На Ушаччыне на ўчарашні дзень было ўбрана 49% зерневых культур.
Час прыспешвае хутчэй сабраць ураджай з палёў, а таму ў чацвер у раён на дапамогу прыбылі чашніцкія аграрыі – чатыры камбайны і адна адзінка адвозкі працуюць на палях ААТ “Ільюшынскі”.

Надвор’е сёлета ніяк не спрыяла працаўнікам віцебскага рэгіёну, жніво распачалося пазней звычайнага, як ніколі часта яго “на паўзу” ставілі моцныя дажджы. На гэтым тыдні на Віцебшчыну прыбылі аграрыі з Магілёўскай і Гродзенскай абласцей, тэхніка размеркавана па раёнах, дзе найменшы працэнт уборкі. Падстаўляюць плячо прыдзвінскія працаўнікі і адзін аднаму. Так, напрыклад, на дапамогу аграрыям Гарадоцкага і Шумілінскага раёнаў адправіліся лёзненцы. У Чашніцкім раёне вышэйшыя тэмпы – убрана каля 90 працэнтаў плошчаў, таму з’явілася магчымасць адправіць адзін атрад на дапамогу да нас: прыехала тэхніка і працаўнікі з ААТ “Вядрэнскае-Агра”, “Праземле-Агра”, “Палац працы-Агра” і КУСГП “Кашчынскае”.
“Ільюшынскаму” такая дапамога вельмі дарэчы: у гаспадарцы ў гэты сезон на палі выйшла пяць камбайнаў, але нядаўна адзін часова “выпаў” са жніва з-за паломкі, на выпраўленне якой патрэбны пэўны час.
Чашніцкія аграрыі, якія прыехалі ў камандзіроўку на Ушаччыну, выдатна ведаюць сваю справу. Напрыклад, для Міхаіла Сопелева (на здымку) з “Палац працы-Агра” сёлетняя ўборачная кампанія юбілейная – механізатар сеў за штурвал камбайна ўжо ў трыццаты раз! Сёлета ў сваім раёне ён ужо паспеў стаць першым тысячнікам. Дарэчы, летась працаўнік таксама прыязджаў у камандзіроўку ў наш раён, дапамагаў убіраць палеткі “Сафійскіх дароў”.
Сяргей Белагрыўцаў, намеснік начальніка райсельгасхарча: “З-за складаных умоў надвор’я тэрміны жніва зацягнуліся. Гаспадаркам раёна трэба яшчэ абмалаціць больш за 2800 гектараў. Каб было менш страт, трэба зараз у самыя сціслыя тэрміны сабраць вырашчаны ўраджай з палёў. Упэўнены, што ўзмоцненай камандай нашы тэмпы паскорацца”.
Больш за 20 сезонаў выходзіць на жніво і Аляксей Падрэз з “Вядрэнскае-агра”. “Прыехалі на дапамогу ўшачанам, бо ўборка ўраджаю – справа агульная і дзяржаўная. На родных палетках, канечне, зручней, але з разуменнем аднесліся да такой неабходнасці”, – зазначыў у размове з намі механізатар.
Чашніцкі дэсант у першы дзень убіраў авёс ля вёскі Вашкова. І калі нашы працаўнікі ўжо і не звяртаюць увагі на крутыя мясцовыя касагоры, то памочнікі з суседняга раёна, праехаўшы пару кругоў, спачатку крыху разгубіліся і адзначалі, што ў іх палі больш роўныя. Авёс, да слова, на гэтым участку даў ураджайнасць больш за 26 цэнтнераў з гектара.
“Нагрузка на камбайн у нас немалая, таму ўдзячны чашніцкім калегам за дапамогу, створым усе ўмовы для бесперабойнай і зладжанай работы”, – падкрэсліў выконваючы абавязкі кіраўніка “Ільюшынскага” Мікіта Завадскі.
Вольга КАМАРКОВА.