Витебчанка Надежда Соловьёва перечислила 800 рублей на реставрацию обелиска на братской могиле в Кубличах

Общество

Надзея Ягораўна Салаўёва з Віцебска пералічыла 800 рублёў на рэстаўрацыю абеліска на брацкай магіле ў Кублічах, на якім увекавечана і імя яе бацькі. Пенсіянерка не атрымлівае дывідэндаў ад акцый, не мае працэнтаў па ўкладах, жыве не ў раскошы, у сям’і і машыны няма. А самае дарагое, што ёсць – гэта памяць аб гераічных продках.

– Мы пастаянна даглядаем брацкую магілу ў вёсцы Стрыгі Сенненскага раёна, – расказвае Надзея Ягораўна. – Гэта радзіма маёй маці, куды яна і вярнулася з Віцебска ў самым пачатку вайны. Мне было чатыры гады. Падчас аднаго з авіяабстрэлаў ужо пры вызваленні Беларусі ля падбітага танка загінуў мой дзед, сусед – малады партызан Антон і чырвонаармеец. Спачатку на магіле стаяў крыж, потым мы паставілі сучасны помнік. Прозвішча суседа, канечне, ведалі, а чырвонаармейца – не, так і напісалі: танкіст-украінец.

На тату Ягора Пятровіча Філіпоўскага “пахаванка” прыйшла 23 лютага 1944-га. Так і жылі мы жаночым царствам, без адзінага мужчыны: я, бабуля, мама і дзве яе сястры. А месца пахавання бацькі я шукала. Пасылала запыты. І ў шасцідзясятых прыйшоў адказ, што ён пахаваны ў вёсцы Ідута, а пазней астанкі перанеслі ў брацкую магілу ў Кублічы. Я прыязджала туды нядаўна, брала з сабой нават праўнука. Ведаю, што магіла пастаянна даглядаецца, а сёлета наогул выдзелены вялікія сродкі на рамонт абеліска. Аднак мы на сямейным савеце з сынам рашылі ўнесці свой уклад ва ўвекавечанне імя бацькі, якога я амаль не памятаю, і дзеда, якога ніколі не было ў сына.

Мой тата быў родам з Суражскага раёна. Да вайны працаваў на старэйшай швейнай фабрыцы Віцебска “Прафінтэрн”, яшчэ ў 1936-м яны атрымалі з маці пакой. У 1937-м нарадзілася я. І… вайна. Бацька ўдзельнічаў у эвакуацыі абсталявання, потым аказаўся ў партызанах. Да нас у вёску ён прыйшоў толькі аднойчы, хоць атрад пэўны час знаходзіўся і ў Сенненскім раёне. …Нямецкія войскі ў нас рухаліся пераважна па былым Кацярынінскім шляху, углыб сунуцца баяліся. У Стрыгі нават прыходзілі сяляне з лясных вёсак, каб паглядзець на фашыстаў.

У 1944-м, калі вакол Ушацкай партызанскай зоны сціскалася блакаднае кальцо, Ягор Пятровіч Філіпоўскі загінуў. Надзея Пятроўна і яе сын Уладзімір Барысавіч Крычаўцоў мала што ведаюць пра баявы шлях бацькі. Але вельмі рады, што ёсць абеліск, і ўпэўнены, што імёны на ім не сатруцца, нават калі не стане іх саміх.

На помніку ў Кублічах знаходзіцца больш 50 імёнаў. Пераважна нашы, ушацкія прозвішчы мясцовых жыхароў і партызан. Але ёсць сярод іх і рэдкія, як Ягор Пятровіч Філіпоўскі ці Пётр Мікалаевіч Бяляўскі, што аддалі жыцці за вызваленне нашага раёна ў 1944-м. Дарэчы, пры рэстаўрацыі абеліска на пліты будзе занесена яшчэ тры прозвішчы партызан. Каб не заставалася безыменных магіл. Каб не было забыта ні адно імя.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *