От «Калинки» до флешмоба. В Ушачах прошёл смотр-конкурс танцевальных коллективов «Танцевальная весна-2019»

Культура Наши дети Образование и молодежь

На Ушаччыне ўмеюць танцаваць. У гэтым у чарговы раз упэўніліся ўсе, хто на мінулым тыдні завітаў на раённы агляд-конкурс танцавальных калектываў “Танцавальная вясна-2019”. Зрэшты, як поўная зала цэнтра культуры і народнай творчасці, так і большая ў параўнанні з мінулым годам колькасць удзельнікаў, сведчыла аб папулярнасці конкурсу. А пакуль журы падводзіла вынікі, у танцы кінуліся ледзь не ўсе.

Аб гатоўнасці прадэманстраваць свае харэаграфічныя здольнасці заявілі 12 калектываў. Акрамя гэтага ў госці да ўшачан завітаў і ўзорны танцавальны калектыў “Школьны квартал”, што дзейнічае пры базавай школе №5 горада Полацка. Творчае спаборніцтва традыцыйна праходзіла па трох намінацыях: народна-сцэнічны, бытавы і эстрадны танец. Прычым, колькасць нумароў у кожнай з іх не абмяжоўвалася – члены журы мелі магчымасць убачыць усе грані таленту юных танцораў. Былі сярод удзельнікаў як навічкі, так і тыя, хто не раз ужо выступаў на вялікай сцэне, як, напрыклад, дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў “Спадчына” Матырынскага сельскага клуба (кіраўнік Г.С.Рудзёнак). На працягу апошніх трох гадоў у іх скарбонцы нямала перамог на розных фальклорных конкурсах. На “Танцавальнай вясне” яны зноў цудоўна выступілі і нягледзячы на канкурэнцыю, якую ім склалі члены гуртка бытавога танца “Нарэчанька” з той жа ўстановы і калектыву з Глыбачанскага СДК, упэўнена атрымалі чарговую перамогу.

Калектыў “Авантаж” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (кіраўнік Ю.Казак) і “Гарошынкі” Ушацкай школы (Н.Шарыпа) аднолькава добра выступалі як са сцэнічнымі народнымі танцамі, так і з сучаснымі эстраднымі. “Маладзёжны квартал” цэнтра культуры (Д.Пенкальская) і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў (Н.Корнева) зрабілі стаўку на народна-сцэнічны танец. Прычым, абодва ўздымалі настрой прысутным пад гукі “Калінкі”, але з рознымі і адначасова яркімі пастаноўкамі танца.

Самая вялікая колькасць нумароў была ў больш блізкай для канкурсантаў “эстрадзе”. Менавіта ў гэтым накірунку заявілі аб сабе і калектывы сельскіх устаноў культуры. Пад рытмы замежных і рускіх хітоў выступілі ўдзельнікі Вяркудскага СДК, а маладзёжны калектыў з Вялікадолецкага абраў форму флэшмобу, прымусіўшы падтанцоўваць залу пад урыўкі шматлікіх папулярных хітоў кшталту “Тае лёд”, “Колер настрою – чорны”. Не шкадавалі гледачы апладысментаў для самых маленькіх удзельнікаў – дзіцячага калектыву “Карнавал” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (Д.Пенкальская), якія выйшлі на сцэну ўпершыню, пераўвасобіўшыся ў працавітых пчолак. Менавіта іх журы адзначыла як лепшых дэбютантаў конкурсу. Адразу дзве пары – з Ушацкай школы і Вялікадолецкага СДК лёгка закружыліся ў рытме вальса, абодва выступленні былі адточанымі і кранальнымі, але лепшым прызнана апошняе.

– Атрымаў вялікае задавальненне ад усіх сённяшніх выступленняў, конкурс прайшоў на адным дыханні. Дзякуй за талент, волю да перамогі, развіцця і росту вам! – адзначыў, падводзячы вынікі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віктар Пятровіч Котаў.

Першае месца ў намінацыі “эстрадны танец” прысуджана калектыву “Капрыз” раённага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік В.Пугачова), а ў намінацыі “народны сцэнічны танец” вышэйшай адзнакі ўдастоены калектыў харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. Пісьмо-падзяку ад аддзела заслужана атрымалі госці з Полацка. Не засталіся без дыпломаў, гучных апладысментаў і іншыя ўдзельнікі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *