Семья Тететерук — старательные и талантливые люди!

Общество

Арыгінальная шыльда ручной работы на доме, разны ганак, драўляныя вароты з чорнай кошкай, налічнікі на ўсіх вокнах, малюнкі на сценах. Яшчэ здалёк бачна, што на вуліцы Сонечнай, 13 у Вяркудах жывуць сапраўдныя майстры. Зазірнём на гэтую сядзібу і пазнаёмімся з яе гаспадарамі!

Нават і не верыцца, што менш дзясятка гадоў таму гэты дом быў з голымі сценамі, а побач з ім – пусты ўчастак. Нямала сіл, часу і старанняў дзеля ўтульнасці і прыгажосці прыклала сям’я Цецярук – Міхаіл Фёдаравіч і Наталля Васільеўна.

– Раней муж не захапляўся разьбой па дрэве. Працуючы вадзіцелем у сельскай гаспадарцы, бывала і без выхадных, на падобныя заняткі не хапала часу. Калі ж нам выдзелілі дом на новай вуліцы аграгарадка, вельмі хацелася ажывіць яго чымсьці. Так, займеўшы інструменты і станкі, пачаў вырабляць налічнікі, разам будавалі, а потым і аздаблялі лазню, – расказвае гаспадыня, запрашаючы ў летні пакой-альтанку, якая сапраўды прыцягвае ўвагу разнымі элементамі, а на яе даху можна ўбачыць пеўніка і дэльфінаў.

Аб тым, што гаспадар не спыняецца на зробленым, падказвалі і новыя драўляныя нарыхтоўкі ў двары, і ўжо гатовыя галубы, якія вось-вось “узляцяць” на франтон дома. Прыкметная асаблівасць сядзібы – вялікія драўляныя арэлі. “На іх мы з мужам любім пасядзець і папіць кавы, правёўшы ранішнюю планёрку!” – з усмешкай зазначае Наталля Васільеўна. Ідэі ж для сваіх вырабаў Міхаіл Фёдаравіч прыдумвае сам, падглядвае ў інтэрнэце ці часопісах. Задум яшчэ мноства, напрыклад, хутка на сядзібе з’явіцца флюгер у выглядзе пантэры.

Сапраўднай майстрыхай можна назваць і гаспадыню. Вязаныя кручком сурвэткі і палавікі ўпрыгожваюць пакоі дома, да таго ж яна цудоўна шые! Зрабіць шторы, адзенне ці пасцельную бялізну для Наталлі Васільеўны зусім не праблема. Яе сын і дачка ў дзяцінстве заўсёды вылучаліся арыгінальнымі навагоднімі касцюмамі. Працуючы выхавальнікам у дзіцячым садку, часта да святочных мерапрыемстваў рабіла касцюмы і для ўсіх сваіх малышоў. А яшчэ гаспадыня вельмі любіць вышываць карціны бісерам, асабліва – іконы. Прызнаецца, што за справай можа прасядзець увесь вечар і паўночы і ніколькі не стаміцца. “Навучыў мяне гэтаму… хлопчык Міша, выхаванец Івянецкага дзіцячага дома. Мая дачка Алеся ў свой час аказвала спонсарскую дапамогу гэтай установе і аднойчы прывезла яго да нас у госці. Хлопчык з няпростым лёсам, які практычна з самага нараджэння быў пазбаўлены бацькоўскай пяшчоты, цікавіўся многім, у тым ліку і гэтым дзявочым захапленнем. Мы моцна пасябравалі, ён нават называў мяне мамай і яшчэ не раз прыязджаў у Вяркуды. А зараз, калі ўжо жыве самастойным жыццём, таксама не забываемся адзін пра аднаго”, – не хаваючы шчырых пачуццяў расказвае жанчына.

Дарэчы, многія яе эмоцыі, успаміны і падзеі кладуцца ў вершаваныя радкі: у рукапісным зборніку назбіралася ўжо нямала твораў на рускай і беларускай мове, гэта як вясёлыя байкі, так і лірычныя вершы. Напрыклад, верш пра маму, бацькоўскую хату, якая дажывае свой век, кранаюць да глыбіні душы. А яшчэ абавязкова піша віншаванні ўсім родным да юбілеяў і дзён нараджэння.

Ёсць у сямейнай пары Цецярук і яшчэ адно агульнае захапленне – спевы. Яны пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, што ладзяцца ў мясцовым Доме культуры. Напрыклад, калі жанілі Цярэшку, Міхаіл і Наталля ігралі ролю бацькоў.

– Гэта добразычлівыя, старанныя і таленавітыя людзі. Заўсёды адгукаюцца на просьбы дапамагчы як у дамашніх справах, так і ў Доме культуры. Да ўсяго сказанага дадам, што Наталля ўмее пячы надзвычай смачныя пірагі, а Міхаіл – арыгінальна, з дапамогай плёнкі, свістаць, – характарызуе сям’ю суседка і мастацкі кіраўнік Дома культуры Кацярына Валер’еўна Троцкая.

Яны не сядзяць без справы. Нягледзячы на шматлікія клопаты па асабістай гаспадарцы, прысядзібным участку гэтая сям’я знаходзіць час для творчасці і добраўпарадкавання. Нездарма ж кажуць: хто хоча – той шукае магчымасць, хто не жадае – шукае прычыну…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *