На «прямую линию» с нотариусом нотариальной конторы Ушачского района Ж.Коваленко поступило немало вопросов

Правовая консультация

“Прамой лініяй” з натарыусам натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Жаннай Леанідаўнай КАВАЛЕНКА, скарысталіся не толькі жыхары Ушаччыны, але і Віцебска, Лепеля. Тэлефон практычна не змаўкаў, што з’яўляецца заканамерным: праз натарыят праходзяць жыццёва важныя пытанні, а людзі імкнуцца атрымаць бясплатную кансультацыю.

– Маю генеральную даверанасць ад мамы. Змяніла прозвішча – ці трэба цяпер пераафармляць даверанасць або ўносіць у яе карэктывы?

– Не трэба. Але пры ажыццяўленні паўнамоцтваў па даверанасці варта мець пры сабе дакумент, які пацвярджае перамену прозвішча.

– Мой дзядзька жыў у Віцебску. Не так даўно купіў жылы дом у Лепелі, але заўчасна памёр, не паспеўшы зарэгістраваць яго на сябе. Як цяпер спадчыннікам можна аформіць права на нерухомасць?

– З заявай аб прызнанні за імі права ўласнасці варта звярнуцца ў суд па месцы знаходжання нерухомай маёмасці.

– Нядаўна памёр бацька. У які тэрмін мне як спадчынніку трэба звярнуцца ў натарыят? І ці пяройдуць мне яго даўгі? (маю на ўвазе непагашаны крэдыт).

– Зрабіць гэта трэба па месцы рэгістрацыі памерлага на працягу 6 месяцаў з даты, наступнай за днём смерці. Разам з маёмасцю да спадчыннікаў пераходзяць і абавязацельствы памерлага – у межах кошту атрыманай спадчыны.

– Жыву разам з мамай у 3-пакаёвай непрыватызаванай кватэры. Хачу абмяняць яе на дзве 2-пакаёвыя (варыянт ужо знайшла), аднак мама не дае на гэта згоды. Як быць?

– Лепш, канечне, мірна знайсці паразуменне. У крайнім выпадку для вырашэння спору можна звярнуцца ў суд.

– Хачу даць даверанасць чалавеку, які знаходзіцца ў іншай мясцовасці. Ці абавязкова яго прысутнасць?

– Не. Дастаткова будзе толькі Вас і пашпартных даных таго, на чыё імя збіраецеся аформіць названы дакумент.

– Пяць гадоў таму прадала кватэру. Пакупнік памёр, так і не зарэгістраваўшы яе на сябе. Цяпер, нібыта ўласнік нерухомасці, атрымліваю з ЖКГ паведамленні аб неабходнасці разлічыцца па даўгах за камунальныя паслугі. Што рабіць?

– Вырашыць гэтае пытанне дапаможа суд. Але ж спачатку ў натарыяльнай канторы напішыце заяву аб тым, што збіраецеся туды звярнуцца – вытворчае дзеянне ў адносінах Вас будзе прыпынена.

– Нас у мамы трое. Сваю частку жылога дома, які ў роўных далях належыць ёй і цётцы, яна хоча перадаць выключна мне (мама зараз пражывае ў іншым месцы). Як гэта лепш зрабіць?

– Ёсць два варыянты: скласці завяшчанне ці дагавор дарэння. У першым выпадку распараджацца маёмасцю зможаце пасля смерці мамы, у другім яшчэ пры яе жыцці станеце ўладальнікам. Улічваючы ж тое, што ўладальніца долі ў доме не выкарыстоўвае яе для пражывання, мэтазгодней, лічу, аддаць перавагу дагавору дарэння. Для гэтага неабходна прыйсці ў натарыят з дакументам, які пацвярджае права Вашай мамы на ўзгаданы жылы дом (пасведчанне аб праве на спадчыну), дакументам аб дзяржаўнай рэгістрацыі дома і зямельнага ўчастка, выпіскамі ад рэгістратара нерухомасці, даведкай з сельвыканкама аб зарэгістраваных у доме членах сям’і, а таксама дакументамі, што пацвярджаюць роднасныя адносіны (пасведчанне аб нараджэнні, а пры ўмове змены прозвішча – яшчэ і аб заключэнні шлюбу). Зрэшты, запрасіць многія з гэтых “папер” можам самі. Натарыяльнае дзеянне ажыццяўляецца ў месячны тэрмін з даты звароту ў натарыят любой зацікаўленай асобы – гэта можаце быць Вы ці Ваша мама.

* * *

З іншымі пытаннямі, што паступілі на “прамую лінію” і тлумачэннямі па іх мы пазнаёмім нашых чытачоў у наступных нумарах газеты.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *