Ушачские правохранители стали лучшими на чемпионате УВД Витебского облисполкома по самообороне

Cпорт

За ўсю гісторыю правядзення чэмпіянатаў упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама па самаабароне ўшацкія праваахоўнікі яшчэ не мелі такога высокага выніку – участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Дзмітрый Гардзіёнак і оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Станіслаў Коршун, якія прадстаўлялі аддзел на спаборніцтвах, занялі не толькі лідарскія пазіцыі ў асабістым першынстве, але і заваявалі першае агульнакаманднае месца сярод 21 каманды-ўдзельніцы!

Захапленне спортам у Дзмітрыя яшчэ са школьнай пары. У 2013 годзе ён скончыў Беларускі дзяржуніверсітэт фізічнай культуры, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па дзюдо, пазаштатным інструктарам па фізічнай падрыхтоўцы ў РАУС. Малады чалавек рэгулярна наведвае трэнажорную залу, трымае сябе ў добрай фізічнай форме. Для перамогі, лічыць, патрэбны правільны настрой, асаблівая сабранасць, каб своечасова заўважыць памылкі саперніка, адзначыць яго слабыя і моцныя бакі, а выходзячы на паядынак, неабходна цалкам засяродзіцца на ім, выкласціся на ўсе сто працэнтаў. Такі ж падыход Д.Гардзіёнак прымяняе і ў службе, дзе хапае сітуацый, што патрабуюць сілы волі, умення працаваць над сабой.

Станіслаў сур’езна заняўся адзінаборствамі падчас вучобы ў Магілёўскім інстытуце Міністэрства ўнутраных спраў, прадоўжыў заняткі і калі прыйшоў сёлета на службу ва Ушацкі РАУС. Імкнецца рэгулярна рабіць зарадку, з задавальненнем бегае, займаецца на турніку. На прапанову прыняць удзел у чэмпіянаце па самаабароне пагадзіўся адразу: хацеў ацаніць узровень сваёй падрыхтоўкі ў сапраўдных “баявых” умовах. Прызнаецца, што не разлічваў трапіць у лік пераможцаў на такіх спаборніцтвах, і сціпла падкрэслівае, што ў спорце немалаважную ролю адыгрывае ўдача.

Але ж маладыя ўшацкія чэмпіёны ярка прадэманстравалі свае валявыя навыкі і ўменні, і можна не сумнявацца, што ў выпадку неабходнасці яны прыменяць іх і падчас нясення службы.

Самаабарона без зброі – службова-прыкладны від спорту, і валодаюць ім на належным узроўні ўсе супрацоўнікі Ушацкага РАУС – на апошніх выніковых занятках па фізічнай падрыхтоўцы, праведзеных пры ўдзеле камандавання ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, аддзелу выстаўлена агульная адзнака “выдатна”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *