Преступлений в Ушачском районе стало меньше. Правоохранители подвели итоги работы за первое полугодие 2017 года

Зваротная сувязь

На мінулым тыдні ва Ушацкім РАУС прайшла аператыўная нарада, на якой падведзены вынікі службовай дзейнасці праваахоўнікаў за першае паўгоддзе. Пра галоўныя з іх мы папрасілі расказаць часова выконваючага абавязкі начальніка аддзела Аляксея Уладзіміравіча АНДРОСАВА:

– Сёлета праведзена шмат мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне грамадскага парадку, бяспекі грамадзян, іх законных інтарэсаў. Галоўным дасягненнем лічу недапушчэнне росту агульнай колькасці злачынстваў (65 супраць 66 мінулагодніх) і па лініі крымінальнага вышуку (42 супраць 48). Пры гэтым істотна павялічыўся працэнт раскрывальнасці па завершаных справах.

– Якія правапарушэнні найбольш распаўсюджаныя?

– Па-ранейшаму ў зімовы перыяд пераважаюць крадзяжы з дач, а ў летні пад увагу зламыснікаў часта трапляюць веласіпеды.

– Як часта ў раёне праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з зялёным змеем?

– Гэта пытанне мы кантралюем пастаянна, супрацоўнікаў РАУС хвалюе праблема п’янства і алкагалізму сярод ушачан. Праводзім прафілактычныя гутаркі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. З пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі прыцягнуты 25 грамадзян, канфіскавана 98,2 літра самагону, брагі і іншых моцных напояў, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіравана 10 чалавек.

– Наколькі востра стаіць пытанне злачынстваў, учыненых непаўналетнімі?

– Сёлета такіх, на шчасце, не было (за аналагічны перыяд 2016 года – 6). Істотна зменшылася і колькасць злачынстваў, учыненых групай асоб (5 супраць 10 мінулагодніх). Не дапушчана фактаў згвалтавання, вымагальніцтва, махлярства, разбояў, крадзяжоў аўтатранспарту.

– Але ж не бывае, калі ўсё бязвоблачна…

– Так. Сёлета павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых асобамі з судзімасцю (10 супраць 8 у 2016-м), у стане алкагольнага ап’янення (12 супраць 6). У сферы эканомікі выяўлена 7 злачынстваў (было 6), у сферы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі – 3 (1).

– А якая сітуацыя на дарогах раёна?

– За гэты перыяд адбылося тры аварыі, адна з якіх – па віне нецвярозага вадзіцеля. У выніку 10 чалавек атрымалі траўмы, трое загінулі. Усяго за 6 месяцаў бягучага года супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі выявілі 1969 правапарушэнняў, сярод іх 27 выпадкаў кіравання аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, 320 перавышэнняў хуткаснага рэжыму. Па-ранейшаму “вольна”, на жаль, адчуваюць сябе на дарозе пешаходы – за адзначаны перыяд на іх складзены 351 пратакол. За выпуск тэхнічна няспраўных транспартных сродкаў да адказнасці прыцягнуты 19 службовых асоб, яшчэ 6 – за допуск да кіравання транспартам вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане ап’янення ці не мелі права кіравання, 3 – за парушэнне ўтрымання вуліц і дарог.

– Якія задачы ставяцца перад райаддзелам на перспектыву?

– Работа з насельніцтвам па вырашэнні праблемных пытанняў, раскрыццё злачынстваў, забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі дарожнага руху. Будзем імкнуцца не толькі да ўтрымання заваяваных штодзённай карпатлівай працай пазіцый, але і ўмацоўваць іх.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *