В Ушачской районной библиотеке организовали душевную и ностальгическую выставку «История новогодней открытки и игрушки»

Общество

Адгрымелі каляровыя феерверкі, патухлі бенгальскія агні, павешаны ў шафу святочныя ўборы, складзены ў каробку ёлачныя цацкі… Самотна, калі канчаюцца любімыя навагоднія святы, шкада, што нельга іх вярнуць… Ды чаму ж нельга? Няма нічога немагчымага, калі маеш жаданне, фантазію і энтузіязм. А такіх якасцяў не займаць работнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія вырашылі вярнуць нам калі не ўсё навагодняе свята, то хаця б некаторыя яго атрыбуты, наладзіўшы вельмі душэўную і настальгічную выставу пад назвай “Гісторыя навагодняй паштоўкі і цацкі”.

На размешчаных у зале бібліятэкі вітрынах – рэчы з дамашніх калекцый ушачан. Напэўна, у кожнай сям’і захоўваюцца ёлачныя цацкі, якімі ўпрыгожвалі навагоднія дрэўцы яшчэ бабулі з дзядулямі. Зрэшты, эра звыклых для нас шкляных упрыгожванняў пачалася ўжо ў пасляваенныя гады. І трэба сказаць, што фантазія ў тагачасных вытворцаў працавала някепска! Гэта зараз гандаль прапануе нам у асноўным розныя мадыфікацыі шароў. Яны, канечне, прыгожыя, але ж нейкія… бессэнсоўныя. У савецкія ж часы літаральна кожная цацка была асаблівай. На ёлачных лапах суседнічалі звяры і птушкі, бытавыя рэчы і ягады з фруктамі, казачныя персанажы і прадметы савецкай сімволікі. “Нашай любімай цацкай быў вось гэты домік, – прыгадвае, паказваючы на адзін з прадметаў выставы, фатограф Віктар Мікалаевіч Ярмош. – Ёлка стаяла ля акна, ноччу святло месяца адбівалася на шкле гэтай цацкі, і мы, малыя, нібы заварожаныя, глядзелі з-пад коўдры на гэтае чароўнае відовішча. Сям’я наша жыла ў Строктах, але напярэдадні Новага года да нас з Ушач прыязджала цёця і абавязкова прывозіла новыя ёлачныя цацкі. Як жа мы чакалі яе візіту!” А бібліятэкар Вера Уладзіміраўна Друк, якая таксама прынесла на выставу сямейныя цацкі, расказала, што для яе самай любімай была вялікая пузатая шышка: вешаць яе трэба было на ніжнюю галіну, якраз туды, куды магла дацягнуцца дзяўчынка…

Па цацках на вітрыне выставы можна нават прасачыць гісторыю савецкай краіны: вось сімвал хрушчоўскай эпохі – каралева палёў кукуруза, а гадзіннічак, стрэлкі якога застылі на без пяці дванаццаць, стаў “цацачным хітом” пасля выхаду знакамітага фільма “Карнавальная ноч”…

А колькі ўспамінаў пра светлыя моманты жыцця ўтойваюць у сабе навагоднія паштоўкі! Напэўна, вельмі многім зараз шкада, што гэта выдатная традыцыя – віншаваць родных і сяброў напісанымі на прыгожай картачцы шчырымі словамі, зараз амаль адышла. Канечне, з’яўляюцца новыя, больш актуальныя і зручныя формы, але ж хіба смайлікі ды сцікеры могуць замяніць цеплыню і натуральнасць звычайных паштовак! І нельга не пагадзіцца з меркаваннем ушацкага мастака Міхаіла Аляксандравіча Багдановіча (а менавіта экзэмпляры яго асабістай калекцыі склалі асноўную частку экспазіцыі выставы), які, не ўмаляючы высокай эстэтычнасці сучасных паштовак, зробленых фотаспосабам, адзначыў, што старажытныя, намаляваныя рукой мастака, былі куды больш цёплымі і душэўнымі.

Тэматыка паштовак была самай рознай: ад традыцыйных крамлёўскіх курантаў, да любімых герояў “Ну, пачакай!”. А колькі мяккага гумару выпраменьваюць савецкія паштоўкі! На самым першым экзэмпляры, з якога стартавала калекцыя Міхаіла Аляксандравіча, намалявана чарга, у якую выстраіліся лясныя насельнікі, каб павіншаваць сяброў па тэлефоне-аўтамаце. Такі вось празрысты намёк на савецкія рэаліі, калі чэргі былі звычайнай з’явай. Застаўся гумар і ў надпісе на самой паштоўцы, у якой аднакласніца віншавала Мішу Багдановіча з Новым 1961-м годам і жадала яму “хорошо учится” – менавіта так, прапусціўшы ў дзеяслове мяккі знак.

Але не толькі вясёлыя ўспаміны захоўваюць старыя кавалкі кардону. У той жа калекцыі М.Багдановіча ёсць, напрыклад, віншавальная паштоўка, якую яго бацька даслаў з фронту сваякам. Па словах Міхаіла Аляксандравіча, менавіта тата навучыў яго надзвычай беражліва ставіцца да ўсіх мастацкіх рэчаў, да якіх ён адносіць і паштоўкі. Таму і захоўвае калекцыю, бо не разумее, як можна выкінуць тое, над чым працавалі майстры выяўленчага мастацтва. І вельмі добра, што ёсць такія людзі, якія зберагаюць для патомкаў падобныя сямейныя рэліквіі.

“Вялікі дзякуй за гэтую цудоўную арыгінальную выставу!” – былі аднадушнымі ў сваіх узнёслых эмоцыях члены клуба цікавых сустрэч “Ушачане”, якія сталі гасцямі яе ўрачыстага адкрыцця. А начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.В.Азевіч шчыра падзякавала стваральнікам выставы і людзям, якія прадставілі для прагляду свае сямейныя рэчы, за ўдалую ідэю і яе цудоўнае ўвасабленне. З гэтым нельга не пагадзіцца, бо экспазіцыя сапраўды нікога не пакінула абыякавым, а некаторыя гледачы прызналіся, што ім захацелася перабраць свае старыя паштоўкі, каб прыгадаць блізкіх людзей, падзеі і эмоцыі прайшоўшых дзён, узяць пазітыў мінулага з сабой у будучае.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *