История одного экспоната. В музее народной славы хранятся вещи дважды Героя Советского Союза И.Баграмяна

Общество

“Няўжо гэта не муляж, а сапраўдныя рэчы? Не здзівіўся б, каб убачыў іх у Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, але мець падобныя рарытэты ў экспазіцыі ва Ушачах!..” – такую рэакцыю давялося пачуць летась ад аднаго з наведвальнікаў музея народнай славы імя У.Е.Лабанка. Гэтак узрушыў мужчыну стэнд, дзе выстаўлены пісталет і корцік двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Івана Хрыстафоравіча Баграмяна. Па словах дырэктара ўстановы Наталлі Бугай, здзіўляюцца наяўнасці гэтых экспанатаў у музеі раённага цэнтра многія. Натуральна, што нам захацелася высветліць гісторыю траплення ў экспазіцыю асабістай зброі легендарнага военачальніка. А яна аказалася цікавай.

Спачатку ж крыху пра асобу І.Баграмяна. Прынамсі, насамрэч ён – Аванэс Хачатуравіч, аднак знакамітым стаў пад русіфікаваным імем. Яго баявы шлях пачаўся з франтоў Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў і быў цярністым. Дзівам пазбегнуўшы рэпрэсій, Вялікую Айчынную ён сустрэў у якасці начальніка аператыўнага аддзела штаба Паўднёва-Заходняга фронту, які ў верасні 41-га аказаўся ў акружэнні пад Кіевам, дзе загінула і трапіла ў палон 665 тысяч чырвонаармейцаў. Прарваць кола і выйсці да сваіх ўдалося толькі двум дзясяткам тысяч, камандаваў якімі І.Баграмян. Выдатна ён праявіў сябе і ў бітве пад Масквой, за што атрымаў званне генерал-лейтэнанта, а ў 42-м пасля правалу Харкаўскай наступальнай аперацыі быў на валасок ад трыбунала – выратавала толькі заступніцтва Жукава. Вярнуць пахіснуты аўтарытэт дапамаглі паспяховыя баі пад Арлом, а восенню 43-га Баграмян быў назначаны камандуючым 1-м Прыбалтыйскім фронтам.
Найбольшую ваенную славу прынесла яму беларуская наступальная аперацыя “Баграціён”. Летам 44-га войскі Баграмяна нечакана атакавалі праціўніка з боку балот, акружылі яго групоўкі і вызвалілі Віцебск, Оршу, значную частку Літвы і Латвіі. За гэту аперацыю Івану Баграмяну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Падчас яе правядзення войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту цесна ўзаемадзейнічалі з партызанскімі злучэннямі Ушацкай партызанскай зоны пад началам Уладзіміра Елісеевіча Лабанка.
Падзеі тых часоў Баграмян апісаў у сваёй кнізе “Так ішлі мы да перамогі” – экзэмпляр гэтага выдання маецца ў экспазіцыі ўшацкага музея, а асаблівую каштоўнасць яму надае зроблены рукой аўтара дароўны надпіс. Пры ўсім гэтым непасрэдна на Ушаччыне Іван Хрыстафоравіч ніколі не бываў. Дык як усё ж такі трапілі ў наш музей кніга, пісталет і корцік легендарнага камандарма? Аказваецца, дзякуючы… адметнасцям характараў маршала і былога дырэктара ўстановы М.Кірпіча.
А пачалося ўсё з перадачы, якую Мікалай Мікалаевіч выпадкова пачуў па радыё ў 1979-м годзе. На той час Баграмяну ўжо споўнілася 80, тым не менш ён актыўна займаўся патрыятычна-выхаваўчай работай. А ў тым інтэрв’ю адзначыў, што адказвае літаральна на ўсе лісты, што дасылаюць яму людзі з розных канцоў Савецкага Саюза. Дапытлівы і дзейны М.Кірпіч вырашыў праверыць словы маршала і напісаў яму пісьмо, дзе паведаміў пра тое, як ва Ушачах беражліва захоўваюць памяць пра подзвіг герояў-вызваліцеляў, прыгадаў, што ў нас будуецца новае памяшканне музея, і папрасіў па магчымасці перадаць у экспазіцыю якую-небудзь асабістую рэч. І маршал аказаўся чалавекам слова – неўзабаве дырэктар атрымаў адказ на свой ліст. “Паважаны таварыш Кірпіч! З вялікім задавальненнем даведаўся пра стварэнне музея, прысвечанага подзвігам ушацкіх партызан. Іх слаўныя баявыя справы з’яўляліся выдатным узорам мужнасці, самаадданасці, бязмежнай любові да нашай сацыялістычнай Радзімы…” – напісаў Іван Хрыстафоравіч і паабяцаў падарыць корцік, пісталет і кнігу. Пошта ў перасылцы зброі адмовіла і за ёй давялося ехаць у Маскву. “Добра памятаю, як разам з навуковым супрацоўнікам нашага музея Іосіфам Платонавічам Голікам прыбылі ў Міністэрства абароны СССР, – расказвае М.Кірпіч. – Там нас сустрэў ад’ютант, перадаў рэчы і прапанаваў экскурсію да любых славутасцяў сталіцы. І хоць я быў у Маскве ўпершыню, ды скарыстацца гасціннасцю мы не рашыліся – паспяшаліся хутчэй на зваротны цягнік… Але ж былі вельмі гордыя тым, што здабылі такія эксклюзіўныя экспанаты!”
Праз тры гады Івана Хрыстафоравіча не стала – ён пайшоў з жыцця апошнім з савецкіх ваеначальнікаў, што камандавалі франтамі. Але музейныя рэліквіі будуць расказваць нашчадкам пра баявы шлях легендарнага маршала і 1-га Прыбалтыйскага фронту, злучэнні якога ў чэрвені 44-га вызвалялі наш раён. У яго часці ўліліся ўшацкія партызаны. Многія з іх пазней загінулі ў баях за Кёнігсберг, у бітвах за гарады Усходняй Прусіі і Прыбалтыкі. Яны паклалі свае жыцці на алтар Перамогі – і гэты подзвіг ніколі не будзе забыты.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Розныя падзеі здараліся ў кар’еры Баграмяна – былі і анекдатычныя выпадкі. У канцы ліпеня 44-га, адрэзаўшы групу армій “Поўнач”, войскі 1-га Прыбалтыйскага нечакана выйшлі да мора. Паддаўшыся эйфарыі, Іван Хрыстафоравіч набраў у бутэльку салёнай вады і адправіў яе Сталіну. Аднак пакуль вада ляцела ў Маскву, немцы адкінулі нашых ад узбярэжжа. Сталін пакруціў бутэльку ў руках і вярнуў пасыльнаму са словамі: “Аддай Баграмяну. Хай вылье там, дзе набраў”. Маршал прыняў правілы гульні і праз два месяцы выліў ваду ў канчаткова адбіты ў ворага Рыжскі заліў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *