«Растёт» многоэтажка. В Ушачах идёт строительство 40-квартирного дома

Общество

Новыя кватэры – гэта шчаслівыя навасёлы, маладыя сем’і, будучыня краіны. Дзяржава аказвала і працягвае аказваць дапамогу ў гэтай важнай справе. Пасля двухгадовага зацішша ва Ушачах зноў разгарнулася будаўніцтва чарговага шматкватэрнага дома.
У маладым мікрараёне вуліцы Віцебскай зараз узвышаецца вялізны будаўнічы кран, а кожную раніцу сюды спяшаюцца ўшацкія будаўнікі. “Шматпавярхоўка так і напрошвалася ўпісацца на гэтым месцы, тады вуліца будзе выглядаць завершанай! Практычна ўсе гэтыя дамы мы ўзводзілі, прыемна прыкласці руку яшчэ да аднаго,” – выкладваючы чарговы рад цэглы, гавораць Васіль Шарыпа і Сяргей Пяхоўскі, якія будаўнічай справе прысвяцілі не адно дзесяцігоддзе. Зрэшты, на аб’екце зараз шчыруюць як вопытныя працаўнікі, так і маладая змена ПМК-66.
У цяперашні час брыгада муляраў узводзіць сцены першага паверха будучага дома. Будуецца ён па долевым прынцыпе і такім жа, як і папярэдняя шматпавярхоўка праекце – два пад’езды на 40 кватэр. Як расказваюць будаўнікі, адрознівацца яны будуць хіба што знешнім афармленнем.
Ці трэба казаць, як рады пачатку будоўлі будучыя навасёлы – усё яны стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў і ў чаканні ўласных запаветных квадратных метраў пакуль вымушаны здымаць жыллё ці туліцца ў бацькоў.
– Хутка да нас далучацца калегі-шумілінцы і не паспееце азірнуцца, як вырасце новы дом! Тым больш што лета – самы спрыяльны час для будаўніцтва, – кажуць работнікі ПМК-66.
Увесці дом у эксплуатацыю і перадаць ключы навасёлам плануецца да канца гэтага года.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *