В Ушачском районном центре детей и молодёжи популярностью у детей пользуются танцевальные и эстрадные кружки

К профессиональному празднику

“Працаваць з дзецьмі – гэта маё! Яны такія ўдзячныя і шчырыя, нават, калі ў цябе непрыемнасці ці дрэнны настрой, аб гэтым забываеш, як толькі пераступаеш парог установы! Дзеці даюць нам энергію!” – у адзін голас сцвярджаюць педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Вольга Віктараўна Пугачова і Таццяна Віктараўна Лапёнак. Сёння цэнтр прапануе мноства разнастайных гурткоў па інтарэсах, вакальны і харэаграфічны накірункі – “вотчына” гэтых абаяльных жанчын.

“Сама з дзяцінства хадзіла ва ўсе магчымыя гурткі, нават воднымі лыжамі займалася. Знайшла ўсё ж сваё і паступіла ў педагагічны каледж на музычнае мастацтва, пазней атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці”, – гаворыць Вольга Віктараўна. Да яе пасля заняткаў у школе ў танцавальны гурток “Капрыз” і студыю эстраднай песні “Жамчужына” з задавальненнем спяшаюцца малодшыя школьнікі. Утрымаць увагу, зацікавіць няўрымслівых пачаткоўцаў не так і проста, а яшчэ трэба быць і псіхолагам, каб супакоіць,  падбадзёрыць, калі штосьці не атрымліваецца. Трэба сказаць, што згладжваць такія сітуацыі Вольга Віктараўна ўмее. Паназіраўшы паўгадзіны, як праходзяць заняткі ў гуртку, заўважыла, што яна для дзяцей не толькі настаўнік, але і сапраўдны сябар. Яны хінуцца да яе, як да роднай, бягуць насустрач, калі ўбачаць на вуліцы, і радасна вітаюць. За свой прафесійны шлях Вользе давялося сыграць шмат казачных персанажаў на разнастайных святах і мерапрыемствах: “У раённым Доме культуры была нязменнай Купалінкай, а за амаль 9 гадоў работы, шчыра кажучы, стамілася ўжо ад ролі Снягуркі. Неяк нядаўна давялося пераўвасобіцца ў Шапакляк, і мне нават спадабалася, а мае гурткоўцы пасля мерапрыемства падышлі і шэпчуць: “Не падыходзіць вам гэты вобраз…”,  – з усмешкай прыгадвае Вольга.

Хутка адаптавацца і прывыкнуць да новага калектыву маладой настаўніцы дапамагала Таццяна Віктараўна Лапёнак, якая з’яўляецца адным з самых вопытных педагогаў цэнтра і працуе тут ужо на працягу дзесяці гадоў. Яна займаецца са старэйшымі школьнікамі ў гуртку эстраднай песні і танцавальным “Васількі”. Трэба сказаць, што ў педагогаў шмат агульнага. Напрыклад, абедзве вельмі хацелі працаваць выключна на роднай Ушаччыне і мелі пэўны вопыт работы ў раённым Доме культуры.

Практычна на кожным раённым мерапрыемстве свае забаўляльныя пляцоўкі арганізоўвае цэнтр дзяцей і моладзі, і ў гэтым заўсёды прымаюць актыўны ўдзел Т.Лапёнак і В.Пугачова. З мінулага года Вольга Віктараўна займаецца з дзецьмі яшчэ і чэрлідзінгам –  спартыўнымі танцамі з элементамі гімнастыкі і акрабатыкі, а Таццяна Віктараўна рыхтуе барабаншчыц. Выступленні і адных, і другіх запомніліся ўшачанам на спартакіядах і масавых мерапрыемствах на Дзень Перамогі і Незалежнасці. Ужо больш месяца Вольга Віктараўна і яе танцоры рыхтуюць выступленне да значнай падзеі, што мае адбыцца ва Ушачах – адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу. А падапечныя Таццяны Віктараўны сёння адправіліся на абласныя “Дажынкі” ў Дуброўна – на свяце працаўнікоў сяла ладзіцца парад барабаншчыц, у якім бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх раёнаў Прыдзвіння. “Гэта толькі на першы погляд здаецца, што нічога складанага няма, на самой жа справе трэба адтачыць рухі, адчуваць рытмы, усё павінна быць сінхронна і прыгожа”, – з хваляваннем напярэдадні свята расказвала Т.Лапёнак.

Таццяна Віктараўна і Вольга Віктараўна ўпэўнены, што каб у дзяцей было жаданне займацца ў танцавальных і вакальных гуртках, трэба  часцей даваць ім магчымасць выступаць, няхай і не перад самай вялікай аўдыторыяй. Менавіта таму ва ўстанове часта ладзяць канцэрты для сябе і бацькоў. Апошні такі прайшоў якраз днямі і быў прысвечаны Дню настаўніка. Дзеці змаглі праявіць сябе і павіншаваць любімых педагогаў, а яны ў сваю чаргу ўпэўніцца, што робяць патрэбную справу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *