Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Андрейченко провёл приём граждан в Ушачах

Зваротная сувязь

У першы дзень лютага на прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі А.Р.Пахілка прыйшоў не першы раз, але яго зварот да дэпутата зноў насіў не прыватны, а грамадскі характар. І калі ранейшы запыт аб садзейнічанні ў рамонце вуліцы Калінінскай быў раённага ўзроўню, то зараз Анатоль Раманавіч выйшаў на рэспубліканскі – агучыў спікеру беларускага Парламента ўласныя прапановы па праекце ўказа “Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху”. У.П.Андрэйчанка падзякаваў пенсіянеру за ініцыятыўнасць, неабыякавасць і запэўніў, што яго бачанне справядлівай схемы і механізму аплаты абавязкова будзе данесена да старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэя Анатольевіча Рыбака. І калі прапановы А.Р.Пахілкі пададуцца слушнымі дэпутацкай групе, якая працуе над новым указам, то з ім звяжуцца для больш дэталёвага абмеркавання.

Вось так усебакова У.П.Андрэйчанка заўсёды падыходзіць да кожнага звароту. А яны ў мінулую пятніцу былі прыватныя і калектыўныя, да спікера парламента звярталіся як грамадзяне, так і юрыдычныя асобы. Напрыклад, жыхарка Слабады Соф’я Іосіфаўна Пугач скардзілася на тое, што дуб на ўчастку суседзяў прыносіць ёй нязручнасці – зацяняе падворак, засмечвае яго лістамі і галлём. Між тым, пытанне гэта, як кажуць, “з барадой” – па ініцыятыве заяўніцы, пачынаючы з 2010 года, яно неаднойчы разглядалася райвыканкамам, інспекцыямі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і санітарна-эпідэміялагічнай, у тым ліку і абласнымі. Высветлілася, што падстаў для выдалення дрэва няма. Гэта пацвердзілі і пракуратуры Ушацкага раёна, Віцебскай вобласці, куды таксама звярталася пенсіянерка. Калі ж яна не згодна з такім становішчам спраў, то можа звярнуцца ў суд, бо адмяніць рашэнні кантрольных і наглядных органаў У.П.Андрэйчанка не можа. Ёсць і яшчэ адно выйсце – вырашыць праблему па-добрасуседску, і яно ў гэтым выпадку здаецца самым прымальным.

Жыхары некалькіх кватэр па Фрунзе,19 агучылі просьбу аб аказанні садзейнічання ва ўцяпленні іх дома, пабудаванага ў 1988 годзе. 48-кватэрная пяціпавярхоўка ўзводзілася як інтэрнат ПМК-66 для сваіх работнікаў, а ў 1995 годзе была ўключана ў жыллёвы фонд. У 2009-2010 гадах тут выкананы капітальны рамонт з заменай даху, аконных рам у месцах агульнага карыстання, цокалю, адмосткі, у 2013-ым – уцяпленне вуглоў дома. Але нягледзячы на прынятыя меры ў кватэрах некаторых жыльцоў тэмпературы зімой ніжэй нормы. Райвыканкам і УП ЖКГ Ушацкага раёна ў курсе праблемы. Вырашыць яе паспрабуюць з дапамогай рэгуліроўкі сістэмы ацяплення дома – старшыня райвыканкакама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка па даручэнні У.П.Андрэйчанкі ўзяў пытанне на асабісты кантроль. Таксама на трэці квартал бягучага года запланаваны работы па ліквідацыі прадзімання тарцовых сцен будынка за кошт сродкаў, выдзеленых на бягучы рамонт.

Мост праз раку Ушача па вуліцы Ленінскай гарпасёлка пасля абследавання спецыялістамі ДП “Белгіпрадар” прызнаны аварыйным. Абмежаванне руху па ім прынесла нязручнасці арганізацыям, якія маюць велікагрузны транспарт – з-за вымушанага аб’езду праз Гуту і Старынку яны нясуць дадатковыя страты. Ускладняецца і рух сельскагаспадарчых машын, а пасяўная пачнецца ўжо вельмі хутка. Кошт рэканструкцыі аб’екта разам з падрыхтоўчымі работамі складае каля 1,3 мільёна рублёў і сродкаў гэтых у раённым бюджэце няма. Дапамогі ў вырашэнні гэтага важнага пытання прасіў Мікалай Уладзіміравіч Свірко, галоўны інжынер камунгаса, на балансе якога знаходзіцца мост. Яшчэ адна праблема, з якой звярнуліся да У.П.Андрэйчанкі камунальнікі, таксама з разраду стратэгічных – дапамога ў набыцці новага катла для цэнтральнай кацельні гарпасёлка. У.М.Свірко прывёў лічбы, якія сведчаць, што ўжо на сённяшні дзень яе магутнасці не адпавядаюць існуючай нагрузцы. Па словах У.Г.Аўдошкі, у 2019-2021 гадах у гарпасёлку плануецца будаўніцтва яшчэ трох шматкватэрных жылых дамоў, да цэнтральнага ацяплення падключыцца і новы будынак дзіцячай школы мастацтваў. Такім чынам, нагрузка на кацельню яшчэ больш павялічыцца і без новага абсталявання ніяк не абысціся. Прыблізны ж яго кошт складае каля 2,5 мільёна рублёў, што раёну таксама не па кішэні.

У.П.Андрэйчанка ў ходзе прыёму патэлефанаваў намесніку старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміру Мікалаевічу Белаусу і даручыў па магчымасці з выездам на месца вывучыць агучаныя адміністрацыяй УП ЖКГ пытанні і аказаць садзейнічанне па ўключэнні прыгаданых аб’ектаў у праграмы фінансавання, а зацікаўленым раённым службам неабходна накіраваць у аблвыканкам адпаведнае абгрунтаванне і хадайніцтва.

З пытаннем на перспектыву звярнуўся да У.П.Андрэйчанкі і загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Іванавіч Ціханёнак, які расказаў аб стане спраў у галіне, рабоце фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”, пабудаванага з падтрымкай нашага дэпутата – Уладзімір Паўлавіч цікавіцца дзейнасцю аб’екта падчас кожнага візіту на Ушаччыну. Яго камфорт паспелі ацаніць не толькі жыхары нашага і суседніх раёнаў, а і каманды па розных відах спорту з Расійскай Федэрацыі, якія гатовы ехаць сюды нават з Сахаліна! Праблема ў тым, што інтэрнат комплексу разлічаны толькі на 18 месцаў і вялікія каманды ў ім рассяліць немагчыма – за апошні час па гэтай прычыне адмоўлена 13 дэлегацыям. Вось і прасіў С.І.Ціханёнак садзейнічання ў будаўніцтве ля “Юнацтва-Ушачы” гасцініцы-інтэрната для спартсменаў. Уладзімір Паўлавіч даручыў разгледзець пытанне з аблвыканкамам – пры умове ўключэння будаўніцтва ў абласную праграму ён акажа садзейнічанне ў фінансаванні праектна-пошукавых работ.

У.Г.Аўдошка ад імя ўсіх жыхароў раёна яшчэ раз падзякаваў У.П.Андрэйчанку за фізкультурна-аздараўленчы комплекс і іншыя аб’екты, узведзеныя пры яго падтрымцы, а таксама запрасіў на адкрыццё новага футбольнага поля ля “Юнацтва-Ушачы”, якое плануецца правесці 4 мая, і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю прарыву варожай блакады на Ушаччыне.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *