Сердце, разделённое на всех. Анна Зенькова вот уже 15 лет приёмная мама

Всё начинается с семьи

Яшчэ гадоў 15 таму Г.А.Зянькова з вёскі Двор Пліна і падумаць не магла, што стане прыёмнай маці. Працавала ў саўгасе “Ушацкі”, абжывалася ў атрыманым ад гаспадаркі доме, уладкоўвала асабістае жыццё. Калі ж у сям’ю прыйшло няшчасце – ад анкалогіі памерла цётка – сіротамі сталі адразу сямёра стрыечных братоў і сястрычак Ганны Антонаўны. І калі старэйшыя маглі неяк справіцца з жорсткім выпрабаваннем лёсу, меншыя аказаліся зусім безабароннымі. Так, у свае 21 гераіня нашага аповеду ўзяла на сябе клопат аб дзесяцігадовай Ілоне і трынаццацігадовым Колі.

– Іншых варыянтаў не разглядала, – прызнаецца Г.А.Зянькова. – Дзеці павінны выхоўвацца ў атмасферы цеплыні і любові. Таму і старалася стварыць яе для сваіх блізкіх. Цяжкасцей я не баялася. Тым больш што падтрымліваў мяне будучы муж, які сам вырас у мнагадзетнай сям’і і заўсёды ставіў сямейныя каштоўнасці вышэй за ўсё. У такіх экстрэмальных умовах пачыналася гісторыя нашага з ім асабістага шчасця…
Неўзабаве ў пары з’явілася на свет дачка Віка. А яшчэ праз колькі часу сямейную ідылію дапоўнілі прыёмныя Віка, Віялета і Ліда.
– Родная дачушка спачатку крыху раўнавала, – расказвае жанчына. – Даводзілася ісці на розныя хітрыкі: калі купляеш цацкі, то абавязкова аднолькавыя, калі патрэбна куртачка – то таксама ўсім, толькі колеру рознага. На шчасце, дзяўчынкі хутка знайшлі агульную мову, пасябравалі. Зараз вострых вуглоў у зносінах не ўзнікае.
Малодшую Віялету, якой зараз восем, Ганна Антонаўна забірала зусім маленькай – дзяўчынцы было ўсяго два годзікі. Не намнога старэйшай была цяпер ужо дванаццацігадовая Віка, таму, хоць і ведаюць пра статус прыёмнай сям’і, абедзве лічаць яе роднай, сваёй. Складаней у гэтым сэнсе давялося адзінаццацігадовай Лідзе, якая трапіла сюды дастаткова дарослай. Але адчуўшы дабрыню прыёмнай маці, у першы ж дзень акуратна спытала: “Цёця Аня, а можна я Вас буду называць мамай?..”
Так Ганну Антонаўну называюць усе прыёмныя дзеці. Дзяўчынкі да яе цягнуцца, давяраюць свае маленькія сакрэты.
– Віка – надзвычай спакойная, захапляецца танцамі, вучыцца ў музычнай школе па класе баяна. Разам з ёй наведвае такія ж заняткі Віялета, дзяўчынка “з характарам”. Штогод ездзіць на аздараўленне ў Італію Ліда, якая добра ведае італьянскую і нямецкую мовы. Ну а родная Віка – першая мая памочніца, – з цеплынёй расказвае Г.Зянькова. – Мае дачушкі ўжо самастойныя: самі запраўляюць ложкі, збіраюцца ў школу, могуць прыгатаваць чай і бутэрброды. І хоць раяць не прывыкаць да прыёмных дзяцей (іх біялагічныя мамы і таты могуць вярнуць свае правы), не ўяўляю свайго жыцця без іх.
Такое няпростае выпрабаванне ў Г.А.Зяньковай было некалькі гадоў таму. Да яе трапілі сястрычкі з Ушач Ксюша і Надзя. Як падбірала да іх жанчына падыходы, як прывучала есці кашу, “здзіўляла” марожанымі журавінамі, іншымі ласункамі… А праз некалькі месяцаў дзетак вярнулі бацькам. Шчымлівае развітанне балюча ўдарыла па сэрцы Ганны Антонаўны. Яна і зараз захоўвае фотаздымкі дзяўчынак, успамінае радасныя дні, праведзеныя разам.
Не, не раўнуе Г.Зянькова сваіх прыёмных дзетак да іх біялагічных бацькоў – наадварот, усяляк садзейнічае іх зносінам. У кожнай з дзяўчынак ёсць свае матулі, якія іх нарадзілі, але не справіліся з бацькоўскімі абавязкамі. З імі школьніцы сазвоньваюцца і нават сустракаюцца ў доме Ганны Антонаўны. Праўда, цеплыні на такіх сустрэчах не адчуваецца. Проста і Віка, і Ліда, і Віялета, як пераканалася жанчына, пабачылі іншыя ўмовы жыцця, адчулі зусім іншыя адносіны да іх і вяртацца да былога не хочуць.
Акрамя выканання шматлікіх “функцый” прыёмнай мамы, неаднаразовага праходжання спецыяльных курсаў павышэння кваліфікацыі, Ганна Антонаўна працуе на паўстаўкі загадчыкам гаспадаркі ў Плінскім яслях-садзе. Заўсёды чысціня і парадак у яе вялікім утульным доме. Разам з мужам трымаюць карову, казу, парсючкоў, апрацоўваюць агарод. Вельмі любіць жанчына кветкі – іх вырошчвае і на падворку, і ў пакоях. Калі ж дазваляе час, займаецца яшчэ рукадзеллем.
– Не здзіўляйцеся паветраным шарам на сценах, – праводзячы невялікую экскурсію па доме, кажа Г.Зянькова. – Гэта мы нядаўна нашу Ілону замуж аддавалі. Дарэчы, “грымела” тут вяселле ўжо не ў першы раз: старэйшы Мікалай таксама мае сям’ю і дзетак. Так што я ў пэўным сэнсе ўжо бабуля.
Для аднаго шчасце – гэта кар’ера, для другога – матэрыяльны дастатак, для трэцяга – свабода ў кожным кроку. У Ганны Антонаўны яно звязана з дзецьмі. Не кожны гэта разумее. Нехта за спіною кажа, маўляў, грошы вырашыла зарабіць. Але на такіх людзей жанчына не звяртае ўвагі. Яны ж не разумеюць, што шчыры ўдзячны погляд дзіцячых вачэй, іх непадробная радасць ад таго, што ёсць свой дом, свая сям’я, іх цёплыя словы даражэй за любыя грошы. Ды і як бы там ні было, але, згадзіцеся, стаць прыёмнымі бацькамі могуць толькі тыя, у каго сапраўды вялікае сэрца, такое, у якім хапае месца на ўсіх.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *