В Ушачах чествовали победителей предметных олимпиад, спортивных соревнований и творческих конкурсов

Наши дети

На мінулым тыдні ва Ушачах прайшла ўрачыстасць, на якой ушаноўвалі тых, чые розум, веды і талент прыносяць славу нашаму раёну. Менавіта аб гэтых юнаках і дзяўчатах можна па праве сказаць, што яны – гонар Ушаччыны, сапраўднае сузор’е надзей нашай краіны.
Школьнікаў, іх бацькоў і педагогаў, якія вялі да поспеху, шчыра віталі старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка, начальнік аддзела па адукацыі Н.В.Стрыжонак. Звяртаючыся да прысутных, Уладзімір Генадзьевіч адзначыў, што ў дзяржаве надаецца значная ўвага падтрымцы адоранай моладзі, а райвыканкам матэрыяльна заахвочвае творчасць і талент. Цёплыя словы ў адрас запрошаных выказала і Наталля Васільеўна, якая сказала, што набытыя веды і навыкі дапамогуць школьнікам у далейшым жыцці.

Напэўна, больш за ўсіх хвалявалася Ірына Сяргееўна Клачок: на сцэну для ўзнагароджання падымаліся ў гэты дзень яе сын і дачка. Сапраўднай зорачкай з’яўляецца Злата, вучаніца 10 класа Ушацкай школы. Вядомая прымаўка “І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц” – дакладна пра яе. Дзяўчына захапляецца посткросінгам, мае разрад па кулявой стральбе, танцуе, піша вершы, а сёлета стала дыпламантам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (настаўнік – Ірына Уладзіміраўна Леснічэнка). Шмат узнагарод рознага ўзроўню – у яе брата Марата Клачка. У гэтым годзе дзевяцікласнік стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і матэматыцы, абласной дыстанцыйнай алімпіяды па алгебры, ну а падчас мерапрыемства быў адзначаны за леташнюю перамогу ў абласным фестывалі міжкультурных камунікацый у намінацыі “Я – гід” (Галіна Сяргееўна Данілёнак).
Штогод дэманструе высокія навуковыя здольнасці вучань 11 класа з Вялікіх Долец Антон Ардынскі. З пачатковай школы ён праяўляў цікавасць да матэматыкі, перамагаў на раённых алімпіядах па гэтым прадмеце. У 8 класе хлопец захапіўся фізікай, пад кіраўніцтвам педагога Мікалая Уладзіміравіча Аніскевіча заняўся даследчай работай. І небезвынікова: у яго – дыплом абласнога конкурсу “Эўрыка”.
Лепшай на вобласці стала біёлага-экалагічная работа адзінаццацікласніцы Ушацкай школы Лізаветы Кулак. Хіміяй і біялогіяй, якія выкладаюць Алена Васільеўна Марозава і Вольга Анатольеўна Жыткая, дзяўчына займаецца на павышаным узроўні, плануе звязаць з імі сваю будучую прафесію.
Самым жа юным прадстаўніком намінацыі “Зоркі навукі” і ўсяго мерапрыемства стаў вучань 4 класа Ушацкай школы Антон Родчанка. Аматар чытання і праграмавання, які вучыцца зараз іграць на балалайцы, на 23-й навукова-практычнай канферэнцыі “Квант” атрымаў дыплом ІІІ ступені. Падрыхтавала хлопчыка Рыта Анатольеўна Бутоўская.
Штогод сузор’е надзей лепшых спартсменаў раёна прадстаўлена навучэнцамі Вялікадолецкай школы, выхаванцамі Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага. У гэтым годзе на спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” каманда з іх ліку, што прадстаўляла гонар нашага раёна, заняла першае месца ў вобласці. Узнагароды з гэтай нагоды атрымалі шасцікласнікі Раман Лабецкі і Яўгенія Сямяхіна, дзесяцікласнік Сяргей Зянюк, чацвёртакласнік Ілья Падворны, пяцікласніца Маргарыта Стрыжонак, васьмікласнік Ігар Лабецкі. На абласной спартакіядзе сярод юнакоў па зімнім мнагабор’і “Абаронца Айчыны” прызёрам стаў вучань 11 класа гэтай жа навучальнай установы Арцём Полазаў. А кампанію яму на пераможным п’едэстале склаў дзесяцікласнік з Ушач Уладзіслаў Байцоў (Віталь Васільевіч Карабань). Прысутныя на мерапрыемстве мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з юнымі спартсменамі, але і віртуальна папрысутнічаць на трэніроўках у Вялікадолецкай школе.
Падчас ушанавання школьнікаў у намінацыі “Зоркі творчасці” на сцэну былі запрошаны мінулагоднія пераможцы абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый: у намінацыі “Фабрыка зорак” – вучаніца 5 класа Ушацкай школы Паліна Салаўёва (Людміла Сямёнаўна Варанько), “Я – аратар” – дзесяцікласніца з Ільюшына Кацярына Халімоненка (Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа), “Міні-тэатр” – вучні 9 класа з Ушач Святаслаў Марковіч, Улада Маісеева, Паліна Сазонава, Ганна Карабань, Валерыя Стуканава і Дзяніс Гайковіч (Вольга Уладзіміраўна Хамянок).
Прызёрамі абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!” сталі пяцікласнікі Ушацкай школы Вікторыя Харак і Яўген Талмачоў. Іх падрыхтавала педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Віктараўна Лапёнак.
Намінанты атрымалі ў гэты дзень грашовыя прэміі, педагогі – кветкі, а бацькі – неперадавальнае пачуццё гонару за дзяцей. Сваімі ўсмешкамі і задорам падчас святочнага канцэрта падзяліліся Соф’я Пугач з Арэхаўскай школы, выхаванцы эстраднага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, творчыя педагогі.
Відэасюжэты з урачыстасці глядзіце на YouTube-канале газеты “Патрыёт”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *