У старательных хозяев растёт всё при любой погоде!

Благоустройство Личное подсобное хозяйство Мир увлечений

Надвор’е не ўдалося, з-за дажджоў нічога не спее. Пабываўшы ў гасцях у Алены Ціханаўны і Ігара Уладзіміравіча Швейкусаў, зразумела, што ўсё гэта адгаворкі. У руплівых гаспадароў расце літаральна ўсё і заўсёды: 36 гатункаў вінаграду, 12 – клубніц, па 10 – груш і бульбы, 11 – яблыкаў, 70 кустоў руж. І не ў ідэальных сартах справа, хаця любімыя, канечне, ёсць.

Рабочым конікам, напрыклад, называе Алена вінаград “Алёшынькін” – без костачак, ранні, заўсёды ўраджайны. Наогул жа ў іх каля 50 кустоў сталовых сартоў. Роўнымі радамі падымаецца лаза і займае адчувальныя плошчы на абодвух участках у 25 сотак. Расце і ў адкрытым грунце, і ў дзесяціметровым парніку. Як памяшчаюцца немаленькія кусты? Ды цяпліцы ўсе самаробныя, намнога вышэйшыя за заводскія. Не столькі для выспявання селяць Швейкусы вінаграднік пад дах, хоць і гэта таксама спрыяе, а страхуюць ад вымярзання, каб не гараваць потым па дарэмнай працы, бо гэтая расліна адымае больш за ўсё часу. Уся лаза абапіраецца на нацягнуты дрот, апрацаваная ад шкоднікаў і хвароб, падкормлена, пасынкі выдалены па некалькі разоў, лісты прарэджаны. Замацаваны – падвязаны галіны, і нават асобныя гронкі, якім цяжка ад сваёй жа вагі. Гэта другагодак “Віктар” урадзіў, адпавядае назве і “Красотка”, ну а “Забава” ўжо набывае ружова-фіялетавую афарбоўку. Алена Ціханаўна – эксперыментатар па характары, таму любой культуры, ад традыцыйнай бульбы да садовых дурніц і бружмелю, у яе не адзін гатунак. Што выпісвае, што купляе, і вельмі многа прышчэплівае – грушы, яблыні, абрыкосы, і нават кавуны.

“Пабачце розніцу. Сорт адзін, высаджваліся адначасова, а памер на прышчэпцы ўдвая большы – падводзіць гаспадыня да грушавай алеі, градкі пад якой закрыты цікавым разным лісцем. – Растуць на лагінарыі – па сутнасці на гарбузе. Аднак у нас чамусьці ў продажы яе насення няма. І калі з’явіліся два лісты і на ёй, і на кавуне, зразаю і прышчэпліваю. Таксама і з агуркамі рабіла, на іх пустацвету няма, уся завязь плоданосіць”.

Хадзіла я па сядзібе Швейкусаў, быццам па батанічным садзе, толькі больш кампактным, дзе практычна кожны кавалак зямлі заняты як карыснымі, так і дэкаратыўнымі раслінамі. “Тут у нас таксама бульба расла, – паказвае Ігар Уладзіміравіч на бетонныя дарожкі і газон, на якім зараз ружы, лілеі, хвойнікі, і нават дзёран. – Ды вырашылі больш месца вызваліць”.

Гаспадар усміхаецца, маўляў, тут не трэба працаваць. Хаця гэта таксама не так. Каб зрабіць роўным былы агарод, давялося шмат зямлі перанесці, утрамбаваць, распланаваць ды пракласці плітку і разбіць кветнікі. Дарэчы, дзёран – не трава, а прыгожае дрэва з бела-зялёнымі лістамі. Наогул такі парадак магчымы, толькі калі абое маюць аднолькавы інтарэс і не гультаі. Газон пастрыжаны, усе клумбы праполаты – сапраўдны кветкавы рай. Ігар Уладзіміравіч падтрымлівае любыя, самыя смелыя ідэі жонкі, а таксама парадак на агульнай тэрыторыі. Дарога ля дома раўнюткая, бо пастаянна засыпае ямкі каменнем, замест зарасніку кустоў – саджалка, абапал якой таксама кусты руж. Наогул за працяглы час домік пры ўчастку, што будаваўся выключна для гаспадарчых мэт і куды раней дабіраліся на веласіпедах, ператварыўся ў райскую фазэнду. Тут і лазня знайшла месца, і пірс, паколькі ўчастак прымыкае да возера. Толькі вось падораныя ім вуда і спінінг так і застаюцца незапатрабаванымі. “Сорамна і казаць, жывём на вадзе, а рыбу, што сёлета падкладвала пад кожнае з 55 каліў памідораў, купляла”, – усміхаецца Алене Ціханаўна.

Хоць у яе родзіць літаральна ўсё, аднак цяпліца з памідорамі – гэта асобная тэма. Як адзін пад столь амаль у тры метры, таматы проста абвешаны гронкамі, трэцяя частка з якіх ужо чырванее. На Купалле Швейкусы заўсёды са сваімі памідорамі, прычым, неадзінкавымі. Ніякіх асаблівых сакрэтаў: градкі адбіты ад праходаў, калівы на два ствалы, толькі сёлета акрамя рыбы пад кожнае гаспадыня паклала і крапіву. І перакінулі ўвесь грунт, каб закрыць сеткай ніз градак – абараніць такім чынам ад кратоў. І вельмі рана, у лютым, высявае расаду.

Для сябе ж абавязкова перайму не толькі гэты вопыт, але і спосаб вырошчвання клубніц, якімі ўнучка гаспадароў уволю ласавалася ўжо на 9 мая. Плоданасілі тыя кусты, што жывуць у кантэйнерах. Зараз яны перанесены за цяпліцы, а вось зімуюць, усыпаныя снегам і цвітуць у ёй, пазней, калі высаджана расада, паднятыя на стэ­лажы: таму і не вымярзаюць, і ў рост пускаюцца раней.

Гатуюць зараз не толькі ўласныя кабачкі, але і баклажаны. Ды наогул няма той расліны, якая б не аддзячыла за ідэальны догляд. “Люблю я ўсё гэта, а вось час за тэлевізарам лічу марнатраўствам”, – кажа Алены Ціханаўна. Няма ў яе і дакладнага распарадку дня. І ў чатыры раніцы нярэдка падымаецца, і апоўначы цяпліцы палівае – адпачывае толькі тады, калі зроблена тое, што неабходна для парадку зараз: прапалоць, прарэ­дзіць, прасвятліць (выдаліць лішнія лісты). Усім гэтым хітрасцям з раслінамі яна і навучылася яшчэ ў дзяцінстве, назірала за цёткай, калі летам бацькі з горада накіроўвалі яе на вёску. І даглядае пасадкі, як любімых блізкіх людзей.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *