Вакцинация против гриппа начинается на Ушаччине. На вопросы наших читателей ответил главный врач ЦРБ С.Моисеев

Зваротная сувязь Здравоохранение

На “прамую лінію”, якую праводзіў на бягучым тыдні з жыхарамі раёна галоўны ўрач Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Анатольевіч Маісееў, тэлефанаванняў паступіла адносна нямнога. Тым не менш, пачуць адказы на ўзнятыя пытанні будзе карысна шырокаму колу чытачоў.

Зварот жыхаркі гарпасёлка датычыўся магчымасці прайсці імунізацыю ад грыпу. С.А.Маісееў расказаў, што зрабіць прышчэпку можна зараз – вакцына расійскай вытворчасці паступіла ў цэнтральную раённую бальніцу. Для гэтага неабходна звярнуцца да свайго ўчастковага тэрапеўта. Масавая ж вакцынацыя грамадзян пачнецца ў кастрычніку: менавіта другі і трэці месяцы восені лічацца для гэтага найбольш спрыяльнымі. Такая мера, па словах Сяргея Анатольевіча, павінна значна знізіць захворванне на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі, дапамагчы пазбегнуць цяжкіх форм хваробы.

Яшчэ адна ўшачанка паскардзілася на тое, што трапіць на прыём да спецыялістаў паліклінікі ў сераду раніцай бывае праблематычна: многія знаходзяцца на вытворчай нарадзе, таму пацыентам даводзіцца падоўгу чакаць. Вось і пацікавілася жанчына, чаму б не перанесці час такога ўрачэбнага “збору”, скажам, на другую палову дня, калі ў ЦРБ значна менш наведвальнікаў. С.А.Маісееў патлумачыў, што неабходнасць правядзення планёрак у ранішні час выклікана пэўнымі асаблівасцямі рабочага графіка медыкаў: ва ўстанове яшчэ застаюцца спецыялісты, занятыя на начной змене, і ўжо ёсць тыя, што заступаюць на дзённую. Таму Сяргей Анатольевіч выказаў спадзяванне, што пацыенты з разуменнем будуць адносіцца да такой нязручнасці.

Пытанне, што датычыцца пэўных нюансаў атрымання накіравання ў дыягнастычны цэнтр, задаў галоўнаму ўрачу жыхар аграгарадка Кублічы. Маючы шэраг захворванняў, мужчына хоча прайсці абследаванне адразу ў некалькіх спецыялістаў абласнога цэнтра, аднак тра­піць на прыём да ўсіх у адзін дзень не атрымліваецца. С.А.Маісееў параіў кублічаніну больш кантактаваць са сваім участковым тэрапеўтам. Справа ў тым, што многія аналізы і працэдуры, для правядзення якіх мужчына збіраўся ехаць у Віцебск, робяцца непасрэдна ва Ушачах. Калі ж урач убачыць патрэбу накіраваць пацыента ў дыягнастычны цэнтр, ён вырашыць і ўсе спадарожныя пытанні, у тым ліку тыя, што датычацца прыёму ў розных спецыялістаў.

Жыхара Мірнага цікавіла пытанне набыцця лекаў. На Маладолецкім ФАПе, дзе раней і прыём ажыццяўляўся, і медыцынскія прэпараты рэалізоўваліся, доўгі час адсутнічае загадчык. А даехаць да аптэкі ва Ушачах ці ў Вялікіх Дольцах у пажылога мужчыны няма магчымасці. Сяргей Анатольевіч нагадаў, што прыём на ўзгаданым фельчарска-акушэрскім пункце ўсё ж право­дзіцца – з гэтай мэтай сюды перыядычна прыязджаюць спецыялісты з іншых устаноў аховы здароўя. Яны ж рэалізуюць на месцы і медпрэпараты. Графік прыёму пацыентаў размешчаны на будынку ФАПа, ды і ў выпадку рэзкага пагаршэння самаадчування заўсёды можна выклікаць урача на дом. Лекі ён, праўда, не прадасць (гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі работнікаў аптэкарскай сеткі), але акажа неабходную дапамогу.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *