Ветеран войны Михаил Степанович Иванов встретил 97-й день рождения. В чём секрет бодрости и долголетия?

Общество

Госці жадалі Міхаілу Сцяпанавічу Іванову толькі здароўя. Усё астатняе ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ёсць: даўгалецце, увага родных і нават “далёкіх” людзей, і галоўнае – бадзёрасць духа. У свой 97-ы дзень нараджэння ён сустракаў гасцей з усмешкай і лёгкім прышчурам мяккіх блакітных вачэй.
– Набліжаюся да старажыла нашай акругі панскага ляснічага Андрэйкі, што пражыў у нас у Навалоках 102 гады, – смяецца гісторык па адукацыі і па прызванні.
Ён ведае калі не ўсё, то больш за ўсіх пра сваю малую радзіму, неаднойчы дзяліўся ўспамінамі пра сялянскі даваенны быт, занатаваў у кнігах і час аднаўлення разбуранай гаспадаркі. І сёння яго рабочы стол у Рагуцкіх закладзены не столькі таблеткамі, колькі літаратурай.
Хаця лекі ён прымае рэгулярна, і калі наведвае фельчар, беспамылкова называе назвы і інтэрвал. Гэта адзін з сакрэтаў падтрымання сябе ў форме. Пра астатнія ж мы і распытвалі ў ветэрана.
– Калі пасля шостага класа браў медыцынскую даведку для лагера, пачуў, як урач сказала: “У гэтага хлопчыка слабае сэрца”. Тады і пачаў актыўна займацца фізкультурай. Не дзеля разрадаў, а менавіта для ўмацавання сябе. І прытрымліваўся распарадку ўсё жыццё.
І зараз, каб рухацца, Міхаіл Сцяпанавіч катэгарычна адмаўляецца ад дапамогі сацыяльных работнікаў, якая ветэрану Вялікай Айчыннай аказвалася б бясплатна. Спраўляецца сам і з дапамогай родных, што прыязджаюць кожны тыдзень. Прыбіраюць, прывозяць прадукты, ваду. Дарэчы, у якасці пітной ветэран выкарыстоўвае толькі крынічную, а для тэхнічных патрэб – з водаправода ці калодзежа. Ёсць у яго і любімыя карысныя прадукты харчавання: у халадзільніку пастаянна свежы вінаград, чырвоная рыба ці ікра. Можа і сто грамаў падняць, аднак ва ўсім ведае меру.
З цікавасцю слухалі пра сакрэты даўгалецця госці, якія 13 чэрвеня, не дамаўляючыся, пад’язджалі і пад’язджалі. Кіраўнік Жарскага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка, родныя, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Хоць і склаў свае паўнамоцтвы Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец, аднак памятае пра асаблівы дзень, завітаў да Міхаіла Сцяпанавіча з жонкай Лідзіяй Міхайлаўнай, бо па жыцці карыстаецца прымаўкай: нішто не цэніцца так дорага і не каштуе так танна, як увага. Менавіта таму свяціліся вочы ветэрана. Доўгіх год Вам, дарагі Міхаіл Сцяпанавіч, у бадзёрасці і ў такім жа светлым розуме.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *