В Ушачах прошло праздничное мероприятие, посвящённое Дню семьи

Всё начинается с семьи

Калі чалавек шчаслівы ў сям’і, усё ў яго будзе ладзіцца і ў астатнім. Ніяк не паспрачаешся з гэтай аксіёмай, агучанай намеснікам старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч на мерапрыемстве з нагоды Дня сям’і, што праходзіла на мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Галоўныя ж героі імпрэзы належалі менавіта да гэтай кагорты шчасліўчыкаў – пяць ушацкіх сем’яў з розным стажам сумеснага жыцця кіруюцца ў ім аднолькавымі поглядамі.

“Каханне, павага і давер – менавіта на гэтых трох кітах трымаецца трывалы сямейны будынак”, – упэўнены Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец. Больш за паўвека прайшло з моманту, калі на вечарынцы малады статны Валодзя запрасіў на танец вясёлую прыгажуню Лідачку – і з тых пор яны так і ідуць па жыцці: з бадзёрасцю, аптымізмам і ўзаемадапамогай. Лёс мужчыны быў насычаны падзеямі, даводзілася займаць адказныя пасады на розных прадпрыемствах, працаваць, як кажуць, па 24 гадзіны ў суткі – і ва ўсіх справах ён знаходзіў падтрымку ў каханай жонкі Лідзіі Міхайлаўны, заўсёды быў спакойны за свой тыл, за дабрабыт сям’і. Такімі ж актыўнымі і творчымі выраслі дзве іх дачкі, падарыўшыя пары 5 унукаў.

І калі сям’я Малаткаўцоў ужо справіла залаты юбілей, то Валянціне Мікалаеўне і Леаніду Сяргеевічу Лукашонкам такое свята “свеціць” сёлета ў першы дзень жніўня. Пра сваё знаёмства ў далёкім 1967-м яны прыгадваюць з гумарам. “Найперш мяне прыкмеціў… будучы свёкар і запэўніў, што я стану іх нявесткай. А аднойчы бабуля, у якой я здымала пакой, замкнула дзверы, і прыйшлося прасіцца пераначаваць да Лукашонкаў, што жылі па-суседстве”, – распавядае Валянціна Мікалаеўна гісторыю знаёмства з мужам. “Вось-вось! Так я і атрымаў жонку – з дастаўкай на дом!” – дадае Леанід Сяргеевіч. Вядома ж, у іх сумесным жыцці хапала і складаных момантаў, але яны заўсёды пераадольвалі цяжкасці сумесна. Разам спяваюць зараз і ў хоры народнага клуба “Ветэран”. Выдатныя галасы ў абедзвюх іх дачок, перадаліся творчыя таленты і тром унукам.

Сямейны стаж Вольгі Уладзіміраўны і Уладзіміра Мікалаевіча Пальвінскіх на пяць год меншы. А гісторыя знаёмства ў нечым падобная: яны таксама аказаліся суседзямі, толькі ў іх выпадку з цёшчай раней, чым з жонкай, пазнаёміўся Валодзя, прыбыўшы на Ушаччыну пасля заканчэння сельгастэхнікума. “Валянціна Міхайлаўна паклікала мяне на свой участак, каб паказаць памідоры, дык я заадно прыгледзеў там і яе дачку”, – усміхаецца мужчына – убелены сівізной, але па-ранейшаму закаханы ў сваю стройную і прыгожую спадарожніцу жыцця. “Трэба абавязкова верыць адзін аднаму, быць цярплівым да недахопаў, якія ёсць у кожнага, – разважаюць Пальвінскія. – Вось простая народная мудрасць, якой мы кіраваліся самі і перадалі траім сваім дочкам: у добрай жонкі заўсёды муж добры. І наадварот…”

Увогуле ж мудрых парад ад сем’яў з паўвекавой гісторыяй у гэты вечар прысутныя пачулі шмат. І з асаблівай увагай слухалі іх маладыя героі імпрэзы, сямейны стаж якіх хоць і не дасягнуў пакуль нават дзясятка год, але ж яны здолелі назапасіць вельмі значны сумесны “багаж”, нарадзіўшы па некалькі дзетак.

Сямейны саюз Марыі і Аляксандра Шамшураў мацуюць дзве маленькія прынцэсы Сафія і Ліза (на здымку). Дзяўчаткі абавязкова вырастуць добрымі гаспадынямі – такімі, як іх мама, што пачаставала ўсіх гледачоў надзвычай смачным хлебам уласнай выпечкі. Шмат чаму навучацца яны і ў таты, які, не дачакаўшыся пакуль нараджэння сына, пачаў браць іх з сабой на рыбалку. У канцы ж свайго прабывання на сцэне шустрыя малышкі скарысталіся момантам і прымусілі бацькоў публічна паабяцаць, што ім дазволяць завесці дома коціка.

Пакарылі прысутных абаяльнасцю і непасрэднасцю і трое дзетак Наталлі і Вячаслава Сакаловых – гэтая сям’я, прынамсі, добра знаёма нашым пастаянным чытачам, бо нядаўна стала адным з пераможцаў фотаконкурсу “Мой тата – самы лепшы”. Праўда, на гэты раз ім прыйшлося абыходзіцца на сцэне без Вячаслава, які вучыцца на юрыста і здаваў у гэты дзень экзамен. Але ж Наталлі ў прэзентацыі іх дружнай сям’і вельмі дапамаглі Яна, Анечка і Назар – і цяпер усе ведаюць, што яны любяць разам ездзіць у лес і заапарк, адзначаць Каляды і есці амлет! А самымі гучнымі апладысментамі гледачы сустрэлі прызнанне мамы, што іх з мужам планы па колькасці дзетак яшчэ не выкананы.

Трэба адзначыць, што арганізатары імпрэзы пастараліся, каб яна атрымалася душэўнай і крэатыўнай: чаго быў варты адзін толькі нумар “Залатое вяселле”, дзе падтанцоўку для маленькіх вакалістак склалі пары прыгаданых вышэй бабуль і дзядуляў, а ў зале ўвесь час не змаўкалі крыкі “Брава!” (Відэа гэтага нумара можна паглядзець у групах “Патрыёта” ў сацыяльных сетках “ВКонтакте” і “Аднакласнікі”.

Акрамя музычных атрымалі сямейныя пары і звычайныя падарункі, набыць якія дапамагла раённая арганізацыя “Беларускага фонду міру”. “Вашы сем’і – узор для пераймання!”, – адзначыла, уручаючы іх, дырэктар цэнтра Марына Пятроўна Макрыдзіна. Увогуле ж гэты вечар настроіў усіх на пазітыўны лад, прымусіў паверыць у неўміручасць пачуццяў, а таксама даў падставу меркаваць, што мінулагодняя лічба нараджальнасці на Ушаччыне – 100 немаўлят – у бліжэйшым будучым як мінімум не стане двухзначнай. Скіраваны ж на гэта і сацыяльная палітыка нашай краіны ў агульным, і падобныя мерапрыемствы ў прыватнасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *