40 лет в калейдоскопе цифр. Имя Риммы Казьяниной занесено на районную Доску почёта

Ими гордятся

Напэўна, калі б давялося шукаць сярод ушачан чалавека, якога можна назваць эталонам пастаянства ў працы, то на гэту ролю можна было б смела вылучыць Рыму Міхайлаўну Казьяніну – вядучага бухгалтара цэнтральнай аптэкі №65 Ушацкага раёна. Стаж яе работы ў арганізацыі летась дасягнуў юбілейнай адзнакі ў 40 год – у што, прынамсі, цяжка паверыць, калі бачыш гэту надзвычай абаяльную маладжавую жанчыну. Больш за тое, увесь гэты час яна працавала ў адным кабінеце – у яго шырокім акне, што выходзіць на Савецкую вуліцу, змяняліся пейзажы і нават эпохі, спяшалася па сваіх справах не адно пакаленне ўшачан, і ў цэнтры гэтага калейдаскопа жыцця Рыма Міхайлаўна штодня апелявала лічбамі, бездакорна і пунктуальна выконваючы даручаную ёй справу.

Дарэчы, бухгалтэрыя размясцілася менавіта ў гэтым пакоі невыпадкова. Калі ў пачатку 70-х аптэка пераязджала ў цяперашні будынак са старога, драўлянага, што стаяў ля школы, тагачасны загадчык установы Ксенія Цімафееўна Бандарэнка безапеляцыйна заявіла: спецыялісты, што працуюць з лічбамі, павінны сядзець у самым светлым кабінеце, бо ў іх вялікая нагрузка на вочы. Зрэшты, бухгалтары аптэкі ў тыя часы зусім не штодня “сядзелі ў кабінеце”, бо даволі часта даводзілася ездзіць па раёне з рэвізіямі.

– Калі ў 1977 я прыйшла на работу, у нашай сістэме было каля 40 штатных адзінак. Гэта зараз парашкі, мазі ды кроплі паступаюць да нас з фабрык, тады ж амаль усё гэта выраблялася на месцы, у нашай аптэцы было чатыры фасоўшчыкі, некалькі санітарак, якія займаліся стэрылізацыяй, іншымі дапаможнымі працэсамі. Свае аптэкі меліся ў шэрагу буйных вёсак. Мы ж павінны былі ўсё кантраляваць, а таму давялося вывучыць геаграфію раёна, – расказвае Рыма Міхайлаўна. – Памятаю, як аднойчы зімой прыехала на Вяркудскі ФАП, аўтобус прыходзіў вельмі рана і да адкрыцця пункта заставалася шмат часу. Сумуючай на вясковым прыпынку ўбачыў мяне спагадлівы мясцовы дзядуля і запрасіў у сваю хату, накарміў сняданкам. А былі выпадкі, што, не паспеўшы скончыць рэвізію за дзень, заставаліся начаваць на сяле: як салодка спалася на рускай печы дома ў загадчыцы Дубраўскай аптэкі Ганны Фядотаўны Літвін…

Увогуле Р.М.Казьяніна можа бясконца расказваць літаральна пра ўсіх аптэчных работнікаў, з якімі давялося кантактаваць за гэтыя чатыры дзесяцігоддзі. З асаблівай цеплынёй адгукаецца яна пра сваю настаўніцу ў прафесіі Аляксандру Фёдараўну Хамёнак. Калі маладой дзяўчынай, якая да таго ж не мела адпаведнай адукацыі, Рыма прыйшла ва Ушацкую аптэку, менавіта галоўны бухгалтар узяла яе пад сваё крыло, а за 20 год работы поруч навучыла ўсяму, што ведала сама. З павагай узгадвае Р.Казьяніна ветэрана працы Зінаіду Дзям’янаўну Старадуб, якая была касірам, работніцу Завячэльскай аптэкі Соф’ю Андрэеўну Марковіч, Тамару Сцяпанаўну Быкаву з Кубліч, Алу Іванаўну Волах з Вялікіх Дольцаў, і, вядома ж, загадчыка цэнтральнай аптэкі Соф’ю Паўлаўну Падольскую, якая вельмі шмат зрабіла для развіцця арганізацыі, адзначае, што дастойна працягнула справу папярэдніцы цяперашні кіраўнік Ірына Мікалаеўна Жынь.

Ну а пра заслугі і прафесійныя якасці самой Рымы Міхайлаўны расказваюць яе калегі.

– Лічу, што мне вельмі пашанцавала вось ужо напрацягу 12 год дзяліць гэты кабінет з такім добрым спецыялістам і выдатным чалавекам! – адзначае бухгалтар Таццяна Васільеўна Баравая. – Рыма Міхайлаўна служыць для нас узорам дысцыплінаванасці, пунктуальнасці, акуратнасці. Паглядзіце, у яе нават почырк прыгожы і разборлівы! Я ўжо не кажу пра надзвычайную адказнасць і працавітасць – у нас існавала жартоўная прыкмета: калі Рыма Міхайлаўна ідзе дамоў, наўючаная сумкамі з папкамі, – значыць, наперадзе выхадныя! Увогуле адпачываць і расслабляцца яна проста не ўмее. Нават жаночага хобі сабе за гэтыя гады не завяла: у яе жыцці існуюць толькі аптэка і сям’я, на астатняе не застаецца ні сіл, ні часу…

З гэтай ёмістай характарыстыкай нельга не пагадзіцца. Ну а што датычыцца прыгаданага сямейнага тылу, то і тут яе рысы характару дапамагаюць захоўваць зайздроснае пастаянства: вельмі рана, адразу пасля школы ўступіўшы ў шлюб, Рыма Міхайлаўна разам з мужам выхавала трох цудоўных дзяцей, якія ўжо падарылі ім некалькіх унукаў і нават праўнука!

– Любому кіраўніку хочацца, каб у яго калектыве былі такія надзейныя людзі, – адзначае І.М.Жынь. – І нам вельмі прыемна, што партрэт нашай Рымы Міхайлаўны ўпрыгожвае зараз раённую Дошку гонару: яна гэтага цалкам заслугоўвае.

– Памятаю, як на заранку сваёй кар’еры ў гэтым кабінеце мы на пару з галоўным бухгалтарам шчоўкалі костачкамі лічыльнікаў – у перыяд справаздач гук нагадваў ледзь не кананаду… Пазней драўляны прыбор змяніўся першым электрычным калькулятарам, якога ў сваю чаргу “змясціў з пасады” камп’ютар, – разважае Р.Казьяніна. – Але ж у самой сутнасці бухгалтарскай справы змен амаль не адбылося: улік патрэбны ў любы час і ў любой сферы. І пра абраную калісьці прафесію ніколькі не шкадую – магчыма, яна не надта захапляльная, але ж карысная і неабходная.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *