В семье Тычина всегда хорошая погода в доме

Всё начинается с семьи

Стаць героямі нашага аповеду гэта сям’я доўга не згаджалася. “Мы ж, як кажуць, асобы не публічныя, нічым асаблівым не вылучаемся”, – разгублена зазначала гаспадыня. Але ж, пазнаёміўшыся з імі бліжэй, упэўніліся, што станоўчых якасцей у іх нямала і гэтыя добразычлівыя, руплівыя людзі безумоўна заслугоўваюць увагі. А якая цёплая атмасфера пануе ў іх доме!

Сядзіба Сяргея Іванавіча і Валянціны Станіславаўны Тычынаў на адной з вуліц у Касарах адразу прыцягвае ўвагу сваёй дагледжанасцю і акуратнасцю: абкошаная тэрыторыя вакол роўнай агароджы, яркія ружы і прыгожыя лілеі на клумбах, акуратны вінаграднік – гэта і многае іншае адразу сведчыць аб тым, што гаспадар і гаспадыня шмат часу аддаюць працы каля дома. Колькі год таму сядзіба Тычынаў вылучалася сярод лепшых у сельсавеце па добраўпарадкаванні. Але атрыманую шыльду “Дом узорнага парадку” з-за сціпласці і імкнення штосьці дарабіць, “падшліфаваць”, на падворку так і не павесілі.

“Люблю кветкі, яны радуюць вока і з імі ўчастак быццам ажывае, нават дом выглядае зусім па-іншаму”, – адзначае Валянціна Станіславаўна, паказваючы свае ўладанні. Дарэчы, кветкаводствам жанчына займаецца не толькі дома. У Вялікадолецкай школе, дзе яна працуе лабарантам, разам з іншымі работнікамі таксама прыкладае свой багаты практычны вопыт і намаганні, каб немалая тэрыторыя ўстановы была прыгожай і прывабнай.

Можна сказаць, што з навя­дзеннем парадку звязана і работа Сяргея Іванавіча – работнікі Вялікадолецкага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі не толькі нясуць цяпло ў кватэры грамадзян і сацыяльныя ўстановы, а і дапамагаюць добраўпарадкоў­ваць тэрыторыю сельсавета. Прасцей пералічыць тое, што Сяргею Іванавічу не даводзілася рабіць. Наогул, як чалавек вясковы, гэты мужчына любіць працаваць на зямлі, значную частку сваёй прафесійнай дзейнасці быў у мясцовым саўгасе вадзіцелем і камбайнерам. Што і казаць, хапае работы дома – на плячах гас­падара апрацоўка ўласных сотак, на якіх кожны год садзяць бульбу і зерневыя. А маючы ўласны трактар, мужчына не адмаўляе ў дапамозе і сваім аднавяскоўцам.

Пару водпускаў Сяргей Іванавіч і Валянціна Станіславаўна практычна кожны год выкарыстоўваюць для вырашэння шматлікіх хатніх спраў. А ў дзень нашай сустрэчы ўсёй сям’ёй адправіліся ў лес за грыбамі і ягадамі. “На курортах ніколі не былі і аб іх не задумваліся, тут найлепшы адпачынак, асабліва разам з дзецьмі! – зазначае сямейная пара.

Гэтымі летнімі днямі ў іх утульным доме пануе асаблівая атмасфера: у родную вёс­ку прыехалі практычна ўсе прадаўжальнікі роду. Дочкі – такія ж старанныя і працавітыя, як бацькі, у прафесійнай дзейнасці абралі іншыя шляхі: старэйшая Вольга – метадыст у Полацкім педкаледжы, а малодшая Алена – бухгалтар “Полацкбудматэрыялаў”. Не хапала толькі сына – у Аляксандра, урача-стаматолага, зараз напружаны графік і пакуль у родныя мясціны ён вырвацца не змог.

Зараз увага ўсіх членаў гэтай дружнай мнагадзетнай сям’і накіравана на малодшае пакаленне: унучка Наташа, якой хутка споўніцца годзік, радуе сваімі ўсмешкамі, “абследуе” ўсе вуглы ў доме і, вядома ж, наводзіць свае “парадкі”. Не дасць засумаваць нікому і самы маленькі прадстаўнік сям’і Тычынаў – разам з Аляксандрам чакаюць прыезду і трохмесячнай Соф’і.

Сяргей Іванавіч і Валянціна Станіславаўна самі выхоўваліся ў простых вясковых сем’ях, усе іх станоўчыя якасці перанялі іх дзеці. Яшчэ Арыстоцель калісьці казаў, што кожная сям’я – гэта маленькая дзяржава са сваімі звычкамі і правіламі. Дык вось сямейную дзяржаву Тычынаў можна з упэўненасцю назваць узорнай, а па працалюбівасці, стараннасці і шчырасці ставіць у прыклад многім.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *