Запасной аэродром, или Если есть выбор. Наш земляк Тимур Михалевич учится в Канаде

Наш современник Наши земляки

Цімур Міхалевіч у гэтыя канікулярныя дні ў віцебскай гімназіі №2, якую летась скончыў, выступае ў якасці “нагляднага дапаможніка”: ілюструе магчымасці, што адкрывае перад моладдзю добрая вучоба. Атрымаўшы 365 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, ён быў першым у рэйтынгу Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. І вось ужо студэнт… UWC Pearson Gollege, што ў Канадзе. Як апынуўся за далёкай мяжой, аб чым сумуе, ці хапае ведаў, каб асвойваць навуку на чужой мове, і якія перавагі Радзімы паспеў адчуць. Аб гэтым нам расказваў юнак, які наведаўся ва Ушачы да дзядулі Рамана Васільевіча, на могілкі родных, а таксама Рыгора Барадуліна.

– Ніколі не думаў, што я такі патрыёт. У далечыні ад родных, знаёмых, сяброў, настальгія па Радзіме адчуваецца востра. У гэтым вялікі мінус вучобы за мяжой. Таму абавязкова імкнуся мець зносіны праз інтэрнэт, у тым ліку, каб не забываць мову. А калі чуеш яе без акцэнту там, землякамі становяцца людзі не толькі з Беларусі, а і з Расіі, Казахстана…

Як апынуўся ў Канадзе? На ўсялякі выпадак, каб мець запасны аэрадром, у Мінску прайшоў гутарку-іспыты ў беларускім камітэце руху UWC. Гэта цэлая сетка каледжаў па ўсім свеце, якая пашыраецца і ўжо з’яўляецца ў рэспубліках былога Саюза. А 12 чэрвеня, у дзень першага экзамену па ЦТ, атрымаў запрашэнне. Ад радасці не скокаў, працягваў здаваць іспыты і бачыў сябе за штурвалам самалёта.

У акадэміі авіяцыі здзівіліся, калі ўбачылі абітурыента з такімі баламі, усё дапытвалі, мабыць з родных хто лётаў, адкуль імкненне да неба. Цімур тлумачыў, што гэта мара… якая, аднак, разбілася паўторнай медыцынскай камісіяй. Заставаўся ўжо не лётны факультэт, а кіраванне паветранымі лініямі (дыспетчар). І вось тады рашыўся на Канаду, тым больш што яму пайшлі насустрач, адмяніўшы і частковую аплату: пры поўным кошце навучання 49 тысяч долараў бацькам трэба было б заплаціць тры.

Каледж Пірсан знаходзіцца адасоблена, фактычна ў лесе на беразе акіяна непадалёк ад порта Ванкувера, а першы тэст, які там здаюць – гэта плаванне: паколькі на вадзе праводзяцца розныя мерапрыемствы. Усе прадметы выключна на англійскай мове. Нечакана Цімур адчуў, што зусім не ведае яе… Адбылося гэта падчас святочнага мерапрыемства ў горадзе: слухаў шчабятанне моладзі і нічога не разумеў. Слэнг, вельмі хуткае маўленне і – фактычна не засталося нічога ад той акадэмічнай мовы, якую вывучаў. Такі эфект быў хутчэй ад нечаканасці, таму што вось ужо некалькі месяцаў хлопец адчувае сябе ў англійскамоўным асяроддзі як рыба ў вадзе. Аднак перакананы, што школьнай праграмы было б недастаткова. Ён вывучаў замежную мову паглыблена – пераможца абласнога і ўдзельнік заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, падчас якой пасябраваў з Паўлам Гардзіёнкам і зараз працягваюць зносіны. Меў моўную практыку і падчас наведвання Амерыкі па праграме маладзёжнага лідарства.

А кола знаёмых у Цімура зараз значна пашырылася, паколькі ў каледжы вучацца прадстаўнікі 170 краін і гучыць 50 моў свету. Выкладчыкі пераважна мясцовыя, аднак ёсць і з Оксфардскага ўніверсітэта, і яны, па словах Цімура, намнога больш, чым нашы, залежаць ад электронных сродкаў перадачы інфармацыі. І калі знікае электрычнасць (а такое бывае з-за моцных вятроў), то і заняткі лічы прыпыняюцца. А вось літаратуру выбіраеш па гусце, зразумела, Цімур будзе здаваць тэст па беларускай. Студэнты на поўным забеспячэнні, жывуць у спецыяльных доміках пад лёгкім наглядам дарослай сямейнай пары, аднак на занятках кожны сам за сабе, няма нашага паняцця ўзаемавыручкі. У другой палове дня хапае часу на падрыхтоўку, а таксама хобі: Цімур наведвае хор, займаецца футболам і ёгай.

“Месца вучобы не выбіраеш. Я мог трапіць у Кітай ці Арменію, тады мабыць не было б праблем з ежай. У нас у разы усё смачней і натуральней, там жа пераважна бабовыя, мясных страў практычна няма, з-за бюджэту ўстановы, бо ўсё нятанна. Падчас футбольнага матчу зламаў руку, добра, што была часовая страхоўка, паколькі гіпс каштуе 350 долараў, праўда, пытаюцца, якога б колеру жадаў. Дарэчы, у паліклініцы я прачакаў дапамогі 4 гадзіны, а пералом выявілі толькі пасля трэцяга здымка. Лячэнне зубоў наогул не ўваходзіць у страхоўку і лепш мець трывалыя. У разы лепей, дарэчы, і ўшацкі басейн, які я наведаў па парадзе бацькі: вада цяплейшая, а ў каледжы пастаянна трэба рухацца, каб сагрэцца”, – разважае хлопец.

Там ён абраў спецыялізацыю “Эканоміка”, праз два гады атрымае ступень міжнароднага бакалаўра, пасля чаго – вышэйшая ўстанова. У Беларусі яна будзе ці за мяжой, як і месца працы, – выбіраць Цімуру. Дарэчы, важным прынцыпам адукацыі ў сістэме UWC з’яўляецца жаданне па заканчэнні вярнуцца дамоў. Галоўнае, што выбар у яго ёсць. Як і ў кожнага, хто не лянуецца.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *