Каждый торт — шедевр! Кондитер Ушачского райпо Елена Матвеева в каждое своё сладкое изделие вкладывает душу и старание

Экономика и малый бизнес

“Нават шкада есці, так прыгожа і арыгінальна!” – не хавалі эмоцый і добрых слоў усе, каму давялося ўбачыць гэтага пяцікілаграмовага мішку. Між тым, гэта толькі адзін з мноства сапраўдных кулінарных шэдэўраў брыгадзіра змены кандытарскага цэха райспажыўтаварыства Алены Валер’еўны Матвеевай.

І яны заўсёды атрымліваюцца не толькі прыгожымі, а і вельмі смачнымі. “Кандытар ад Бога” – такую кароткую, але ёмістую характарыстыку работніку дае начальнік аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Г.С.Шорац. Інакш, сапраўды, і не скажаш, бо Алена самавучка і спецыяльнай адукацыі нідзе не атрымлівала. Яе кулінарная кар’ера пачыналася на хлебазаводзе з памочніка пекара – туды яна ўладкавалася адразу пасля заканчэння школы. Справа спорылася, і калі была машыністам цестараздзелачнай лініі, і калі шэсць гадоў таму стала кандытарам. “Здаецца, усё атрымліваецца, але заўсёды хвалююся за кожны выраб, як за дзіця”, – адзначае А.В.Матвеева, якой у змене дапамагаюць Наталля Анатольеўна Шэўчанка і Тамара Мікалаеўна Камачонак.

Акрамя стандартных тартоў, якія мы бачым на паліцах “Кулінарыі” і магазінаў, у кандытарскім цэху выконваюць і індывідуальныя заказы. Часцей за ўсё гэта вырабы да юбілеяў і дзіцячых дзён нараджэння ў форме лялек, машын, матрошак, матылькоў, лічбаў і многага іншага, якія становяцца сапраўдным упрыгожаннем свята. Карпатлівая работа і над вясельнымі тартамі, бо ў большасці выпадкаў яны вялікія па масе і няпростыя па кампазіцыі. Як і ў любой справе тут могуць узнікаць форс-мажорныя сітуацыі. Адна з такіх была звязана якраз з вясельным тортам. Родныя маладых забралі выраб і везлі на свята, на скрыжаванні на дарогу нечакана выскачыў чалавек, і вадзіцелю прыйшлося рэзка затармазіць. Пешаход не пацярпеў, а вось торт… Людзі ў роспачы тэлефанавалі Алене і прасілі як-небудзь дапамагчы выправіць сітуацыю. І нягледзячы на тое, што быў выхадны, яна не магла адмовіць. Убачыўшы торт, на прыгатаванне якога была аддадзена не адна гадзіна, Алена ледзь не расплакалася, але ўзяўшы сябе ў рукі, за паўгадзіны перарабіла практычна ўсё нанова. Ну а пра гэты выпадак нявесце расказалі толькі праз некаторы час, калі яна ўжо была шчаслівай жонкай.

А.В.Матвеева любіць прыдумваць штосьці новае, эксперыментаваць. Напрыклад, пераўтварыла звычайны бісквіт у гэтага мішку, калі заказчыкі поўнасцю даверыліся яе густу і фантазіі. Летась асартымент салодкіх вырабаў райспажыўтаварыства папоўніў торт “Наталі”, рэцэптуру якога жанчына распрацавала сама і назвала ў гонар лепшай сяброўкі і цёці.

Яе талент адзначылі на мінулагоднім абласным конкурсе прафесійнага майстэрства ў Дуброўне – вясельны торт уразіў як журы, так і калег-канкурэнтаў. Аб тым, што Алена Валер’еўна адна з лепшых працаўнікоў вялікага калектыву, красамоўна сведчыць і той факт, што яе прозвішча занесена на Дошку гонару прадпрыемства.

Дні напярэдадні 8 Сакавіка ў А.Матвеевай адны з самых “гарачых” у прамым і пераносным сэнсе слова – трэба спячы амаль тону тартоў, забяспечыць імі не толькі ўшачан, а і жыхароў вёсак Полацкага і Глыбоцкага раёнаў, якія нядаўна ўвайшлі ў зону абслугоўвання Ушацкага райспажыўтаварыства. Акрамя стандартных, хапае індывідуальных заказаў, ніхто не адмяняў і выпечку шматлікіх пірожных. Але ў кожны свой выраб яна ўкладвае старанне і душу, напэўна таму яны і атрымліваюцца на “ўра”.

Вольга КАМАРКОВА.

.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *