Великодолецкий СДК в год 75-летия освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков проводит акцию «Дорога к ветерану»

Общество

Своеасаблівую акцыю пад назвай «Дарога да ветэрана» ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі праводзіць Вялікадолецкі сельскі Дом культуры. “Усё менш застаецца ветэранаў і сведак вайны, а таму мы вырашылі парадаваць іх сваёй увагай, падбадзёрыць добрым словам і песняй, схадзіць, як у нас кажуць вяскоўцы, “на сяло”, – гаворыць дырэктар СДК Валянціна Смаляк.

Хоць Ефрасінні Нікіфараўне Хадан ужо за 90, аднак з памяці не сцёрліся горкія ваенныя ўспаміны і яна беражліва захоўвае ордэн Вялікай Айчыннай вайны і шматлікія юбілейныя медалі. Яна ратавала раненых, калі яшчэ непаўналетняй трапіла ў партызанскую санчасць. Назаўсёды запомніла чалавечы боль і простыя, нязвыклыя вясковай дзяўчыне моманты суровых ваенных будняў. Як даводзілася спаць на голай зямлі, як падчас начных паходаў ад фашысцкіх ракет станавілася светла, нібы днём.

Праз голад, страх і гора давялося прайсці і Марыі Уладзіміраўне Казловай. “Вельмі кранулі яе ўспаміны пра вайну і пасляваенны час вачыма падлетка. Нялёгка было сям’і, у якой выхоўвалася 12 дзяцей. Мнагадзетнай мамай з’яўляецца і сама Марыя Уладзіміраўна. Яе аповеды мы слухалі, затаіўшы дыханне!” – дзеліцца ўражаннямі мастацкі кіраўнік установы Лілія Смаляк.

Работнікі СДК і ўдзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці падрыхтавалі для жанчын невялікія канцэртныя праграмы і ў свой адрас пачулі нямала слоў удзячнасці. Такія ж сустрэчы не толькі ў аграгарадку, а і ў бліжэйшых населеных пунктах запланаваны як з ветэранамі, так і дзецьмі вайны – ніхто не павінен застацца без увагі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *