Так хотел ещё раз побывать на «Прорыве». Несколько дней не дожил до 75-летия освобождения Беларуси ветеран войны Сергей Трофимович Клопов

В памяти их имена

“Так хацелася б яшчэ раз пабываць на “Прарыве”… – казаў у час нашай нядаўняй сустрэчы ветэран Вялікай Айчыннай Сяргей Трафімавіч Клопаў. Пагутарыць з гэтым вядомым на Ушаччыне чалавекам, які не толькі ўдзельнічаў у вызваленні родных мясцін, а і ўнёс вялікі ўклад у развіццё раёна, нам пашчасціла ў Дзень Перамогі ў яго доме ў Малых Дольцах. Але ж тады не ведалі, што сваімі ўспамінамі для “раёнкі” ён дзеліцца ў апошні раз: літаральна некалькі дзён не дажыў ветэран да 75-годдзя вызвалення Беларусі.
Усё яго жыццё прайшло ў родных далецкіх мясцінах. У пачатку вайны хлопцу было 15. Добра памятае, як у іх вёсцы з’явіліся немцы: ішлі па вуліцы і стралялі па хатах, а потым абсталявалі ў школе камендатуру. Калі ж у наваколлі з’явіліся партызанскія атрады, дапамагаў народным мсціўцам: вазіў на падводзе ў лес бульбу, салому, а потым і сам далучыўся да змагароў. Шмат нягод давялося перажыць, і калі ў баявых аперацыях пашчасціла ўцалець, то тыф ледзь не забраў хлопца на той свет – сваім выратаваннем ён абавязаны партызанскаму доктару. А вось мама, што засталася ў вёсцы, памерла ў час эпідэміі. На валасок ад гібелі Сяргей быў і ў ноч з 4 на 5 мая, калі партызаны прарываліся з блакаднага кола: зусім побач разарваўся снарад, хлопец жа якраз апынуўся ў невялічкай ямцы – яго засыпала зямлёй, а асколкі праляцелі міма…
“Акалічнасці баёў тата ніколі не прыгадваў, не дзяліўся нават з самымі блізкімі – відаць, цяжка было пра гэта ўспамінаць”, – кажа дачка ветэрана Тамара Сяргееўна. “Вайна не адпускала ўсё жыццё. Ноччу кашмары як пачнуць сніцца…” – прызнаваўся Сяргей Трафімавіч.
Пасля вызвалення Беларусі, як і большасць ушацкіх партызан, ён далучыўся да вайсковых часцей, у складзе гераічнай 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту вызваляў Літву і Усходнюю Прусію. Дзень Перамогі не стаў для нашага земляка заканчэннем армейскага шляху – да 49-га года ён нёс ваенную службу на Далёкім Усходзе і Сахаліне.
Вельмі цяжкімі былі для сям’і Клопавых ваенныя і пасляваенныя гады. З семярымі дзецьмі на руках застаўся пасля смерці маці бацька Сяргея. “У вёсцы казалі пра майго дзядулю Трафіма, што ад голаду ў яго апухалі ногі – былі, як калоды… – расказвае Тамара Сяргееўна. – Калі што ўдавалася здабыць з ежы, ён дзяліў паміж дзеткамі – і ўсіх здолеў выгадаваць…”
Вярнуўшыся з арміі, Сяргей Клопаў актыўна ўключыўся ў аднаўленне гаспадаркі. Амаль чвэрць стагоддзя кіраваў мясцовым калгасам “Новае жыццё”. Пазней быў абраны старшынёй сельсавета. Калі ў яго пыталіся, як удавалася быць паспяховым кіраўніком, адказваў: “Я народную акадэмію прайшоў!”. Ды ўсё ж спецыяльных ведаў не хапала, і калі старшыні калгаса было ўжо за 40, ён паступіў завочна ў Лужаснянскі сельгастэхнікум. “Вечарамі дзеці вучылі школьныя ўрокі, а я рабіў свае заданні, – расказваў нам ветэран. – Памятаю цікавы эпізод: перад экзаменам падышлі маладыя дзяўчаты і мовяць: “Можна сесці каля Вас – мы чулі, што Вы лепш за ўсіх дыктоўкі пішаце!” “Вось дык справа! – кажу ім. – Вы ж школу толькі што скончылі, а я свае сем класаў – яшчэ да вайны!..”
Ён ніколі не ганарыўся сваімі пасадамі і не карыстаўся магчымасцю атрымаць ад іх выгоды, затое заўсёды імкнуўся дапамагчы іншым. Праводзілі Сяргея Трафімавіча ў апошні шлях прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, суседзі і землякі, родныя і блізкія – у Малыя Дольцы прыехалі ўсе дзеці, унукі і праўнукі. Гэта быў чалавек асаблівай загартоўкі і вялікіх здольнасцяў, выдатны сын ушацкай зямлі, які прысвяціў яе росквіту і дабрабыту ўсё жыццё.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Так хотел ещё раз побывать на «Прорыве». Несколько дней не дожил до 75-летия освобождения Беларуси ветеран войны Сергей Трофимович Клопов

  1. Вялікі дзякуў сапраўднаму чалавеку з вялікай літары! На жаль не атрымалася прыехаць на сваю радзіму каб праводзіць у апошні шлях і выказаць павагу сябру майго таты Сяргею Трафімавічу Клопаву. Царства яму нябеснага!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *