Бежит огонь по сухой траве, уничтожая всё живое. За палы травы можно получить внушительный штраф

Cлужба-101 Профилактика и безопасность Экология

Хоць на вуліцы зараз і няўстойлівае надвор’е з дажджом, аднак як толькі выглядвае сонейка, людзі хутчэй імкнуцца з дапамогай запалак пазбавіцца ад смецця на сваіх участках, а таксама сухой расліннасці на палях, уздоўж дарог.

Гараць дамы і гінуць людзі

На мінулым тыдні ў Рэчыцкім раёне жанчына загінула на ўласным агародзе, спрабуючы патушыць агонь, які бег па сухой траве. Справіцца з ім яна не змагла і, страціўшы прытомнасць, не выбралася ў небяспечнае месца…
Спальванне травы на ўчастках каля дома вельмі часта прыводзіць да пажараў, агонь знішчае дамы, надворныя пабудовы, а то і цэлы населены пункт. У мінулым годзе ў краіне па гэтай прычыне загінулі 2 чалавекі, трое траўміраваны. Па даных МНС, усяго за 10 гадоў ахвярамі палаў сталі каля 100 чалавек, 80 пацярпелі.

Злачынства супраць прыроды
Некаторыя людзі памылкова лічаць, што выпальванне травы прыносіць пэўную карысць: “прагравае” і ўгнойвае глебу, знішчае насенне пустазелля, стымулюе рост новай травы. Насамрэч, палы зніжаюць урадлівасць глебы, забруджваюць паветра вуглякіслым газам, абядняюць склад расліннасці, знішчаюць карысных насякомых, гняздоўі птушак, а падчас моцнага пажару гінуць нават звяры. Пры спальванні травы ўздоўж дарог у паветра разам з дымам трапляюць солі цяжкіх металаў, у сельскай мясцовасці ў агні разам з травой згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя злучэнні.

Палы ўдараць па кішэні!
У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, парушаючы які, можна “прагарэць” на суму ад 255 да 1020 рублёў На тэрыторыі, прылягаючай да жылых і гаспадарчых будынкаў, гаражоў, адкрытых стаянак, не дапускаецца выпальванне сухой расліннасці, развядзенне вогнішчаў, спальванне смецця і адходаў. Пры выяўленні такіх фактаў, а таксама за выпальванне ржышча і пажніўных рэшткаў на карані на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках на вінаватых асоб накладаецца штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь.

Як пазбавіцца ад смецця?

Дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў для спальвання смецця і адходаў на спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках, якія трэба абраміць ачышчанай ад мінеральнага слою паласой глебы шырынёй не менш 25 сантыметраў. Паліць адходы неабходна ў зацішнае надвор’е, пад пастаянным кантролем, пры абавязковай наяўнасці пярвічных сродкаў пажаратушэння і на бяспечнай адлегласці: 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, 20 – ад ляснога масіву, 30 – ад месцаў, дзе складзіруецца сена або салома. Мангал або грыль устанаўлівайце ў чатырох метрах ад пабудоў. Падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення. Ні ў якім разе нельга пры спальванні смецця выкарыстоўваць гаручыя вадкасці. За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь.

* * *

З 18 сакавіка па 17 красавіка на Ушаччыне праходзіць месячнік па папярэджанні выпальвання сухой расліннасці. Зацікаўленыя службы будуць абследаваць населеныя пункты і прымаць меры па недапушчэнні ўзнікнення пажараў.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *