Притягательное Придвинье: агроэкоусадьбы Витебщины в 2018 году посетило более 40 тысяч туристов

Ушаччина туристическая

У 2018 годзе аграэкасядзібы Віцебскай вобласці наведалі больш 42 тысяч турыстаў, што перавышае лічбу за 2017 год больш чым на 27 працэнтаў. Пашырылася і геаграфія краін, прадстаўнікі якіх ацанілі прыцягальнасць падобнага адпачынку ў паўночным регіёне Беларусі. Апроч расіян паслугамі прыдзвінскіх аграсядзіб карысталіся грамадзяне 34 краін, сярод якіх дзяржавы амаль усіх кантынентаў свету: Германія, Ізраіль, Іран, Мексіка, ЗША, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Найбольш актыўна аграэкатурызм развіваецца ў Браслаўскім раёне, дзе дзейнічае 231 сядзіба. Папулярныя ў турыстаў таксама Глыбоцкі і Пастаўскі раёны, якія лідзіруюць у вобласці па такім паказчыку, як сярэдняя лічба кліентаў на адну сядзібу. Усяго ж на 1 студзеня 2019 года на Віцебшчыне зарэгістравана 601 аграэкасядзіба – і гэта чвэрць ад падобных беларускіх аб’ектаў. Летась прымалі гасцей 480 суб’ектаў аграэкатурызму, выручка якіх перавысіла 3,5 мільёна рублёў. У бюджэт паступіла 14,4 тысячы рублёў збору за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму – нагадаем, што стаўка збору па-ранейшаму ўсяго 1 базавая велічыня за каляндарны год (зараз 25,5 рубля).

Ушацкі раён, на жаль, пакуль не на поўную моц выкарыстоўвае свой багаты прыродны патэнцыял: на нашай тэрыторыі зарэгістравана ўсяго 6 аграэкасядзіб, і ў прайшоўшым годзе іх колькасць не павялічылася. Традыцыйна нашым лідарам у гэтай сферы з’яўляецца “Мікалаеўскі пасад”: летась тут адпачыла 504 чалавекі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *