В школах Ушаччины прозвенел последний звонок

Общество

Здавалася б, усё як заўсёды: пяшчотнае сонейка, шчырыя ўсмешкі, кветкі – карацей кажучы, святочны настрой. Толькі хваляванне нейкае асаблівае: крыху сумнае, трапяткое, але такое сапраўднае! Яго адчувалі ўсе прысутныя на свяце апошняга званка, якое адбылося ў чацвер, 30 мая, ва ўсіх школах Ушаччыны. Яшчэ адзін навучальны год завяршыўся для 1214 хлопчыкаў і дзяўчынак нашага раёна. 59 адзінаццацікласнікаў сёлета развітаюцца з любімымі настаўнікамі і шчаслівымі школьнымі гадамі. У самастойны шлях адправяцца і многія са 115 дзевяцікласнікаў.

Кожны з юнакоў і дзяўчат, безумоўна, захавае ў памяці гэты святочны момант, бо школьны час пакідае самыя светлыя і шчымлівыя ўспаміны. Менавіта пра гэта ў сваім прывітальным слове, адрасаваным вучням, педагогам і бацькам, гаварыў у Ільюшыне старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка.
– Першы жыццёвы іспыт, першае расчараванне, першая перамога – усё гэта праходзіць у сценах любімай школы. Упэўнены, што ўсе экзамены і выпрабаванні, якія рыхтуе лёс, пройдзеце дастойна. Наша будучыня ў надзейных руках, у руках выхаваных намі дзяцей, – зазначыў Уладзімір Генадзьевіч.

Сёлета ва ўстанове няма адзінаццацікласнікаў і толькі шасцёра дзевяцікласнікаў. Але ж мерапрыемства аказалася ў многім развітальным – праз некалькі дзён дырэктар А.М.Азевіч пакідае ўзгаданую пасаду ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак.

– Шчыра кажучы, чакаў гэтага дня з неспакойным сэрцам, – прызнаўся пазней Аляксандр Мікалаевіч. – Развітвацца з калегамі, вучнямі, ды і сценамі школы, якой аддаў больш за 15 год, балюча.

Напэўна, сярод прысутных не было ніводнага, хто не пусціў слязу, падносячы кветкі любімаму дырэктару. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і непасрэдна ў Ільюшынскай школе А.М.Азевічу ўручана Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Такую ж узнагароду атрымала таксама настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іна Аляксееўна Алексяёнак.

Пад гукі фанфар і апладысменты прысутных пачалася ўрачыстасць на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, дзе сабраліся вучні і настаўнікі Ушацкай школы, а самае пачэснае месца занялі 47 вучняў двух адзінаццатых класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Ірынай Уладзіміраўнай Леснічэнка і Марынай Уладзіміраўнай Міхайлавай. Выхаванкі першай, дарэчы, праявілі крэатыў і прыйшлі на свята выключна ў бардовых сукенках. Не адсталі ад іх і прадстаўнікі моцнай паловы – падабралі такога ж колеру кашулі ці бабачкі.

Да выпускнікоў, настаўнікаў і бацькоў з прывітальным словам звярнуўся дырэктар навучальнай установы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. За высокія дасягненні ў вучобе, перамогі ў розных конкурсах шэрагу вучняў ён уручыў граматы і лісты падзякі.

Не абышлося ў гэты дзень без пажаданняў педагогаў і бацькоў, слоў удзячнасці ад выпускнікоў, пранікнёных вершаваных віншаванняў ад першакласнікаў, а таксама вальсу ў выкананні адзінаццацікласнікаў. Па заканчэнні ўрачыстасці яны разам з першакласнікамі па традыцыі ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан.

Не было адзінаццацікласнікаў сёлета і ў Глыбачанскай школе. Між тым, гэта акалічнасць не зрабіла свята апошняга званка сумным – яго героямі сталі 14 дзевяцікласнікаў, многія з якіх збіраюцца пакінуць сцены школы і адправіцца ў самастойнае жыццё. Але радуе, што колькасць вучняў ва ўстанове адукацыі дакладна не зменшыцца і нават узрасце – па словах дырэктара Зоі Іванаўны Жогаль, у першы клас восенню прыйдзе 14 маленькіх школьнікаў. Многія з іх прынялі ўдзел у праграме свята. Няма адзінаццацікласнікаў? Не бяда – вальс у выкананні будучых першаклашак прывёў у захапленне ўсіх гасцей свята! Кранальныя вершы і песні ўласнага сачынення, мора ўсмешак, слёзы вучняў і расчуленых педагогаў, узнагароды лепшых навучэнцаў і іх бацькоў, узаемныя словы ўдзячнасці – мерапрыемства прайшло ў сапраўды сямейнай атмасферы.
Насычаным і цікавым было свята апошняга званка ў Вялікадолецкай школе. Феерверкам шчырых слоў ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўны Марковіч, іншых гасцей мерапрыемства ляцелі віншаванні пецярым выпускнікам. Апошнія таксама не засталіся ў даўгу – давалі наказы малодшым школьнікам, дзякавалі настаўнікам і бацькам. Чарговая ўзнагарода з’явілася ў скарбонцы дасягненняў адзінаццацікласніка Антона Ардынскага – яму як актывісту райкама БРСМ уручаны Ліст падзякі ад грамадскага аб’яднання.
Такім жа чынам у Арэхаўскай школе маладзёжны лідар раёна Рыта Уладзіміраўна Хрыпель адзначыла выпускніц Сняжану Залатую і Іаланту Цыбульскую, што толькі дадало эмоцый яркаму мерапрыемству. Цёплыя віншаванні гасцей (на лінейках ва ўсіх навучальных установах прысутнічалі члены райвыканкама, работнікі аддзела па адукацыі, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны), іх слушныя жыццёвыя парады, думаецца, надоўга запомняцца прысутным. Гэтак жа, як і кранальны вальс ад выпускнікоў, якіх сёлета ў Арэхаўне сямёра, а таксама выпуск імі ў неба паветраных шароў, сімвалаў дзяцінства і загаданых жаданняў.
Шчаслівай дарогі вам, выпускнікі!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *