В школах Ушаччины прозвенел последний звонок

Общество

Чарговы школьны марафон завершаны. У сераду, 30 мая, ва ўсіх школах Ушаччыны адбыліся ўрачыстыя лінейкі з нагоды завяршэння навучальнага года. Незабыўным будзе гэты дзень для 80 адзінаццацікласнікаў, для якіх апошні званок – яшчэ і пачатак дарослага жыцця. У самастойны шлях адправяцца і многія са 116 дзевяцікласнікаў.

Пад гукі фанфар і апладысменты прысутных пачалася ўрачыстасць ва Ушацкай школе. На цэнтральнай плошчы гарпасёлка занялі самае пачэснае месца вучні двух адзінаццатых класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Ірынай Генадзьеўнай Каваленка і Вольгай Міхайлаўнай Кухто.

Да выпускнікоў, настаўнікаў і бацькоў з прывітальным словам звярнуўся дырэктар навучальнай установы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. За высокія дасягненні ў вучобе, перамогі ў абласных спаборніцтвах шэраг вучняў атрымалі граматы, дыпломы і падарункі, у тым ліку цэнтра банкаўскіх паслуг №221 ААТ “ААБ “Беларусбанк” – за перамогу ў конкурсе сачыненняў “Як вырасціць грошы”.

Былі адзначаны і юныя “зоркі Алімпу”. Прадстаўнікі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” прэміравалі ўладальніцу дыплома ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, вучаніцу 9 класа Лізавету Літвінаву. Такая ж узнагарода чакала адзінаццацікласніка Леаніда Давыдава, які на адпаведных выпрабаваннях па хіміі заваяваў дыплом ІІ ступені. Але ж атрымаў яе хлопец крыху пазней, паколькі ў адзначаны дзень прадстаўляў Ушаччыну на рэспубліканскім свяце апошняга званка, што праходзіла на “Мінск-Арэне”. У ліку лепшых вучняў, удастоеных права прыняць удзел у сталічнай лінейцы, ад нашага раёна аказаліся таксама Дар’я Змітрачэнка з Ушацкай школы і Ларыса Правада з Вялікадолецкай. Кветкі ад грамадскага аб’яднання ўручаны настаўнікам, якія падрыхтавалі ўзгаданых алімпіяднікаў: Ларысе Аркадзьеўне Струй і Вользе Анатольеўне Жыткай.

Не абышлося ў гэты дзень без пажаданняў педагогаў і бацькоў, слоў удзячнасці ад выпускнікоў, а таксама пранікнёных вершаваных віншаванняў ад першакласнікаў. На развітанне са школай вучні 11 класаў выпусцілі ў майскае неба паветраныя шары, а па заканчэнні ўрачыстасці па добрай традыцыі разам з першакласнікамі ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан у скверы гарпасёлка.

Насычана і цікава праходзіла свята апошняга званка і ў сельскіх навучальных установах Ушаччыны. Так, у Глыбачанскай школе таксама не абышлося без запуску паветраных шароў выпускнікамі, якіх тут сёлета дзесяць. Яны, як і многія вучні іншых класаў, дастойна правялі мінулы год, сведчаннем чаму перамогі і прызавыя месцы на спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах і алімпіядах. А выпускніца Аляксандра Сайко за актыўны ўдзел у рэалізацыі мерапрыемстваў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўзнагароджана граматай ушацкага райкама грамадскага аб’яднання. Дырэктар школы Віктар Пятровіч Котаў павіншаваў выпускнікоў, іх бацькоў, падзякаваў ім і ўсёй згуртаванай педагагічнай камандзе ўстановы адукацыі за працу, вынікі якой ацэнены на раённым узроўні:

– Хачу выказаць вам прызнанне за творчасць, ініцыятыву і беззапаветнае служэнне сваёй справе, часта – ва ўрон асабістым інтарэсам. Менавіта такія адносіны ў многім абумовілі тое, што наша школа па выніках работы за 2017 год занесена на раённую Дошку гонару, адзначана дыпломам райвыканкама як лепшы аб’ект аграгарадка ў конкурсе па добраўпарадкаванні.

Усмешкі і слёзы, хваляванне і сум аб адзінаццаці лепшых гадах – эмоцыі перапаўнялі выпускнікоў, якія абяцалі не забываць сваю школу як надзейную прыступку, з якой яны крочылі ў вялікае жыццё.

Адценне смутку было на тварах у педагогаў і вучняў Кубліцкай школы. Званок, што прагучаў тут падчас лінейкі, стаў апошнім не толькі ў бягучым навучальным годзе, але і ў гісторыі навучальнай установы. Школа спыняе сваю дзейнасць.

– Шчыра кажучы, ехала сюды з неспакойным сэрцам, – прызналася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Васільеўна Стрыжонак. – Закрыццё любой школы – няпростае мерапрыемства, менавіта гэтай – асабліва. – У свой час скончыла ў Кублічах восем класаў, маці ўсё жыццё адпрацавала тут настаўніцай хіміі і біялогіі…

Пра неабходнасць закрыцця школы, у якой сёлета навучалася ўсяго 25 хлопчыкаў і дзяўчынак, аргументавана казаў старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка. Ён запэўніў, што вучні і іх бацькі не адчуюць нязручнасці ад рэарганізацыі, а раённая ўлада разглядае варыянты для далейшага функцыянавання будынка школы.

Падтрымаць галоўных герояў апошняга званка – дзевяцікласнікаў, якіх у Кублічах сёлета чацвёра, прыйшлі бацькі, ганаровыя госці. Сярод іх – апошні дырэктар установы, а цяпер старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош.

Развітальным было свята апошняга званка і ў Вяркудскай пачатковай школе, якая таксама зачыняецца з 1 верасня. Падрыхтаванае педагогамі мерапрыемства атрымалася практычна сямейным, бо сёлета тут навучалася ўсяго 7 дзетак.

Радасны момант чакаў 30 мая першакласнікаў сельскіх школ. Падчас лінеек у рамках рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч”, якую не першы год праводзіць асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Белаграпрамбанка, 24 хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі каштоўныя падарункі – мячы. Такім чынам арганізатары папулярызуюць футбол, далучаюць дзяцей да спорту, прапануюць рухомы адпачынак падчас летніх канікул.

Ва ўсіх школах Ушаччыны было прыгожа і шчымліва, шмат музыкі, кветак і хваляванняў. На мерапрыемствах прысутнічалі ганаровыя госці – члены райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях нагадалі школьнікам аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі і заканадаўства падчас летніх канікул, выказалі спадзяванне ўбачыць дзяцей у верасні здаровымі, бадзёрымі, поўнымі сіл.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *