На личных подворьях Ушаччины

Личное подсобное хозяйство

Пытанне, якое разглядалася на апошняй сесіі Сарочынскага сельскага Савета дэпутатаў, датычылася важнейшай праблемы – рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян”. Размова атрымалася зацікаўленая. І хоць аналіз паказвае, што становішча складанае, але выступаючыя на сесіі не выказвалі думку, што трэба апускаць рукі. Неабходна працаваць у тых умовах, якія складваюцца. Больш падрабязна аб усім гэтым расказвае старшыня Сарочынскага сельскага Савета дэпутатаў Л.Я.ПТУШКА.

– Перш за ўсё на сесіі канстатавалася, што за 2006-2010 гады на тэрыторыі сельсавета не выкананы асноўныя паказчыкі па вытворчасці сельгаспрадукцыі, зменшылася колькасць падсобных гаспадарак. І тут аказала сваё ўздзеянне дэмаграфічная сітуацыя. За дзесяць апошніх гадоў насельніцтва сельсавета зменшылася на 441 чалавека – на 16 працэнтаў. І гэта пры тым, што далучаны 15 населеных пунктаў былога Мосарскага сельсавета.
Зразумела, што па гэтай прычыне, а таксама з-за старэння насельніцтва змяншаецца і колькасць жывёлы ў прыватных гаспадарках. Так, на пачатак гэтага года па сельсавету налічвалася 212 кароў, у параўнанні з 2005 годам – на 199 галоў менш. За пяць прайшоўшых гадоў колькасць буйной рагатай жывёлы скарацілася на 41 працэнт.
Змяншаюцца і пасяўныя плошчы.
Згодна сацыялагічнага апытання, насельніцтва мае патрэбу ў дапамозе па нарыхтоўцы кармоў, апрацоўцы ўчасткаў.
Па меры магчымасці гаспадаркі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, дапамагаюць: ПУП “Сарочына” – прадае парсючкоў, КУСГП “Арэхаўна” – маладняк буйной рагатай жывёлы.
Сёлета ў агульны севазварот уведзены чатыры гектары зямлі для пасева зерневых насельніцтву.
На большых пашах (у Арэхаўне, Сарочыне, Слабадзе) праведзены агратэхнічныя мерапрыемствы – падкос, падкормка. КУСГП “Арэхаўна” прадае насельніцтву насенне, мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Ветслужба аказвае дапамогу вяскоўцам па бясплатным лячэнні і платным асемяненні жывёлы.
Закупам малака ад насельніцтва Сарочынскага сельсавета займаецца ПУП “Сямёныч”. Затрымак з аплатай не здараецца. Людзей у асноўным задавальняе збор лішкаў прадукцыі. Што датычыцца якасці рэалізуемага дзяржаве малака, то распараджэннем старшыні райвыканкама створана рабочая група па праверцы тлустасці па раёне.
З рэалістычных пазіцый выступіў на сесіі дырэктар КУСГП “Арэхаўна”, дэпутат сельскага Савета Г.П.Грабоўскі. Ён сказаў, што гаспадарка ідзе насустрач вяскоўцам, наколькі гэта магчыма. Прадавалі і будуць прадаваць зерне. Мяркуецца і далей выдзяляць тэхніку маючым патрэбу сельскім жыхарам, і ў першую чаргу працуючым, занятым на сельскагаспадарчых работах, а таксама пажылым, што не маюць дзяцей. У той жа час Генадзя Паўлавіча хвалююць спажывецкія нахільнасці асобных людзей, гатовых патрабаваць ад гаспадаркі ці службаў рабіць добраўпарадкаванне навокал, скажам, скасіць траву, у той час, калі маюць сем’і, дзяцей, якія прыязджаюць з гарадоў і ўхіляюцца ад гэтага.
Намеснік дырэктара ПУП “Сарочына” па ідэалагічнай рабоце, дэпутат сельскага Савета А.А.Жахоўскі выказаў у сваім выступленні заклапочанасць нізкімі цэнамі за малако. З канкрэтных меркаванняў ён выказаў пажаданне, каб былі створаны механізаваныя звенні па апрацоўцы ўчасткаў вяскоўцаў, бо сельскім гаспадаркам трэба спраўляцца са сваімі сур’ёзнымі задачамі.
Прааналізаваў сённяшняе становішча ў сельскай мясцовасці дырэктар Ленінскай школы, дэпутат сельскага Савета У.Л.Сіняўскі. Яго засмучае, што сёння мала засталося тых, хто хоча займацца асабістай гаспадаркай…
Тым не менш, трэба прыкладваць намаганні, каб захаваць прыватны сектар на вёсцы, такое меркаванне вынікала з усёй атмасферы на сесіі. І перш за ўсё – з выступлення старшыні раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч.
Прынята рашэнне аб неабходнасці выканання прагнозных паказчыкаў па вытворчасці асноўнай сельгаспрадукцыі гаспадаркамі сельсавета за кошт павелічэння валавых збораў. Трэба працаваць таксама ў святле ажыццяўлення “Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых гаспадарак Віцебскай вобласці на 2010 год”.
Запісала Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *