В Ушачах чествовали победителей районного конкурса по благоустройству

Благоустройство

“Які ў вас утульны, прыгожы пасёлак!” – такія кампліменты з боку гасцей Ушаччыны сталі абсалютна звычайнай з’явай. Магчыма, няма ў нашага раёна вялікага вытворчага патэнцыялу, але ў навядзенні парадку на зямлі, захаванні і прымнажэнні яе прыроднай прыгажосці мы павінны дасягаць поспехаў – і прыкладаем для гэтага шмат намаганняў. Сведчанне таму – раённы агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, ушанаванне пераможцаў якога адбылося 7 лістапада ў знамянальную дату стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На дзяржаўным узроўні

“Добраўпарадкоўваць тэрыторыі неабходна для таго, каб краіна мела свой твар. Чысціня і парадак – пытанне нумар адзін”, – прывяла на мерапрыемстве словы Прэзідэнта нашай дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Не пагадзіцца з гэтым нельга, таму ў справу навядзення парадку на зямлі ўкладаецца шмат сіл і сродкаў. І агульныя намаганні ўлады, прадпрыемстваў і арганізацый, жыхароў раёна даюць адчувальны плён ва ўпрыгожанні райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў.

Сёлета ў раёне праведзена 5 суботнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторый, у якіх прынялі ўдзел каля 8 тысяч чалавек – членаў працоўных калектываў, навучэнцаў, жыхароў населеных пунктаў. Дапамагалі ўшачанам і замацаваныя арганізацыі горада Полацка – тут можна вылучыць, напрыклад, друкарню “Спадчына Скарыны”. Заробленыя на суботніках сродкі накіраваны на аплату дастаўкі ваеннай тэхнікі на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, добраўпарадкаванне тэрыторыі ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, рамонт царквы святой Параскевы Пятніцы ў Арэхаўне і на вырашэнне іншых пытанняў.

Падтрымліваліся ў належным стане месцы баявой і воінскай славы, у вёсцы Белае Сарочынскага сельсавета ў памяць аб ахвярах вайны ўстаноўлена новая мемарыяльная дошка. Наведзены парадак на 17 грамадзянскіх могілках, дзе абсталяваны пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў, выдалены аварыйныя дрэвы, устаноўлены ці адрамантаваны агароджы.

Нямала сёлета было зроблена па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку Сасноўскага – скошваннем, пераворваннем і ўнясеннем гербіцыдаў ён знішчаны на 792 гектарах, 242 былі абкошаны паўторна. Ліквідавана 18 несанкцыянаваных звалак, наведзены парадак на 14 міні-палігонах цвёрдых бытавых адходаў, рэкультываваны выведзеныя з эксплуатацыі палігоны ў Вяркудах, Вацлавове, Дубраўцы, Селішчы.

Прырастае новымі сучаснымі аб’ектамі наш райцэнтр, сапраўднай жамчужынай якога стаў уве­дзены сёлета ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”. А неўзабаве гарпасёлак будзе яшчэ больш прыгожым: вядуцца работы па капітальным рамонце ясляў-сада №3, рэканструкцыі старога будынка школы.

Ударна працаваць і дастойна выглядаць

Трэба сказаць, што ў справе добраўпарадкавання ў той ці іншай ступені задзейнічаны літаральна ўсе арганізацыі і жыхары Ушаччыны. Тых жа, чый унёсак сёлета быў найбольш важкім, давялося вызначаць раённай камісіі. Адразу скажам, што далося гэта няпроста, бо ў шэрагу намінацый былі прадстаўлены па некалькі дастойных кандыдатаў на перамогу. Спрэчныя моманты горача абмяркоўваліся, а кансэнсус дасягаўся з дапамогай галасавання.

Зрэшты, былі ў конкурсе і “безальтэрнатыўныя” намінацыі. Так, лепшым сельгаспрадпрыемствам у плане добраўпарадкавання прызнана ААТ “Ільюшынскі”. Яго дырэктар Сяргей Анатольевіч Халімоненка ўзняўся на сцэну за дыпломам і каштоўным падарункам, якія ўручалі старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і В.М.Захарэнка, у чарговы раз, і абумоўлена гэта тым, што ў гаспадарцы навядзенню парадку на вытворчых аб’ектах увага надаецца пастаянна – належным чынам выглядаюць тэрыторыі ля адміністрацыйнага будынка, машыннага двара, на якім, дарэчы, нядаўна ўстаноўлена новая агароджа з металапрофілю.

Не было канкурэнтаў і ў магазіна “Барвёнак” (загадчык Юлія Алегаўна Аўтух), які дастойна выконвае ролю гандлёвай візітоўкі раёна, бо размешчаны на бойкай трасе ў Сарочыне, а таксама Дубраўскага сельскага клуба (загадчык Іна Генадзьеўна Паўловіч), тэрыторыя ля якога з’яўляецца ўпрыгожаннем вялікай вёскі – яны сталі лепшымі сярод прадпрыемстваў гандлю і ўстаноў культуры адпаведна.

Вялікадолецкі сельсавет, старшынёй якога з’яўляецца Алег Леанідавіч Сыс, адваяваў пальму першынства ў Сарочынскага і Кубліцкага, якія таксама прэтэндавалі на перамогу ў гэтай намінацыі.

Прывабны воблік нашага райцэнтра ў вялікай ступені фарміруюць размешчаныя тут прадпрыемствы і арганізацыі. На працягу многіх год эталонам добраўпарадкавання з’яўляецца Ушацкі раён газазабеспячэння філіяла ВУ “Полацкгаз”, калектыў якога пастаянна ўвасабляе ў жыццё новыя ідэі ландшафтнага дызайну, стварае элементы садова-паркавых кампазіцый. Дагледжаны выгляд маюць будынкі і тэрыторыя філіяла ДРБУ №105, шмат сёлета зроблена на аб’ектах Ушацкага РАНС, пастаянна падтрымліваюцца ў належным стане тэрыторыі ля банкаў, некаторых іншых арганізацый. Аднак лепшай у гарпасёлку была прызнана ДЛГУ “Ушацкі лясгас” (выконваючы абавязкі дырэктара Уладзіслаў Уладзіміравіч Цвірко), бо сёлета тут па добраўпарадкаванні зроблена вельмі шмат: пафарбаваны фасады прахадной і гаражоў, заасфальтавана тэрыторыя вытворчай базы, выраблены малыя архітэктурныя формы, устаноўлены памятныя знакі. Узорнымі ў плане добраўпарадкавання з’яўляюцца і абсалютна ўсе лясніцтвы лясгаса, ну а самым дастойным прызнана Сарочынскае.

Значны аб’ём работ па ўпрыгожанні тэрыторый кожны год выконваюць установы адукацыі, а таму вызначыць пераможцу ў гэтай намінацыі таксама складана. Кубліцкая дзіцячы сад-базавая школа названа лепшай з улікам дадатковага крытэрыю: тэрыторыя ўстановы даволі вялікая, і каб навесці на ёй парадак і прыгажосць нешматколькаснаму калектыву на чале з дырэктарам Марыяй Васільеўнай Ярмош даводзіцца прыкладаць удвая больш намаганняў. Атрымала ў гэты вечар узнагароду і Глыбачанская дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Б.І. Юркіна, якая перамагла ў намінацыі “Лепшы аб’ект аграгарадка”. Сёлета ўстанова, якой кіруе Віктар Пятровіч Котаў, “прырасла” не толькі значным дэсантам вучняў, а і мноствам новых элементаў добраўпарадкавання.

Каб жыць камфортна і радасна

Ды ўсё ж бадай самым складаным для членаў камісіі было вызначыць лепшы сельскі населены пункт: на гэта званне рэальна прэтэндавалі каля дзясятка вёсак, бо асобныя сельвыканкамы прадставілі на раённы конкурс і па два населеныя пункты. Прыняць адназначнае рашэнне тут было практычна немагчыма, бо сярод суіскальнікаў меліся і вялікія, як Матырына, Сарочына ці Вашкова, і “прыазёрныя” кшталту Крывушчына і Мірнага, і маленькія Асінаўка з Лісічынам. Урэшце менавіта апошняя вёска атрымала ганаровае званне – да вялікай радасці нястомнага старэйшыны Мікалая Іванавіча Піскуна і ўсіх яе пастаянных і сезонных жыхароў. Не прыніжаючы заслуг іншых вяскоўцаў, трэба сказаць, што лісічанцы заслужылі перамогу, бо з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй маленькай радзімы і не шкадуюць сіл, часу і сродкаў на тое, каб жыць тут было камфортна і радасна! “Кожныя выхадныя мы з жонкай Марынай абавязкова едзем у Лісічына, – расказвае палачанін Васіль Іванавіч Лісіца. – Сваю сядзібу ўпрыгожваем кветкамі, кампазіцыямі з камянёў, ахвотна прымаем удзел і ў справах па доглядзе месцаў агульнага карыстання. А як жа не трымаць у парадку зямлю, дзе прайшло жыццё маіх дзядулі і бабулі, а зараз жыве мама… Мы і дзяцей прывучаем шанаваць спрадвечную вотчыну”.

Дэлегацыя Кубліцкага сельсавета аказалася бадай што самай прадстаўнічай, а за званне лепшага населенага пункта з Лісічына маглі б канкурыраваць і Кублічы. Шмат дагледжаных сядзіб у аграгарадку, ну а сапраўдным аазісам прыгажосці з’яўляецца 1-ы Маладзёжны завулак: Аляксандр Валер’евіч і Вольга Віктараўна Кляпец прымацуюць на бачнае месца шыльду “Дом узорнага парадку”, а падворак іх суседзяў Уладзіміра Юр’евіча і Зінаіды Мікалаеўны Краўчанка прызнаны самым адметным сярод ветэранскіх.

Лепшыя домаўладанні працаздольных грамадзян і пенсіянераў выбраны і па астатніх сельсаветах. У Глыбачанскім іх гаспадары – таксама жыхары аграгарадка. На сядзібу Валерыя Уладзіміравіча Гушчы і Таццяны Уладзіміраўны Лашкевіч можна вадзіць экскурсіі і нават немагчыма паверыць, што будавацца гаспадары пачалі толькі 7 год таму. Зразумела, што тут пануе ідэальны парадак, але адметнасць у іншым – у доме абсталяваны більярдная і трэнажорная зала, а тэнісная ўмела спалучаецца з майстэрняй, на даху лазні маецца адкрытая тэраса з невялікімі вежамі, трапіць на яе можна ў тым ліку і з другога паверхадома… І гаспадары сцвярджаюць, што гэта далёка не ўсе іх задумкі! Ветэраны ж працы племсаўгаса “Глыбачаны” Мікалай Усцінавіч і Ганна Іванаўна Дубко з дапамогай дзяцей, не зважаючы на ўзрост, з году ў год падтрымліваюць на сваім падворку кветкавую феерыю, дзе паміж радамі ў сонечнае надвор’е можна ўбачыць… вясёлку над фантанам!

Не могуць не падтрымліваць належны стан на сваёй і прылеглай тэрыторыі Андрэй Анатольевіч і Вольга Анатольеўна Іванковіч з Вяркуд – жанчына працавала у сельвыканкаме, сама неаднойчы падводзіла вынікі конкурсу на лепшую ся­дзібу. А ў лік пераможцаў трапілі толькі зараз, калі гаспадыня ўжо некалькі гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку, хаця заслугоўвалі гэтага Іванковічы і раней. Лепшым жа ветэранскім падворкам у Вяркудскім сельсавеце стала ўладанне Эмы Маркіянаўны Дубчонак з Крывушчына, вёскі, якая намініравалася на лепшую ў раёне, але саступіла некалькі галасоў Лісічыну. “У наступным годзе зноў будзем падаваць Крывушчына на конкурс!” – кажа старшыня сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак. – Тут кожны з дамоў дастойны ўвагі”.

Дзівосы перыферыі

Тое ж можна сказаць і пра Матырына, дзе гаспадары імкнуцца, як кажуць у народзе, “адзін перад адным” з густам аздобіць свае сядзібы. Менавіта ў гэтым населеным пункце і лепшы ветэранскі падворак – Віктара Іванавіча і Таццяны Герасімаўны Карпечанковых. “Прыемна, што адзначаны нашы сціплыя клопаты, – усміхаюцца задаволеныя пенсіянеры. – Але ж у Матырыне многа годных гаспадароў і сярод маладзейшых, прынамсі, любы з нашых суседзяў! Магчыма таму – каб каго не пакрыўдзіць – і не намініравалі на “Дом узорнага парадку” нашых аднавяскоўцаў?!”. Нельга не пагадзіцца з ветэранамі, але на тэрыторыі Ушацкага сельсавета і ў іншых населеных пунктах хапае домаўладальнікаў з фантазіяй і залатымі рукамі – пальма першынства дасталася Валерыю Аляксеевічу і Наталлі Генадзьеўне Апёнак з Двор Пліна. А лепшы маладзёжны падворак у раёне сёлета ў вёсцы Ліпавец – бацькі дваіх дзетак Аляксандр Віктаравіч і Святлана Восіпаўна Мялешка, уздымаючыся на сцэну, прыкметна хваляваліся. Але ўвагу і пашану яны заслужылі дбайным доглядам за “прэзідэнцкім” домікам, дзе навялі і падтрымліваюць належны парадак. Што і казаць – у адрозненні ад многіх іншых гора-гаспадароў, якія “качуюць” з аднаго службовага памяшкання ў другое і палец аб палец не ўдараць, каб зрабіць нешта ў дадатак да прадстаўленых дзяржавай выгод.

Наогул, геаграфія населеных пунктаў, дзе пражываюць лепшыя гаспадары, радуе – адмысловыя архітэктурныя формы і незвычайныя элементы паўстаюць і ў ціхіх, невялікіх вёсачках, убаку ад бойкіх вуліц і дарог. Як на сядзібах Аляксея Расціслававіча і Алесі Анатольеўны Падгола з Наваселля ці пенсіянераў Віктара Мікалаевіча і Тамары Васільеўны Мікалаевых з Гуты, якія на свяце лепшых гаспадароў прадстаўлялі Жарскі сельсавет. Часам нават становіцца сумна, што такую прыгажосць бачыць невялікая колькасць людзей. Зрэшты, ствараюць яе гаспадары ў першую чаргу для сябе. У Вялікадолецкім сельсавеце “Домам узорнага парадку” сёлета прызнана ўладанне Аляксандра Аляксандравіча і Таісы Іванаўны Алексяёнак з Касароў, а вось лепшы ветэранскі падворак знаходзіцца па адрасе “вёска Садкі, 22”. Пра Лілію Ульянаўну Нішчык, гаспадыню цудоўнага дома на ўлонні прыроды, мы ўжо пісалі, а месца гэта стапрацэнтна з катэгорыі “лепш адзін раз убачыць” – гектар тэрыторыі ператвораны ў дзівосны куток. Не ўтойваў радасці падчас узнагароджання пенсіянеркі ляснічы Сарочынскага лясніцтва С.М.Ільюшэвіч: “Лілія Ульянаўна набыла дом маіх бацькоў і мне вельмі прыемна, што хата ў маленькай вёсцы, дзе я вырас, дзе прайшло маё дзяцінства, не спарахнела, а дзякуючы гэтай руплівай жанчыне і яе спадарожніку жыцця занава адрадзілася!”

Сам жа Сяргей Міхайлавіч жыве зараз у Сарочыне і не толькі кіруе адным з эталонных аб’ектаў па добраўпарадкаванні, а і паказвае прыклад вяскоўцам, пабудаваў вельмі прывабную сядзібу. Але ў аднайменным сельсавеце сёлета вырашылі адзначыць уладанні іншых: лепшым ветэранскім падворкам валодае жыхарка Слабады Аліна Антонаўна Байкова, а “Домам узорнага парадку” – Сяргей Генадзьевіч і Валянціна Анатольеўна Ляшковы з непрыкметных лясных Крыжоў. Гэтыя людзі з няпростай гісторыяй жыцця нарадзіліся на Урале, значны час працавалі на Украіне, адкуль вымушаны былі пераехаць у Беларусь. У Крыжы трапілі ў 1999 годзе і… узялі шэфства над усёй вёскай! У ёй падрастае рабінавая алея, высаджаная Ляшковымі, якія гадамі “трымаць абарону” ад баршчэўніку – абкошваюць населены пункт і нават за ўласны кошт набываюць гербіцыды. Іх сядзіба ўражвае незвычайным аздабленнем у першую чаргу з выкарыстаннем даступнага прыроднага матэрыялу – каменю. І якім жа было наша здзіўленне, калі даведаліся, што выкладзеныя дарожкі да пабудоў не столькі элемент дэкору, а жыццёвая неабходнасць – Сяргею Генадзьевічу так зручней арыентавацца, бо ён інвалід першай групы па зроку і амаль не бачыць тую прыгажосць, якую стварыў і працягвае ствараць.

“Аазісы” гарпасёлка

Традыцыйна па тры ўзорныя домаўладанні і ветэранскія падворкі выбраны ў гарадскім пасёлку. Тут членам камісіі таксама давялося паламаць галаву – многія ўшачане гадамі падтрымліваюць эталонны парадак на сваіх сядзібах і пераможцамі іх можна прызнаваць ледзь не кожны конкурс. Таму ва ўлік прымаліся менавіта аб’ёмы зробленага за год і тое, ці ўзнагароджваліся гаспадары раней. З вялікай колькасці дастойных пераможцамі прызнаны дамы з розных частак гарпасёлка: Сяргей Генадзьевіч і Галіна Валер’еўна Глінскія пражываюць на Школьнай, Аляксандр Анатольевіч Емельянаў – на Полацкай, а Юрый Канстанцінавіч і Алена Васільеўна Пашковіч прадставілі вуліцу Лугавую. А вось у ліку лепшых ветэранскіх падворкаў кампанію ся­дзібе Ніны Уладзіміраўны Філімонавай з вуліцы Ленінскай склалі дзве сядзібы з Піянерскай – Ніны Антонаўны Казьянін і Марыі Восіпаўны Літвінавай. Пасля заканчэння ўрачыстасці апошняя ў адказ на наша пытанне, чым адметны яе падворак, і жарт аб самай прыгожай “піянерска-пенсіянерскай” вуліцы адказала наступнае:

– Асаблівым нічым не вылучаецца. Лаўкі разныя драўляныя, альтанка, калодзеж, кветак многа – іх вельмі люблю. Штосьці яшчэ муж рабіў, зараз дапамагаюць дачка з зяцем, сын таксама не забывае. Карацей кажучы – усё як у людзей. Мне здаецца, што на нашай вуліцы, а тым больш у гарпасёлку, ёсць сядзібы больш дастойныя ўвагі. Калі мне сказалі, што маю абралі адной з лепшых і трэба ісці на ўрачыстасць, аж ціск падскочыў, бо перажывала, што заняла месца кагосьці…

У асноўным яны такія ўсе – разважныя і сціплыя. Але менавіта гэтыя якасці разам з любоўю да працы і цягай да самаўдасканалення дапамагаюць лепшым гаспадарам пераўтвараць свае сядзібы ў сапраўдныя мастацкія шэдэўры. Яны натхняюць сваім прыкладам сяброў і суседзяў, дзякуючы чаму асобныя вуліцы і нават вёскі становяцца “аазісам” чысціні і парадку. Застаецца толькі спадзявацца, што іх колькасць будзе расці, а Ушаччына і надалей будзе здзіўляць гасцей не толькі прыгажосцю прыроднай, але і рукатворнай.

Д.РАМАНОЎСКІ, Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *