зрабіць рэнтген страўніка. Вы можаце зрабіць гэта самастойна на платнай аснове. Наогул жа менавіта ФГДС (зонд) дае больш інфармацыі аб страўніку, чым рэнтген.

На завяршэнні нашай размовы Мікалай Мікалаевіч раіў нагадаць нашым чытачам, што Ушацкая цэнтральная раённая бальніца мае свой сайт, на якім утрымліваецца карысная для пацыентаў інфармацыя, а таксама можна пакінуць сваё пытанне. Пакуль што адказы на іх даюцца персанальна па электронным адрасе, але ў перспектыве будзе створаны форум з захоўваннем усіх адказаў і такім чынам на больш частыя актуальныя пытанні людзі атрымаюць іх адразу.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *