Сочный сендвич для бурёнок. В КУСХП «Глыбочаны» полным ходом идёт уборка кукурузы

Сельское хозяйство

На палетках “Глыбачан” была месяц таму. І трэба зазначыць, што артыкул са жніва выклікаў неадназначны рэзананс сваёй назвай. Работнікі полацкага камбіната хлебапрадуктаў у літаральным сэнсе ўспрынялі словы маладога механізатара Уладзіміра Тараканава, што вёска без горада не прападзе, а вось наадварот… Мелася на ўвазе шырокае паняцце горада і вёскі, якая спрадвеку корміць усіх. Спецыялістаў Полацкага камбіната хлебапрадуктаў закранула, што быццам не заўважаны іх удзел. Хоць і тады падкрэсліваўся іх важкі ўклад у пасяўную і ўборачную. І зараз дырэктар гаспадаркі Алег Аляксандравіч Ляшчынскі зазначыў, што літаральна нічога не зрабілі б без дапамогі холдынга, а таксама раёна.

– Вось на трамбоўцы ў нас вопытны механізатар Мікалай Сяргеевіч Тараканаў – шэф, пастаяннае месца працы якога – бальніца, як у Ігара Васільевіча Чаркеса – школа. Сяргей Шкодзін прыходзіць да нас на летні час з лясніцтва, Васіль Камовіч, Уладзімір Кішчанка і Артур Новікаў – з камунгаса. Тры адзінкі на адвозцы: МАЗ і два трактары – з Полацкага КХП, як і адзін КВК “Палессе”, якім і здрабняецца кукуруза. Так што самастойна мы б не апрацавалі такую плошчу зямель і не ўбралі ўраджай.

Падзяляць працаўнікоў на сваіх і чужых і не варта. Паколькі робяць адну важкую справу. І літаральна ў кожнай гаспадарцы на дапамогу прыцягваюцца механізатары, якія не проста выдатна ведаюць працэс, а, галоўнае, не астылі ў любові да хлебаробскай працы, не сталі абыякавымі. Як напрыклад, Генадзь Анатольевіч Чыграй, які прыйшоў у гаспадарку, адслужыўшы патрэбны час у аддзеле МНС. Яго намаганнямі адрамантаваны МАЗ, на якім адвозіў зерне, а зараз перавозіцца сілас.

“Такая маса выдатна трамбуецца, – разраўняўшы чарговы пласт, зазначае М.Тараканаў, – не даўгое, не сухое, шчыльна кладзецца. Сэндвіч павінен прыйсціся да спадобы статку”.

І сапраўды, паколькі і без таго самы любімы корм кароў – кукуруза – у сіласнай яме чаргуецца з пажыўнай саломай. Мінус сёлетняга жніва – высокая канюшына, што не дазваляла вымалаціць зерне, абярнуўся плюсам для корманарыхтоўкі: салома на асобных участках, асабліва на аўсах, была практычна сянажнай масай.

У гаспадарцы ўжо нарыхтавана на 2 тысячы тон больш кармоў, чым летась. А ўборка кукурузы толькі распачалася. Царыцай палёў засеяна 200 гектараў, “Палессі” ж са спецыяльным дыскам-здрабняльнікам праехалі толькі па дзясятай частцы. Годная, прыгожая, стаіць яна ля дарог, вось толькі не ўсюды можна заехаць. Зноў кожны ранак у гаспадарцы пачынаецца з разведкі боем: выбару ўчастка, дзе пройдзе тэхніка. Як у жніўні цягалі адзін аднаго камбайны, так у верасні нават пры вострым дэфіцыце жалезных коней, асобны трактар здымаецца з сельгасработ, каб выцягваць загразлыя МАЗы. Сама машына шмат важыць, а яшчэ з двума прычэпамі. Нават за “Беларусам” Кірыла Іотчанкі з Полацкага КХП умяшчаецца 11 тон. Малады чалавек ужо другі тыдзень прыкамандзіраваны ў “Глыбачаны”, а наогул выдатна ведае ўвесь раён, і не толькі наш. Скалясіў Браслаўскі, Міёрскі, Полацкі. Як і Сяргей Гарбылёў. Калі ў каго няма чым убіраць або зламаўся КВК, на дапамогу выязджае ён. І перад тым як трапіць на глыбачанскія землі, убіраў кукурузу ў “Маяку-Ушацкім”. У “Глыбачанах” на хаду і свой кормаўборачны камбайн, і Васіль Камовіч здрабняе не толькі кукурузу, але і валкі, што не прасавалі, а пускалі пад узворванне глебы.

Наогул толькі ў гэтых дзвюх гаспадарках прыступілі да нарыхтоўкі кукурузнага сіласу. І сакавітая даважка дазволіць “Глыбачанам” поўнасцю забяспечыць ужо тысячны статак кармамі. Нават зараз гэта 91,6 працэнта да плана. На ўмоўную галаву жывёлы тут закладзена 18,8 цэнтнера кармавых адзінак, што на 4 больш мінулагодняга, пры тым што павялічылася і колькасць гуртоў. На сёння гэта другі паказчык у раёне, апераджае па забяспечанасці толькі “Дземенец”, дзе ў разы меней жывёлы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *