В Год малой родины вопросы благоустройства будут на особом контроле

Благоустройство Год малой родины

За Беларуссю замацаваўся імідж чыстай і “дагледжанай” краіны, і гэта плён дзяржаўнай палітыкі, бо пытанням навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў надаецца пастаянная ўвага з боку як рэспубліканскіх, так і мясцовых органаў улады. Пра тое, як выконваліся ў раёне азначаныя мерапрыемствы летась і пра задачы на бягучы год ішла гаворка на нядаўнім пасяджэнні райвыканкама.

Работа па гэтым напрамку вялася згодна зацверджаным “Мерапрыемствам па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна на 2017 год” – гэта комплексны дакумент, які ўключае 13 раздзелаў.

Трэба адзначыць, што ў плане добраўпарадкавання на Ушаччыне за мінулы год зроблена нямала. У прыватнасці, менавіта на гэтыя мэты былі накіраваны сродкі ад пяці праведзеных маштабных суботнікаў, 67 такіх пра­цоўных дэсантаў прайшло ў вёсках і аграгарадках.

15 гектараў зямель прыцягнута ў сельгасабарот. На пяці кіламетрах у сельскіх населеных пунктах адрамантавана і палепшана дарожнае пакрыццё (пры заданні 4,5 км). На ўтрыманне і рамонт вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў выкарыстана са сродкаў раённага бюджэту 262286 рублёў. У месцах агульнага карыстання з’явілася 15 малых архітэктурных формаў (альтанак, кветнікаў, лавак) пры заданні 12. Уладкавана 23 прыпынкі грамадскага транспарту (пры плане – 19). Закуплена і ўстаноўлена 40 кантэйнераў для збору цвёрдых адходаў. Рэкультываваны чатыры міні-палігоны. У сельскай мясцовасці знесена 17 (заданне – 15) трухлявых дамоў, пасаджана больш 180 дрэў і 130 дэкаратыўных кустоў, 17,5 тысячы кветак. У вёсках і на могілках выдалена больш 70 аварыйных дрэў. Сіламі УП ЖКГ, шэфаў і мясцовага насельніцтва прыведзена ў парадак 28 месцаў грамадзянскага пахавання, што амаль удвая больш запланаванага. Добраўпарадкавана тэрыторыя ля абеліскаў і ваенных помнікаў, новы выгляд атрымала воінскае пахаванне ў вёсцы Дубраўка – кошт выкананых работ па рамонце склаў 13698 рублёў, дзякуючы сродкам самаабкладання з’явілася мемарыяльная пліта ў Белым. Да слова, менавіта за кошт добраахвотных узносаў грамадзян (летась іх было сабрана 5983 рублі) рашаюцца многія пытанні добраўпарадкавання вёсак.

Значная работа праведзена і па райцэнтры. У прыватнасці, адрамантаваны тратуары, пешаходныя дарожкі, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі ў дварах дамоў №4 і 19 па вуліцы Ленінскай, дома №9 па Віцебскай, заменена асфальтавае пакрыццё ў двары дома №4 па Камсамольскай, 9 вуліц райцэнтра падсыпаны пясчана-гравійнай сумессю, ліквідавана 17 несанкцыянаваных звалак, зроблена і шмат іншага.

Выкананы амаль усе заданні, даведзеныя пастановай прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама. У пасіў можна занесці адсутнасць далучаных да сельгасабароту ўчасткаў пасля зносу пустуючых і трухлявых дамоў, недастатковую колькасць прыцягнутых да работ па добраўпарадкаванні грамадзян, што стаяць на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

З прадпрыемстваў, якія лічаць добраўпарадкаванне сваіх тэрыторый важнай часткай дзейнасці, варта адзначыць Ушацкі раён газазабеспячэння. Вялікая работа праведзена летась на вытворчай базе “Ушацкага лясгаса”, традыцыйна эталоннымі ў плане добраўпарадкавання з’яўляюцца ўстановы адукацыі раёна. А вось на вытворчых тэрыторыях сельгаспрадпрыемстваў парадак наводзіцца перыядычна. Так, напрыклад, не ў поўным аб’ёме выканана заданне па ўстаноўцы (рамонце) агароджаў на жывёлагадоўчых аб’ектах гаспадарак раёна, не выканана заданне па абсталяванні (рамонце) пляцовак для часовага захоўвання металалому (ААТ “Дземенец”) і для мыцця тэхнікі (ААТ “Ільюшынскі”), па правядзенні ліквідацыйнага тампанажу невыкарыстоўваемых артэзіянскіх свідравін на сельгасаб’ектах (КУСГП “Вялікадолецкае”, ААТ “Ільюшынскі”, “Дземенец”), агароджванні зоны санітарнай аховы артэзіянскіх свідравін (КУСГП “Арэхаўна”) і г.д. Недастаткова вядзецца ўсімі сельгасарганізацыямі работа па абмежаванні распаўсюджвання баршчэўніку Сасноўскага.

Стымуляваць дзейнасць па навядзенні парадку прызваны кантралюючыя службы. Так, прыродаахоўнай інспекцыяй летась за розныя парушэнні прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 42 фізічныя і юрыдычныя асобы. Санітарна-эпідэміялагічнай службай раёна праведзены праверкі і маніторынгі па пытаннях добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання тэрыторый 690 аб’ектаў. Землеўпарадкавальнай службай райвыканкама абследавана 273 зямельныя ўчасткі, выдадзена 81 прадпісанне, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 56 парушальнікаў зямельнага заканадаўства, агульная сума штрафаў склала 2842,8 рубля.

Зроблена, канечне, у раёне шмат, але яшчэ больш работы наперадзе. Сёлета зацверджаны “Мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Ушацкага раёна на 2018 год”, якія ахопліваюць яшчэ большы спектр напрамкаў жыццядзейнасці людзей. Вялікі аб’ём работ запланавана выканаць на сяле. У прыватнасці, неабходна адрамантаваць агароджы ферм і комплексаў у “Ільюшынскім” і “Арэхаўне”, устанавіць кантэйнер для збору адходаў на комплексе ў Завячэллі, адрамантаваць агароджу мехдвароў “Дземенца” і “Агра-Селішча”, уладкаваць пляцоўку для часовага захоўвання металалому на машынным двары “Глыбачан”, правесці тампанаж артэзіянскіх свідравін на аб’ектах шэрагу сельгаспрадпрыемстваў, прывесці ў належны стан унутрыгаспадарчыя кар’еры. Неабходна навесці парадак на 20 гектарах тэрыторый ляснога фонду, у тым ліку прылеглых да месцаў адпачынку, пляцовак уздоўж аўтадарог. Пералік усіх заданняў і напрамкаў дзейнасці ўнушальны, а таму наперадзе ў арганізацый і жыхароў раёна шмат работы. І варта ўсведамляць, што ўсе гэтыя намаганні мы прыкладаем для сябе і сваіх дзяцей, для таго, каб наша зямля і надалей была чыстай, прыгожай, спрыяльнай для жыцця.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

! Летась на выкананне работ па ўтрыманні і рамонце аб’ектаў добраўпарадкавання населеных пунктаў з бюджэту было накіравана 86 716 рублёў.

! У 2017 годзе на тэрыторыі раёна працэнт ахопу рэгулярнай санітарнай ачысткай павялічыўся да 67 (у 2016-м гэты паказчык складаў 25%), што сведчыць пра плённую тлумачальную работу спецыялістаў сельвыканкамаў і УП ЖКГ сярод насельніцтва па недапушчэнні ўтварэння несанкцыянаваных сметнікаў.

***

Першы квартал года ў плане добраўпарадкавання, па зразумелых прычынах сезоннасці работ, заўсёды з’яўляецца перыядам адноснага “зацішша”. Але менавіта ў гэты час акрэсліваюцца і ўдакладняюцца канкрэтныя планы па навядзенні парадку зыходзячы з фінансавых магчымасцей і тэхнічных рэсурсаў органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў, грамадзян. Затрымалася сёлета зіма, і калі ў мінулым годзе ў канцы сакавіка-пачатку красавіка ў многіх населеных пунктах ужо ва ўсю кіпела работа па ачыстцы тэрыторый, то зараз яе тэрміны пераносяцца. Тым больш напружана прыйдзецца папрацаваць у цёплы перыяд, бо ў Год малой радзімы пытанні навядзення парадку на зямлі будуць знаходзіцца на асаблівым кантролі. Аб гэтым казала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, адкрываючы пасяджэнне яго прэзідыума. У ім прынялі ўдзел актыў дэпутацкага корпусу, старшыні сельскіх Саветаў, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч, начальнікі аддзелаў і раённых службаў райвыканкама, якія курыруюць і каардынуюць пытанні добраўпарадкавання.

Пастановай прэзідыума за кожным сельскім населеным пунктам раёна замацаваны шэфы з ліку арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў розных форм уласнасці, якія будуць аказваць дапамогу сельвыканкамам у навядзенні парадку ў вёсках і аграгарадках. Гэта не азначае, што сельскім жыхарам можна сядзець склаўшы рукі і чакаць, што з райцэнтра прыедуць умоўна меліяратары і абкосяць тэрыторыю ля іх домаўладанняў – грамадзяне самі адказваюць за парадак ля сваіх сядзіб. Шэфы будуць аказваць садзейнічанне ў падтрыманні ў належным стане месцаў агульнага карыстання, тым больш што ў некаторых вёсках зусім няма праца­здольнага насельніцтва.

Таксама зацверджаны мерапрыемствы па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў раёна, якія ўключаюць вялікі аб’ём работ і дэталёва, паквартальна акрэсліваюць іх выканаўцаў. На сяле сёлета запланаваны рамонт дарожнага пакрыцця вуліц, праездаў, дарог, якія знаходзяцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на плошчы 1,5 тысячы квадратных кіламетраў, сіламі ДРБУ-105 будзе адрамантавана каля двух дзясяткаў пунктаў прыпынку грамадскага транспарту, наведзены парадак побач з імі. На тэрыторыях Сарочынскага, Ушацкага і Кубліцкага лясніцтваў новы выгляд набудуць тры зоны адпачынку грамадзян, у кожным сельвыканкаме запланавана ўстаноўка і рамонт малых архітэктурных формаў – усяго 14, па 2 у кожным сельсавеце. Будуць выкананы работы па ўтрыманні і абсталяванні 9 калодзежаў (у Вяркудскім і Кубліцкім сельсаветах – па 3, Жарскім – 2, Сарочынскім – 1), 12 воданапорных калонак (Вялікадолецкі сельсавет – 9, Ушацкі – 3), па ўтрыманні ў належным стане тэрыторый зон санітарнай аховы 9 артэзіянскіх свідравін.

Запланавана “генеральная” ачыстка мінімум 15 вясковых могілак з выдаленнем аварыйных і сухіх дрэў, арганізацыяй месцаў складзіравання адходаў, устаноўкай або рамонтам агароджы, абсталяванне 10 дзіцячых і спартыўных пляцовак. У сельскіх населеных пунктах будзе пасаджана 280 дрэў, 140 кустоў, 13000 кветак, санітарнай абрэзкі або выдалення чакаюць звыш 50 сухіх і аварыйных дрэў на вёсках, добраўпарадкавання – месцы адпачынку на азёрах у Вашкове і Крывушчыне.

Мерапрыемствамі прадугледжана выдаленне ў вёсках і аграгарадках пустазелля, 127 гектараў баршчэўніку Сасноўскага. Найбольш маштабныя работы па знішчэнні “зялёнага захопніка” будуць весціся ў населеных пунктах Вяркудскага (46,4 га), Глыбачанскага (37,9 га) і Сарочынскага (31,4 га) сельсаветаў.

Па завяршэнні пасяджэння прэзідыума са старшынямі сельвыканкамаў была праведзена вытворчая нарада, на якой быў абмеркаваны стан спраў і актуальныя жыллёвыя пытанні – як па ўводзе ў эксплуатацыю жылля, так і па ліквідацыі трухлявых дамоў, кансервацыі незавершанага будаўніцтва, выдалення яго рэшткаў на ўчастках, якія былі канфіскаваны ў грамадзян. Інвентарызацыі патрабуюць вясковыя могілкі, у сельвыканкамах ствараюцца спецыяльныя камісіі, якія будуць займацца гэтай справай. Н.М.Марковіч звярнула ўвагу кіраўнікоў сельскіх Саветаў дэпутатаў на больш актыўнае прыцягненне да выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні асоб, якія стаяць на ўліку ў органах занятасці насельніцтва, дачнікаў і саміх грамадзян, на больш цеснае супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі ў пытаннях асвятлення станоўчых прыкладаў і ініцыятывы вяскоўцаў па навядзенні парадку на сяле.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *