Зарплата в конвертах кому-то выгодна

Общество

Прыватныя наведвальнікі да нас у Фонд сацыяльнай абароны звяртаюцца даволі рэдка. Аднак калі прыходзяць, то сапраўды з жыццёвымі пытаннямі.

– Да пенсіі мне чатыры гады, стаж дастатковы, а вось заробкі… Што можна змяніць зараз? Калі я буду пералічваць мільён у месяц, каэфіцыент павысіцца?

Не так даўно з такім пытаннем звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік, які з часоў перабудовы займаўся прыватным бізнесам. Калі і рабіліся ім адлічэнні ў пенсійны фонд, то не перавышалі мінімалкі. Я растлумачыў, што павысіць каэфіцыент сапраўды магчыма, калі пачаць пералічваць большыя сумы. Іншага шляху няма. Праўда, далей размоў у гэтым канкрэтным выпадку справа не пайшла. Адлічэнні так і не перавысілі вызначанага мінімуму. Пэўна, прадпрымальнік рашыў, што нязначнае павышэнне пенсіі не варта такіх ахвяр і лепш ён будзе адкладваць гэтыя грошы да хуткай пенсіі.

Сапраўды, калі да пенсіі год-два, з малой вялікую пенсію ўжо не зрабіць. Чаму ж мы задумваемся пра гэта толькі тады, калі заслужаны адпачынак пачаў выразна праглядацца на гарызонце? Да гэтага пагаджаемся на зарплаты ў канвертах, упэўненыя ў стабільнасці сваіх заробкаў і сваёй нязгаснай працаздольнасці. А безабароннай на самой справе застаецца вялікая колькасць ушачан.

Раён і гарадок у нас невялікі, таму добра ведаеш людзей і міжволі аналізуеш, як многія жывуць толькі сённяшнім днём. З 2003 года, калі ў краіне ўведзены персаніфікаваны ўлік, ні рубля не паступіла на рахунак аднаго з прадаўцоў на рынку. Прадпрымальніцтва аформлена на мужа, яна штодня гандлюе, што не забараняецца, толькі вось нічога не атрымлівае за сваю працу. Вось ужо сем гадоў, як жанчына ні рубля не паклала на свой пенсійны рахунак, не паклапаці- лася пра матэрыяльнае забеспячэнне старасці. Так, сям’я заробленым распараджаецца пароўну, але ж у жыцці здараецца рознае. І муж не вечны, і адносіны не заўсёды стабільныя.

Яшчэ больш распаўсюджаная сітуацыя – калі і самі прадпрымальнікі, і іх родныя ці наёмныя работнікі “атрымліваюць” мінімалку. Толькі адзін індывідуальны прадпрымальнік са 177 зарэгістраваных у раёне паказаў заробак сваёй жонкі-прадаўца 500 тысяч рублёў. І калі недальнабачнасць родных зразумелая: не трацячы на пенсійныя адлічэнні, яны павялі- чваюць свой сённяшні сямейны прыбытак, то аб чым думаюць, пагаджаючыся на зарплату ў канвертах наёмныя чужыя людзі. А з 34 прааналізаваных прадпрыемстваў малога бізнесу толькі ў адным (!) зарплата, а адпаведна і адлічэнні ў пенсійны фонд робяцца з 800 тысяч рублёў. У астатніх, як правіла, – мінімалка, што наўрад ці адпавядае рэчаіснасці.

А гэта азначае, што калі вы захварэеце, то атрымаеце таксама мізер. Ваша ж заробленая пенсія (у сярэднім, калі браць у разлік распаўсюджаны немалы стаж) будзе крыху больш за сацыяльную, якая на сёння складае 133 тысячы рублёў. Больш таго, калі пагаджаецеся на неафіцыйную зарплату, вы падштурхоўваеце наймальнікаў наогул не адзначаць вас у спісах працуючых. Мабыць вы і не здагадваецеся пра тое, што нідзе не лічыцеся, аднак гэта не азначае, што гэтага няма на самой справе. Ёсць. Працуе прадпрыемства, нешта выпускае, а людзей на ім адзін-два замест поўнага штату. І калі вы не надаяце пэўнай сур’ёзнасці гэтаму, маўляў, галоўнае – што працую і зарабляю, дык задумайцеся над тым, на каго і дзеля чыйго дастатку вы пагаджаецеся на неафіцыйны заробак. На каго працуе на будоўлях краіны і замежжа не адна брыгада ўшацкіх мужчын. Трагічныя здарэнні там таксама не рэдкасць, а людзей быццам і няма, яны ж не зарэгістраваны, не прыняты на работу афіцыйна, а таму няма бальнічных лістоў і страхавых выплат, няма абавязку перад сям’ёй загінуўшых ці страціўшых здароўе.

Падумайце пра гэта сёння. І паверце, няма абыякавых, калі справа датычыцца пенсіі, дакладней, яе памеру. Зацікаўленымі аказваюцца нават тыя, хто не думаў пра заслужаны пакой дзесяцігоддзямі.

П.СМАРГУН,

начальнік аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *