Лучшие рыболовы области соревновались на озере Черствядское в Ушачском районе

В общественных организациях Мир увлечений

У суботу на беразе возера Чарсцвядскае ўзняўся сцяг Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Менавіта гэты вадаём на Ушаччыне другі год запар стаў месцам правядзення абласных спаборніцтваў па лоўлі рыбы на мармышку з лёду.

Заключнаму этапу абласных спаборніцтваў папярэднічалі міжраённыя, а таму ў нас сабралася ўжо пяцёрка самых лепшых каманд з Пастаў, Оршы, Шуміліна, Сянно і Полацка. Акрамя гэтага, паўдзельнічаць у асабістым заліку праявілі жаданне больш 20 чалавек, сярод якіх была і адна жанчына.

Ушачане хоць і не трапілі ў пераможную пяцёрку, але загадзя рыхтаваліся дастойна прыняць гасцей: напярэдадні выбіралі ўчастак вадаёма з адносна аднолькавымі ўмовамі – рэльефам дна, глыбінямі, расліннасцю, разбівалі месца лоўлі на зоны і сектары. Дарэчы, канкрэтнае месца ўдзельнікам даставалася па выніках жараб’ёўкі. Рыбаловам, а іх у кожнай камандзе было па тры чалавекі, дазвалялася карыстацца толькі адной вудай з адной мармышкай, мець пры сабе запасную. За тым, каб удзельнікі не парушалі правілы, уважліва сачыла строгае журы. Тры гадзіны “варажылі” аматары каля лунак, у кожнага былі свае метады лоўлі. Трэба сказаць, што надвор’е ў гэты дзень было не самае спрыяльнае для выдатнага клёву і 80 працэнтаў улову складалі маленькія яршы. Найбольш пашанцавала камандзе з Сянно, на рахунку якой аказалася паўтара кілаграма рыбы, на 250 грамаў адсталі ад яе полацкія рыбаловы, заняўшыя другое месца, ну а “бронза” спаборніцтваў на гэты раз дасталася Шуміліну. Пераможцы атрымалі дыпломы і кубкі, а таксама каштоўныя падарункі, якія спатрэбяцца ім на рыбалцы – ледабур, скрыню, наборы ставак.

– Падобныя спаборніцтвы праводзім для прапаганды рыбалоўнага спорту як формы актыўнага адпачынку, абмену вопытам паміж рыбаловамі, павышэння майстэрства, – адзначыў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БТПР С.Рэдненка.

Абмяркоўваючы вынікі спаборніцтва за смачнай юшкай, рыбаловы ў чарговы раз адзначалі, што не столькі важны аб’ём улову, колькі сам працэс лоўлі, і перашкодай гэтаму не з’яўляецца ні надвор’е, ні адлегласць.

Завяршыць жа зімні рыбалоўны сезон БТПР мяркуе абласным рыбалоўным фестывалем, які пройдзе ў Бешанковіцкім раёне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *