Зимний пейзаж и все краски осени. Алёна Калитуха «оживила» своими рисунками стены Ореховской школы

Общество

Ці магчыма ўбачыць, як сустракаюцца разам усе поры года? Думаеце, гэта нерэальна? А вось у Арэхаўскай школе вам з лёгкасцю пакажуць такое месца – зімні пейзаж тут змяняецца залатымі фарбамі восені, а побач абуджае прыроду вясна і буяе кветкамі летні луг. Знаходзіцца яно на рэкрэацыі ля рэсурснага цэнтра экалогіі, а чараўнік, што стварыў гэты парад сезонаў – Алёна Уладзіміраўна Калітуха: рабочая па комплексным абслугоўванні будынкаў і мастак у адной асобе.

Ідэя сумясціць у прасторным памяшканні кабінет экалогіі і зялёны клас і размаляваць сцены прылеглага калідора належала дырэктару ўстановы Ларысе Аляксандраўне Булаўка. Такім чынам утварылася своеасаблівае экалагічнае крыло і вызваліліся для заняткаў два зручныя кабінеты, у якіх узнікла неабходнасць з-за павелічэння колькасці вучняў. “Тэндар” жа на афарміцельскія работы безальтэрнатыўна выйграла Алёна Уладзіміраўна. Свой мастацкі талент яна раней праяўляла, дапамагаючы дачцэ Вікторыі і яе аднакласнікам афармляць розныя конкурсы, святы.

Маляваць Алёна любіць з дзяцінства, і гэты талент сямейны: тата Уладзімір Аляксандравіч Цябут, вадзіцель па прафесіі, можа напісаць алоўкам выдатны партрэт, а брат маці ўвогуле працуе мастаком-афарміцелем. Спецыяльнасць землеўпарадкавальніка, якую дзяўчына атрымала ў Смальянскім аграрным тэхнікуме, хоць і ўскосна, але развівала мастацкія навыкі – напрыклад, калі даводзілася складаць геадэзічныя карты. Да таго ж ёй заўсёды падабалася маляваць прыроду, таму на прапанову адміністрацыі згадзілася без ваганняў і ўжо на другі дзень паклала на стол дырэктара эскізы. “Выкарыстоўвалі акрылавыя фарбы, у якія дадавалі колар, таму атрымаўся даволі бюджэтны варыянт. Каб размаляваць усю рэкрэацыю, спатрэбілася каля двух месяцаў і, канечне, я б не справілася без маёй цудоўнай памочніцы – Любові Віктараўны Лабань, з якой разам адказваем за догляд школьных кветак і насельнікаў “жывога кутка”, – адзначае А.Калітуха. Калега, у сваю чаргу, не шкадуе добрых слоў у адрас мастачкі: “Наша Алёна – незамянімы чалавек, які можа замяніць любога! Калі, напрыклад, пайшоў у водпуск школьны повар, яна варыла дзецям абеды”. “Дык хіба гэта складана? Гатуюць жа дома ўсе жанчыны, а тут проста каструлі паболей!”, – шчыра здзіўляецца гэтай пахвале Алёна Уладзіміраўна.

Сціплая, адказная і дысцыплінаваная жанчына карыстаецца аўтарытэтам не толькі ў калег, а і ў бацькоў вучняў, якія абралі яе летась кіраўніком папячыцельскага савета. Паважаюць Алёну Уладзіміраўну жыхары аграгарадка, а сядзіба сям’і Калітухаў – адна з самых арыгінальных у Арэхаўне: дзякуючы фантазіі гаспадыні і ўмелым рукам яе мужа падворак ўпрыгожваюць лебедзі з камянёў і калодзеж са старых шын, дэкаратыўны домік і маляўнічы паўлін. Бываюць людзі, якія распаўсюджваюць вакол сябе пазітыў і прыгажосць – Алёна Уладзіміраўна менавіта з такіх.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *