За 25 лет службы в МЧС Олегу Северину пришлось пройти через множество чрезвычайных ситуаций

Cлужба-101 Ими гордятся Экономика и малый бизнес

25 год таму выезд на пажар у Баяршчыну, падчас якога абышлося без чалавечых ахвяр, а ў ліку выратаваных аказаўся сабака, стаў баявым хрышчэннем для Алега Віктаравіча Северына. За чвэрць стагоддзя яму давялося прайсці праз мноства надзвычайных сітуацый, але на кожную, як і на першую, ён выязджае з хваляваннем.

Зрэшты, яно імгненна знікае, калі камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 прыбывае да месца здарэння – адбіваецца багаты вопыт. У пошуках работы ў 1994-м ён прыняў прапанову ўліцца ў рады выратавальнікаў і зараз з упэўненасцю кажа, што з выбарам прафесіі не памыліўся. Памятае практычна кожны пажар, як і выратаваных людзей: “Прыязджаем ва Угрынкі, а агонь ужо ахапіў дах дома і вырываецца з акон. Часцей за ўсё людзі задыхаюцца раней, чым пажар будзе заўважаны, таму практычна не было надзеі, што гаспадар, які застаўся ўнутры, жывы, але нам удалося выратаваць яго”. На жаль, не ўсе выпадкі былі са шчаслівым фіналам. Хоць і прайшло шмат гадоў, з сумам успамінае Алег Віктаравіч пажар у гарпасёлку, калі загінула адразу трое дзяцей, а ў Кублішчыне жыццё трох мужчын абарвалася ў дыме пасля застолля.

“Зараз маем магутную тэхніку, сучаснае абсталяванне. А ў пачатку майго працоўнага шляху часам на ЗіЛах было складана дабрацца да месца, не было спецыяльных апаратаў, з якімі мы зараз рушым унутр палаючых пабудоў. Зрэшты, успамінаецца выпадак, калі ў падвале Ленінскай, 19 з-за моцнага задымлення можна было згубіцца і не выйсці. Атрымалася гэта толькі па пажарным рукаве,” – прыгадвае Алег Віктаравіч.

За сваю работу даводзіцца чуць не толькі ўдзячнасці, а і прэтэнзіі: вада хутка скончылася, не так тушыце і самае распаўсюджанае – доўга ехалі. “Асабліва не крыўдую, бо ў стрэсавай сітуацыі людзі нервуюцца і не кантралююць сябе. Было – нават з віламі нас сустракалі. Неяк на выхадны паехаў на радзіму ў Лозы, і ў той дзень там здарыўся пажар. Выклікаў калег, а сам кінуўся на дапамогу. Не паверыце, але ў гэты момант мне здавалася, што яны так доўга едуць! Хаця прыбылі хлопцы аператыўна”, – расказвае Алег Віктаравіч.

Былі ў яго кар’еры і даволі нестандартныя сітуацыі: неяк у Астравенцы мужчына зваліўся ў калодзеж ажно з 17 кольцаў, якія да таго ж былі змешчаны ўбок! Спусціўшыся на такую ўнушальную глыбіню, выратавальнік лавіў пацярпелага за валасы, калі той спрабаваў вынырнуць. І нялёгкая аперацыя скончылася ўдала.

На яго рахунку не толькі выратаваныя чалавечыя жыцці. “Назавём цябе Васілём!” – казаў ён, вызваляючы ў Кублічах маладога лебедзя, які на вадаёме заблытаўся ў лёсцы. А калі няма трывожных выклікаў, як і астатнія калегі, заняты на падтрыманні парадку ў часці, на падрыхтоўцы да залікаў, перыядычна задзейнічаны на работах па аказанні платных паслуг. Такіх за мінулы год А.Северыным зроблена на суму больш за 1,6 тысячы рублёў. Гэта выдаленне аварыйных дрэў, уборка старых дамоў.

“Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?” – гэтыя словы выратавальнік ледзь не на аўтамаце вымаўляе, нават калі ў выхадны звініць мабільны. Пэўны адрэзак у сваёй кар’еры ён выконваў абавязкі дыспетчара і зараз, калі патрэбна, падмяняе іх. Акрамя таго ён часта абараняе гонар аддзела і на спартыўных спаборніцтвах – у прыватнасці, з’яўляецца пастаянным удзельнікам чэмпіянату МНС Віцебскай вобласці па плаванні.

На працы ён смелы і рашучы выратавальнік, а дома – выдатны гаспадар, клапатлівы муж і бацька. Вольны час Алег Віктаравіч любіць праводзіць у акружэнні самых родных людзей – жонкі і дваіх дзяцей.

Неаднаразова А.В.Севярын адзначаўся граматамі розных узроўняў, мае нагрудны знак “Выдатнік” і медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені. А сёлета прозвішча мужчыны занесена на раённую Дошку гонару. Ён жа сціпла адзначае, што яго поспех – зладжаная работа ўсяго калектыву, бо ў адзіночку не справіцца ні з адной надзвычайнай сітуацыяй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *