Молодёжь не подводит! С обязанностями начальника ПАСП №12 агрогородка Глыбочка успешно справляется Роман Литвин

Cлужба-101 Образование и молодежь

Да прафесійных святаў часцей за ўсё даводзіцца пісаць пра перадавікоў калектываў, работнікаў з вялікім стажам, якія перадаюць свой немалы вопыт моладзі. Сёння ж мы вырашылі гэтую традыцыю парушыць і расказаць пра аднаго з прадстаўнікоў маладога пакалення раённага аддзела па надзвычайных сітуацый. У свае 20 гадоў Раман Літвін ужо з’яўляецца начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аграгарадка Глыбачка.

На гэтай пасадзе малады чалавек працуе каля года, але паспеў зарэкамендаваць і праявіць сябе толькі са станоўчага боку. На давераны аб’ект арэхаўскі хлопец прыбывае кожны дзень, пры неабходнасці заступае і ў каравул. Зараз, напрыклад, замяняе на час водпуску аднаго з байцоў, адпаведна прыходзіцца не толькі арганізоўваць работу, але і выязджаць на ліквідацыю надзвычайных здарэнняў. Калі няма трывожных выклікаў, на месцы сядзець (ці спаць, як многія лічаць) – не прыходзіцца. Акрамя догляду за тэхнікай, трэба падтрымліваць парадак на посце. Дарэчы, пад кіраўніцтвам Рамана сёлета тут абсталяваны санвузел і падсобнае памяшканне. Побач з будынкам растуць ужо вялікія яблыні і грушы, уецца вінаград – іх на пачатку сваёй службы садзілі старэйшыя работнікі, а зараз даглядаюць маладыя.

– Наш начальнік з усімі знаходзіць агульную мову і ўзрост гэтаму ніколькі не перашкаджае, – зазначае Андрэй Бараніч, які разам з Р.Літвіном у дзень нашага візіту клеіў шпалеры. Камунікабельнасць начальніка паста і разам з тым патрабавальнасць да сябе і падначаленых адзначае і кіраўніцтва: “Адказны і актыўны супрацоўнік. Не ведаю, як яму гэта ўдаецца, але ён лёгка ладзіць са старэйшымі за яго падначаленымі, на пасту заўсёды ідэальны парадак,”, – характарызуе Р.Літвіна начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў.

Аб прафесіі пажарнага Раман усур’ёз задумаўся ў 9 класе, калі пра гэту службу расказвалі на школьным прафарыентацыйным мерапрыемстве, пазней гэта імкненне толькі ўмацавалася і хлопец цвёрда вырашыў паступаць у Гомельскі камандна-інжынерны інстытут. Трэба сказаць, што акрамя высокіх адзнак па профільных прадметах, жадаючым паступіць туды трэба прайсці сур’ёзныя іспыты і па фізічнай культуры. З гэтым Раман справіўся на выдатна. Дарэчы, нельга не адзначыць, што хлопец паспяхова абараняе гонар аддзела на спаборніцтвах спартыўных і па пажарным мнагабор’і.

Хоць зараз малады выратавальнік яшчэ толькі вучыцца на завочным аддзяленні і дыплом яшчэ наперадзе, невялікі вопыт у яго ўжо ёсць: да пераводу на родную Ушаччыну Р.Літвін адпрацаваў год майстрам-выратавальнікам на наваполацкім “Паліміры”. Менавіта там прыняў удзел у ліквідацыі самага складана ў кар’еры здарэння.

– Гэта было, несумненна, маё самае “гарачае” дзяжурства. У чэрвені мінулага года на вытворчасці ўспыхнуў буйны пажар. У мяне якраз быў выхадны дзень, а яшчэ праз некалькі змен ужо павінен быў пераводзіцца ва Ушачы. Па трывозе быў падняты асабовы састаў не толькі пажарнай службы прадпрыемства, а і гарадскіх аддзелаў Полацка і Наваполацка – гарэў адзін з цэхаў. З узгараннем змагаліся больш сутак, – прыгадвае Раман.

На глыбачанскім посце яму яшчэ не даводзілася выязджаць на сур’ёзныя здарэнні. Няхай іх і не будзе, а прыгаданы пажар на “Паліміры” так і застанецца самым сур’ёзным выпрабаваннем у далейшай кар’еры хлопца.




Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *