В организациях Ушаччины прошёл единый день информирования

Общество

Трэці чацвер кожнага месяца – час правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва. Тэма чарговага, які прайшоў на гэтым тыдні – “Традыцыі беларускага народа: шлях праз вякі. Захаванне і развіццё нацыянальнай культуры ў Рэспубліцы Беларусь”. Члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама выступілі ў арганізацыях раёна, правялі сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Улічваючы тэматыку, разам са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам у працоўны калектыў раёна электрычных сетак накіраваліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.П.Котаў і галоўны спецыяліст аддзела П.А.Алексяёнак.

Пётр Аляксандравіч змястоўна азнаёміў работнікаў РЭСа з ходам выканання ў краіне, вобласці і нашым раёне дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2016-2020 гады”, а пасля заканчэння “культурна- адукацыйнай” часткі сустрэчы энергетыкі мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку раёна і пачуць адказы, як кажуць, з першых вуснаў.

У калектыве працуе 64 чалавекі, сярод якіх не толькі жыхары гарпасёлка, а і вяскоўцы. Некаторым з іх, як, напрыклад, матырынцам, дабірацца на работы прыходзіцца па гравійцы не надта высокай якасці. Вось і цікавіліся яны перспектывамі паляпшэння стану пакрыцця. Старшыня райвыканкама патлумачыў, што асфальтаванне мясцовых дарог вядзецца згодна зацверджаных планаў, у якія гравійка да Матырына пакуль не ўваходзіць. У.Г.Аўдошка зазначыў, што тэма дарог наогул балючая – многія хацелася б апрануць у асфальт, але ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Ды і ёсць шэраг аб’ектаў, што патрабуюць першачарговай увагі, як мост праз раку ў гарпасёлку.

На пытанне аб тэрмінах заканчэння будоўніцтва знакавых сацыяльных аб’ектаў кіраўнік раёна паведаміў, што яслі-сад № 3 плануецца запусціць у наступным годзе. Увод у эксплуатацыю новага будынка школы мастацтваў будзе залежыць ад фінансавання. Вядуцца падрыхтоўчыя работы па абсталяванні футбольнага стадыёна ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Яго ўтрыманне абыходзіцца нятанна, таму ў смелых планах – узвядзенне побач гасцініцы на 50 месцаў. Яе будаўніцтва дазволіць вырашыць праблему размяшчэння спартсменаў, бо зараз адміністрацыі комплексу часта даводзіцца адмаўляць дэлегацыям, у тым ліку і замежным, менавіта з-за немагчымасці рассялення. “За апошнія два месяцы па гэтай прычыне мы страцілі ўмоўных 50 тысяч рублёў”, – прывёў лічбы старшыня.

Пытанні будаўнічай тэматыкі прэваліравалі. Яно і не дзіўна, бо калектыў РЭСа ў апошнія гады значна памаладзеў. Уладзімір Генадзьевіч расказаў, што на наступны год запланавана будаўніцтва 40-кватэрнай пяціпавярхоўкі. Для жадаючых узвесці індывідуальнае жыллё разглядаецца магчымасць падводу інжынерных сетак да ўчастка за бальніцай, каб стварыць мікрараён індывідуальнай забудовы на 32 участкі. Патрэбна раёну і маласямейка для забеспячэння жыллём іншагародніх маладых спецыялістаў, што будзе спрыяць замацаванню кадраў у раёне. Задум хапае, але старшыня падкрэсліў, што вельмі многае залежыць ад падтрымкі нашых ініцыятыў на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Цікавіліся энергетыкі і тэрмінамі зносу былога Дома культуры ў аграгарадку Глыбачка – да гэтай справы мяркуюць далучыць спецыялістаў МНС – пры прымальным кошце работ і магчымасці захавання бяспекі аварыйны будынак будзе падарваны. Не абышлося і без застарэлага пытання саманарыхтоўкі дроў. У.Г.Аўдошка адказаў, што ў хуткім часе чакаюцца змены ў Лясным кодэксе, якія спросцяць атрыманне дазволу на нарыхтоўку дзікарослай расліннасці, і зазначыў, што ў нашым азёрным краі, дзе вялікія плошчы знаходзяцца ў водаахоўнай зоне, да кожнага такога пытання трэба падыходзіць індывідуальна.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *