Имя преподавателя детской школы искусств Олега Иванова занесено на районную Доску почёта

Ими гордятся Экономика и малый бизнес

Калі ў першай палове дня ў школе мастацтваў панавала цішыня, за аднымі дзвярамі пачула гукі піяніна. Гэта Алег Барысавіч Іваноў правяраў настройку інструмента. “Музычная школа па класе акардэона, – адказаў ён на мой здзіўлены позірк наконт бегласці пальцаў, – а фартэпіяна не столькі некалі дадатковы інструмент, колькі ўласнае захапленне”.

А такіх у гэтага рамантычнага чалавека… хоць адбаўляй. Дакладней, унутраная цікаўнасць прымушае яго па жыцці сур’ёзна займацца многімі вельмі рознымі рэчамі. Ён можа зрабіць аранжыроўку да твору, змайстраваць прыёмнік, адрамантаваць тэлевізар, напісаць фанаграму ці казку, скласці верш, правесці вечар і нават сабраць робата – на мінскім трактарным заводзе займаўся лічбавым праграмным забеспячэннем разумных машын. Ну а ўшачане старэйшага пакалення памятаюць А.Іванова ў якасці інжынера–энергетыка комплексу “Маяк” – гэта было яго першым працоўным месцам на Ушаччыне, калі сям’я пераехалі са сталіцы на малую радзіму жонкі.

А вось ва ўшацкім Доме культуры, куды прыйдзе працаваць у 1998 годзе, ён быў намнога раней – у 1982-м, на навагодняй дыскатэцы падчас перыяду заляцання. І тады глядзеў на забаўляльную праграму з прафесійным інтарэсам  рэжысёра масавых мерапрыемстваў, бо пры наяўнасці тэхнічнай спецыяльнасці першы дыплом атрымаў усё ж у Інстытуце культуры. Так што нават сёння не зможа адказаць адназначна, хто ён – фізік ці лірык: “Я пайшоў у дзеда Сяргея Іванавіча, які быў запявалам у лейб-гвардыі Мікалая ІІ”.

У трынаццаць ён зрабіў першы радыёперадатчык, а ў восьмым класе ўжо спяваў са сцэны гарнізоннага Дома культуры. Цікавіўся баявымі самалётамі, ракетамі і іграў у школьным ансамблі на гітары. Нават у арміі адказваў за адпачынак саслужыўцаў у клубе дывізіі. І дзе б не працаваў, ствараў ансамблі або нават тэатры.

Самае вялікае расчараванне Алега Барысавіча, што па стане здароўя не прайшоў камісію на паступленне ў ваеннае вучылішча. Вырас жа ў гарнізонах, бацька служыў начальнікам часці, якая займалася рамонтам баявых самалётаў. У якасці стралка быў збіты падчас кітайскага інцыдэнту і сямейная рэліквія – медаль, які яму ўручаў Мао Цзэдун. Зразумела, што як і большасць аднакласнікаў хацеў быць афіцэрам, у прыватнасці, займацца радыёэлектронікай. А калі варыянт з вучылішчам ужо не разглядаўся, дырэктар школы, які верыў у хлопцаў і нават набыў інструменты для ансамбля, параіў Інстытут культуры. Падтрымаў, вымуштраваў з чытаннем байкі і загадчык гарнізоннага клуба. Конкурс на той час на рэжысуру быў вельмі вялікі. Аднак “выдатна” атрымаў і за акцёрскае майстэрства: спадабаўся голас, і за рэжысуру.

– Я ж тады нічога не прыдумваў, сваё бачанне масавых мерапрыемстваў расказаў пад уплывам сапраўднага шоу, якое падчас свята Перамогі ладзілася ў гарнізоне ў Германіі. Цяпер гэта называюць рэканструкцыяй. У шасцідзясятых жа памяць аб вайне была настолькі жывой, што падчас прадстаўлення ўсе лічылі сябе ў эпіцэнтры падзей. Мы, хлапчукі, таксама, бо гулялі ў сапраўдным “Мессершміце”, кавалачак якога прывёз з сабой у Саюз…

Так Алег Іваноў стаў студэнтам. Зоркавыя паходы па ўсёй рэспубліцы, захапленне фотасправай (на факультэце грамадскіх прафесій ён атрымаў дыплом фотакарэспандэнта), байдаркамі, музычнае суправаджэнне вяселляў. І гэта прытым, што ўжо першакурснікам працаваў у сваёй ВНУ лабарантам складанага абсталявання. Занятасць па 20 гадзін 7 дзён на тыдні захаваецца ў яго на ўсё жыццё. Як і ўсё жыццё будуць жыць у ім паралельна рамантызм, мастацтва і веданне дакладных навук, што гарманічна спалучаецца пры яго рабоце канцэртмайстрам школы мастацтваў. Падабраць, а потым апрацаваць пад канкрэтнага вучня рэпертуар, напісаць фанаграму. А паколькі выдатна разбіраецца ў складанай апаратуры, на ім усё тэхнічнае суправаджэнне канцэртаў, гук. Гэта так, добраахвотны дадатак. А як на музыканце з вялікім стажам выступлення на сцэнічных пляцоўках, у якасці другога інструмента вядзе барабаны і гітару. І зноў вучыцца ва ўніверсітэце культуры на двухгадовых курсах павышэння кваліфікацыі.

“Каб не захварэць альцгеймерам”, – жартуе востры на язык канферансье, добра вядомы ўшачанам па розных святочных канцэртах. Лёгкі на пад’ём, ён выручыць, выйдзе на сцэну ў любы выхадны, якіх лічы што няма. Сёлетняе свята работнікаў культуры, як і многія іншыя, адкрываў ансамбль “Астурыя”, у складзе якога таксама А.Б.Іваноў. Сем гадзін жывой музыкі падарыў нядаўна калектыў “Джазі” на пляцоўках “Славянскага базару”, два дзвюхгадзінныя канцэрты на “Чыжоўка-арэне” падчас правядзення сталічных кірмашоў. А на дні пісьменства ў Полацку ля іх палаткі сабраліся і гледачы, і музыканты. Без маладога калектыву не абыходзіцца ўжо ніводнае масавае свята, а ўшачане змаглі пабываць на двух яго сольных канцэртах.

– Назіраю за дзяўчатамі, бачу, як яны любяць джаз, як адпавядаюць стылю, і ганаруся імі. Маё пакаленне вырасла на гэтым жанры, а тут сучасная моладзь… А якая самая вялікая радасць для музыканта? Яго інструмент. І трэба было бачыць, як свяціліся вочы ў дзяўчат, калі мы выбралі прафесійную гітару Анжаліцы Красновай, калі я набыў амерыканскую гітару, ударнікі і нават блокі спецэфектаў. Цяпер наш малады калектыў практычна поўнасцю ўкамплектаваны сваёй сучаснай прафесійнай апаратурай.

А ў вольны час Алег Барысавіч разам з жонкай як і ў маладосці здзяйсняюць водныя паходы на байдарцы. Па Бярэзіне, па азёрах Ушаччыны… У гэтага аптымістычнага вясёлага чалавека вельмі шмат знаёмых і сяброў, сярод якіх, напрыклад, быў сын Якуба Коласа. “Пабеду” класіка яны так і не аднавілі, хоць і збіраліся, а вось свае першыя “Жыгулі” набыў дзякуючы ўдзелу ў рэстаўрацыі сядзібы народнага паэта.

Жыць цікава, калі ты развіваешся, калі ўвесь час у дынаміцы, сцвярджае гэты творчы чалавек, імя якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *